СЕ́РА (лац. Sulfur),
S, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 16, ат. м. 32,066; адносіцца да халькагенаў. Прыродная С. складаецца з 4 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 32—34 і 36; асн. з’яўляецца 32S (95,02%). У зямной кары 5∙10−2% па масе; трапляецца ў свабодным стане (гл. Сера самародная) і ў выглядзе сульфідных (пірыт, галеніт, кінавар і інш.) і сульфатных (гіпс, барыт, ангідрыт, мірабіліт і інш.) мінералаў. Злучэнні С. ёсць у вуглях, сланцах, нафце, прыродным газе. Адзін з найважн. біягенных элементаў. Вядома з глыбокай старажытнасці.
Неметал. Да т-ры 95,39 °C устойлівая рамбічная мадыфікацыя С. (a-S) — лімонна-жоўтыя крышталі, шчыльн. 2070 кг/м³, tпл 112,8 °C, пры т-ры вышэй за 95,39 °C і да tпл 119,3 °C — манаклінная (β-S) — мядова-жоўтыя крышталі, шчыльн. 1960 кг/м³. Вядомы і інш. мадыфікацыі С., напр., пры рэзкім ахаладжэнні расплаўленай С. атрымліваюць аморфную С. (шчыльн. 1920 кг/м³). Дыэлектрык (шырыня забароненай зоны для α-S 2,6 эВ); цвёрдая С. — дыямагнетык. Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў серавугляродзе, феноле. Пры награванні непасрэдна ўзаемадзейнічае з усімі (акрамя ёду, азоту і інертных газаў) неметаламі (гл. Серы аксіды, Серы фтарыды, Серы хларыды, Серавуглярод, Серавадарод) і металамі (акрамя золата і плаціны) з утварэннем сульфідаў. Ступень акіслення С. ў злучэннях -2, +2, +4, +6. Вядомы шматлікія сераарганічныя злучэнні. Атрымліваюць з самародных руд, а таксама акісленнем серавадароду або аднаўленнем дыаксіду серы. Выкарыстоўваюць пераважна для атрымання сернай к-ты (прыкладна 50% вырабляемай С.), сульфітаў, барацьбы са шкоднікамі с.-г. культур. вулканізацыі гумы, а таксама ў вытв-сці фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў, штучнага валакна, сульфідаў і інш.; уваходзіць у склад галовак запалак (серка), мазей для лячэння скурных хвароб. Пыл С. раздражняе органы дыхання, слізістыя абалонкі; ГДК у паветры 0,07 мг/м³.
т. 14, с. 339