СЕПТАРЫЁЗЫ, белая плямістасць,

хваробы раслін, якія выклікаюцца патагеннымі грыбамі роду септорыя. Пашкоджваюць лісце, радзей сцёблы і плады з утварэннем белых плям (адсюль другая назва) з цёмным абадком. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. шкодзіць збожжавым культурам, памідорам, грушы, парэчкам, агрэсту, маліне.

Развіццю хваробы спрыяе вільготнае надвор’е і т-ра паветра 20—23 °C. На верхнім баку плям развіваюцца пікніды (з пікнаспорамі) грыба ў выглядзе чорных крапінак. Пры С. заўчасна ападае моцна пашкоджанае лісце, расліна аслабляецца, ураджай часам зніжаецца на 30—50%.

Септарыёзы: 1 — грушы; 2 — маліны; 3 — жыта; 4 — пшаніцы (пашкоджаныя: а — зярняўка; б — каласок; в — расліна).

т. 14, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)