СЕРАБАКТЭ́РЫІ,
бактэрыі, якія акісляюць неарган. злучэнні серы і малекулярную серу; звычайна акісляюць серавадарод і інш. злучэнні серы да сернай к-ты. Да С. адносяць шэраг фотааўтатрофных пурпуровых і зялёных, бясколерныя хематрофныя (напр., з роду тыёбацылус), ніткаватыя слізготныя (напр., з роду тыётрыкс), аднаклетачныя формы (напр., з роду тыёбактэрыум) і інш. бактэрыі. Пашыраны ў вадзе, грунтах мораў, азёр, серных крыніц інш. вадаёмаў, якія маюць серавадарод, трапляюцца ў глебе, радовішчах серы і сульфідных мінералаў. Удзельнічаюць у кругавароце серы ў прыродзе і прадухіляюць намнажэнне ў вадзе таксічнага серавадароду. Некат. С. выкарыстоўваюць для вышчалочвання металаў з руды. У выніку ўтварэння сернай к-ты С. бываюць прычынай разбурэння мураваных і бетонных збудаванняў, карозіі металаў, абсталявання ў шахтах і інш.
т. 14, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)