Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРБАЛІ́Т

(ад лац. arbor дрэва + ...літ),

лёгкі бетон, сумесь арган. запаўняльнікаў (драблёных адыходаў дрэваапрацоўкі, чароту, кастрыцы, канапель і інш.), вяжучага (звычайна партландцэменту) і вады. Сярэдняя (па аб’ёме) шчыльнасць 400—700 кг/м³. З арбаліту робяць сценавыя блокі, панэлі, пліты і да т.п. для малапавярховага будаўніцтва.

т. 1, с. 457

АРБАРЫЦЫ́ДЫ

[ад лац. arbor дрэва + ...цыд(ы)],

хімічныя рэчывы, якія знішчаюць дрэвавую расліннасць і хмызнякі. Арбарыцыдамі з’яўляюцца эфіры і солі паліхлорзмяшчальных фенаксівоцатнай і амінапікалінавай кіслот. Выкарыстоўваюць арбарыцыды для знішчэння дрэвавай расліннасці на пашах, сенажацях (апырскваюць парасткі, глебу, свежыя пні ці наносяць на кару дрэў), а таксама для хім. падсушвання дрэў на корані. Таксічныя для жывёл і чалавека рэчывы.

т. 1, с. 457

АРБЕ́ЛІ Іосіф Абгаравіч

(20.3.1887, Кутаісі — 2.2.1961),

сав. гісторык-усходазнавец. Акад. АН СССР (1935) і АН Арм. ССР (1943). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1911). У 1914—31 дацэнт, праф. Пецярбургскага ун-та. З 1920 хавальнік фондаў, у 1934—51 дырэктар Эрмітажа. Першы прэзідэнт АН Арм. ССР (1943—47). Асн. даследаванні па каўказазнаўстве, гісторыі сярэдневяковай культуры Б. Усходу.

т. 1, с. 457

АРБЕ́ЛІ Лявон Абгаравіч

(7.7.1882, Ерэван — 9.12.1958),

савецкі фізіёлаг. Акад. АН СССР (1935, чл.-кар. 1932). Акад. АН Арм. ССР (1943). Акад. АМН СССР (1944). Ген.-палкоўнік мед. службы. Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1904). Вучань і супрацоўнік І.П.Паўлава. Працаваў у н.-д. і вышэйшых навуч. установах Пецярбурга, Масквы, У 1936—50 дырэктар Ін-та фізіялогіі, з 1950 Ін-та эвалюц. фізіялогіі АН СССР. У 1942—46 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па адаптацыйна-трафічнай ролі сімпатычнай нерв. сістэмы. Адзін са стваральнікаў сав. школы фізіёлагаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. Прэмія імя І.П.Паўлава АН СССР (1937). Прысуджалася прэмія АН СССР яго імя.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—5. М.; Л., 1961—68.

Літ.:

Лейбсон Л.Г. Л.А.Орбели. Л., 1973.

т. 1, с. 457

АРБЕЛЯ́Н Канстанцін Агапаронавіч

(н. 29.7.1928, г. Армавір Краснадарскага краю),

армянскі кампазітар, дырыжор. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Ерэванскую кансерваторыю (1961). З 1956 маст. кіраўнік Дзярж. эстраднага аркестра Арменіі. Музыцы Арбеляна ўласцівыя яркая вобразнасць, экспрэсія, дынамічнасць, драматызм. Сярод твораў: балет «Бессмяротнасць» (1969), 2 сімфоніі (1961, 1967); сімф. паэма «Зангезур», «Святочная уверцюра» для сімф. аркестра; струнны квартэт; творы для эстр.-сімф. аркестра; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. У песнях Арбеляна нац. мелас арганічна спалучаецца са сродкамі джаза.

т. 1, с. 457

А́РБЕНС ГУСМА́Н (Arbenz Guzmán) Хакоба

(14.9.1913—27.1.1971),

дзярж. і паліт. дзеяч Гватэмалы. У 1945—50 міністр абароны, у 1951—54 прэзідэнт. Урад Арбенса Гусмана праводзіў палітыку абароны нац. інтарэсаў краіны, ажыццявіў шэраг прагрэс. сац.-эканам. рэформаў. Скінуты ў выніку ўзбр. інтэрвенцыі ЗША. У 1957 эмігрыраваў.

т. 1, с. 457

А́РБЕР (Arber) Агнес

(1879—22.3.1960),

англійскі батанік. Чл. Каралеўскага т-ва (з 1946). Скончыла Лонданскі і Кембрыджскі ун-ты. Навук. працы па гісторыі батанікі 15—17 ст., палеабатаніцы голанасенных і марфалогіі пакрытанасенных. Распрацавала тэорыю філома, паводле якой асн. органам вышэйшых раслін з’яўляецца парастак.

Тв.:

Water plants. Cambrige, 1920;

Monocotyledons. Cambrige, 1925;

The Gramineae. Cambrige, 1934;

Herbals. Cambrige, 1938;

The natural philosophy of plant form. Cambrige, 1950.

т. 1, с. 457

А́РБЕР (Arber) Вернер

(н. 3.6.1929, г. Грэнхен, Швейцарыя),

швейцарскі генетык. Скончыў політэхн. школу ў Цюрыху. З 1953 у Жэнеўскім ун-це. Праф. Базельскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні структуры і функцыянавання віруснага геному. Сфармуляваў прынцып штамаспецыфічнай рэстрыкцыі і мадыфікацыі ДНК. Адкрыў (1962) новы клас ферментаў, якія спецыфічна ўзаемадзейнічаюць з ДНК і дзеянне якіх накіравана супраць чужароднай ДНК. Нобелеўская прэмія па фізіялогіі і медыцыне 1978 (разам з Д.Натансам і Г.Смітам).

Літ.:

Лауреаты Нобелевской премии 1978 г. // Природа. 1979. № 1.

т. 1, с. 457

АРБІ́НІ (Orbini) Маўра

(?—1614),

далмацінскі гісторык, родапачынальнік паўднёваслав. гіст. навукі. У кн. «Славянскае царства» (1601, на італьян. мове) спрабаваў даць гісторыю ўсіх слав. народаў, паказаць іх адзінства; прапанаваў тэорыю скандынаўскага паходжання славян, памылкова далучаў да славян многія неслав. народы. У сваім творы змясціў пераклад сербскай хронікі 12 ст.

т. 1, с. 457

АРБІ́ТА ў астраноміі, траекторыя руху нябеснага цела ў касм. прасторы. У найпрасцейшым выпадку прыцягненне двух целаў, адно з іх рухаецца адносна другога паводле Кеплера законаў па кеплеравай (няўзбуранай) арбіце, што мае форму эліпса, у фокусе якога знаходзіцца цэнтр. цела S.

Арбіта цела ляжыць у нязменнай плоскасці, што праходзіць праз пачатак каардынат (цела S). Лінія SN перасячэння плоскасці арбіты з асн. каардынатнай плоскасцю (плоскасцю экліптыкі) наз. лініяй вузлоў. Няўзбураную арбіту вызначаюць элементы: i — нахіл арбіты да плоскасці экліптыкі і Ω — даўгата ўзыходнага вузла (становішча арбіты ў прасторы); aвял. паўвось і e — эксцэнтрысітэт (памеры і форма арбіты); w — вуглавая адлегласць перыцэнтра П ад узыходнага вузла (становішча арбіты ў яе плоскасці); Т — момант праходжання цела праз перыцэнтр. Адхіленні рэальнай арбіты ад кеплеравай наз. ўзбурэннямі (гл. Узбурэнні нябесных целаў). Для вызначэння элементаў узбурэнняў арбіце неабходны сістэматычныя назіранні (астраметрыя, радыёлакацыя, аптычная лакацыя).

т. 1, с. 457