«АРГУМЕНТЫ И ФАКТЫ»,
штотыднёвы інф. бюлетэнь. Выдаецца з 1978 у Маскве на рус. мове. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцця Расіі. Выдае дадаткі, у т. л. з 1993 інфармацыйна-рэкламны дадатак «АіФ на Беларусі».
т. 1, с. 474
АРГУНО́ВЫ,
рускія жывапісцы-партрэтысты. Прыгонныя графаў Шарамецевых. Іван Пятровіч Аргуноў (1729—1802), адзін з пачынальнікаў камернага партрэта ў Расіі. Аўтар парадных партрэтаў, у якіх шырока выкарыстаны прыёмы барока (графіні Талстой, Б.П. і А.П.Шарамецевых, усе 1768; невядомай сялянкі, 1784). Яго вучнямі былі А.Ласенка, К.Галавачэўскі, І.Саблуноў. Мікалай Іванавіч Аргуноў (1771 — пасля 1829), сын і вучань І.П.Аргунова. У 1816 атрымаў вольную. З 1818 акад. Пецярбургскай АМ. Напісаў шэраг партрэтаў, у т. л. прыгоннай актрысы П.І.Кавалёвай-Жамчуговай (1802).
Літ.:
Шарандак Н.П. Иван Аргунов: [Альбом]. Л., 1977.
т. 1, с. 474
АРГУНО́ВЫ,
рускія архітэктары. Прыгонныя графаў Шарамецевых. Фёдар Сямёнавіч Аргуноў (каля 1732 — каля 1768). Прадстаўнік рус. барока. Дваюрадны брат жывапісца І.П.Аргунова. Удзельнічаў у буд-ве палаца Шарамецева ў Пецярбургу (1750—55). Па яго праектах пабудаваны кухонны флігель (1775), павільён «Грот» (1755—75), магчыма, аранжарэя (1761—64) у Кускове (Масква). Павел Іванавіч (каля 1768—1806). Прадстаўнік класіцызму. Сын жывапісца І.П.Аргунова. Удзельнічаў у буд-ве драўлянага палаца-тэатра Шарамецевых у Астанкіне (цяпер у межах Масквы, 1791—98); па яго праектах створаны інтэр’еры.
т. 1, с. 474
АРГУ́НЬ,
рака ў Расійскай Федэрацыі і Кітаі, правая састаўляючая р. Амур. Па Аргуні праходзіць ч. граніцы Расіі з Кітаем. Даўж. 1620 км, пл. бас. 164 тыс. км² Пачынаецца ў гарах В.Хінгана, у Кітаі, пад назвай Хайлар. Цячэ пераважна ў шырокай даліне, бліжэй да вусця даліна звужаецца. Жыўленне пераважна дажджавое. Сярэдні расход вады 340 м³/сек. Ледастаў з канца ліст. да пач. мая. У бас. Аргуні 1,8 тыс. азёраў агульнай пл. 50,9 км². Нерэгулярнае суднаходства ад с. Алочы (428 км). З 2-й пал. 17 ст. па Аргуні ішлі гандл. шляхі з Сібіры ў гарады Усх. Кітая.
т. 1, с. 474
А́РГУСЫ,
агульная назва 2 блізкіх родаў птушак сям. фазанавых атр. курападобных. 2 віды: аргус чубаты (Rheinartia ocellata) жыве ў горных лясах Лаоса, В’етнама і Малакі, занесены ў Чырв. кнігу МСАП; аргус вялікі (Argusianus argus) насяляе сухія лясы паўд. ч. Бірмы, Малакі, Суматры і Калімантана, скрытныя птушкі.
Даўж. самца аргуса вялікага 1,7—2 м (з іх 1,2 м сярэднія рулявыя пёры хваста), самкі — 0,75 м. Афарбоўка рыжавата-шэрая, у самца падоўжаныя другарадныя пёры з буйнымі плямамі ў вочкі. Самка нясе 2 яйцы, наседжвае 25 сут. Добра пераносіць няволю, размнажаецца.
т. 1, с. 474
АРДА́,
1) у цюркскіх і мангольскіх народаў першапачатковая ваенна-адм. арг-цыя або аб’яднанне некалькіх плямёнаў, лагер качэўнікаў; у сярэдневяковых цюрка-манг. феад. дзяржавах сталіца, стаўка хана. Адсюль назва дзяржаў, а таксама саюзаў качавых плямёнаў (напр., Залатая Арда, Крымская Арда).
2) Устарэлы тэрмін, які абазначае першапачатковую форму грамадскай арганізацыі чалавецтва — першабытны статак.
3) У пераносным сэнсе арда — шматлікае неарганізаванае зборышча людзей, натоўп.
т. 1, с. 474
АРДА́ШАЎ Павел Мікалаевіч
(4.12.1865 — пасля 1923),
расійскі гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1889). Праф. Юр’еўскага (з 1901), Кіеўскага (з 1903) і Сімферопальскага (з 1921) ун-таў. З 1923 выкладаў у Віцебскім пед. ін-це. Гал. праца «Правінцыяльная адміністрацыя ў Францыі ў апошнюю пару старога парадку 1774—89. Правінцыяльныя інтэнданты» (т. 1—3, 1900—06) змяшчае нявыдадзеную адм. перапіску, якая асвятляе парадкі ў Францыі напярэдадні рэвалюцыі канца 18 ст.
т. 1, с. 474
АРДА́ШНЯ,
на Беларусі ў 18 — 1-й пал. 19 ст. прадпрыемства па вытв-сці ардашу (вышэйшага гатунку паташу), які выкарыстоўвалі ў вырабе шкла, мыла, сукна, фарбаў, фарфору, пры апрацоўцы скур, адбельванні тканін і інш. На ардашні было 6—9 медных і жал. катлоў, кадкі для драўнянага попелу, з якога выраблялі ардаш; працавалі 9—10 чал. У 1740—80 ардашні найб. пашыраны ў Крычаўскім, Прапойскім, Чачэрскім староствах, Быхаўскім, Копыскім, Любавіцкім графствах, Гродзенскай эканоміі.
т. 1, с. 474
АРДАШЫ́,
вёска ў Беларусі, у Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на Пд ад Смаргоні, 224 ад Гродна, 14 км ад чыг. ст. Багданаў. 263 ж., 99 двароў (1994). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.
т. 1, с. 475
АРДАШЫ́Р I,
Арташыр Папакам (каля 180 — 22.9.239 або 241), заснавальнік і першы цар [224—241] дынастыі Сасанідаў у Іране. Служыў у правіцеля парфянскай крэпасці ў Фарсе. Каля 200 стаў правіцелем гэтай крэпасці, падпарадкаваў гарады Фарс, Керман і Гей (сучасны г. Ісфахан). 28.5.224 пры падтрымцы знаці і жрацоў разбіў войскі парфянскага цара Артабана V, пасля чаго Парфянскае царства перастала існаваць. Стварыў Сасанідаў дзяржаву. У выніку барацьбы Ардашыра з Рымам за Месапатамію і Арменію, войнаў на Усходзе значна пашырыў тэр. дзяржавы.
т. 1, с. 475