мінерал падкласа ванадатаў, водны ванадат калію і урану, K2(UO2)2[VO4]2∙3H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Структура субслаістая. Звычайна зямлістыя масы, зярністыя і парашкаватыя агрэгаты. Колер жоўты да зеленавата-жоўтага. Бляск цьмяны да зямлістага. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 5 г/см³. Моцна радыеактыўны. Другасны мінерал, утвараецца ў зоне акіслення асадкавых радовішчаў. Руда ўрану, радыю, ванадыю.
КАРНА́Ч (Пётр Аляксеевіч) (1.5.1932, в. Клінок Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 25.8.1996),
бел. мастацтвазнавец, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1967). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1955). З 1961 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследаваў пытанні тэорыі і практыкі тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва. Аўтар тэксту і складальнік альбома «Мастацтва беларускіх дэкаратараў» (1989), манаграфій пра бел. мастакоў: «С.Ф.Нікалаеў» (1970), «П.В.Масленікаў» (1973), «Я.Чамадураў» (1984) і інш., артыкулаў для «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 8—9, 1977—82), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 3—6, 1989—94). Працаваў у пейзажным жывапісе: «Лагойскі матыў» (1975), «Сонечны дзень» (1980), «Зімовы пейзаж» (1981), «Напрадвесні» (1988). Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Дэкарацыйнае мастацтва музычнага тэатра БССР. Мн., 1973.
КАРНА́Ч (Сцяпан Андрэевіч) (10.11.1918, в. Клінок Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 6.2.1991),
Герой Сав. Саюза (1944). Ген.-м. авіяцыі (1957). Скончыў Мінскі аэраклуб (1938), Адэскую ваен.авіяц. школу лётчыкаў (1940), Вышэйшыя лётна-тактычныя курсы (1949), Ваен. акадэмію Генштаба (1958). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял.Айч. вайну з 22.6.1941 на Паўд., Крымскім, Закаўказскім, Варонежскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах: камандзір звяна, эскадрыллі, штурман палка, нам. камандзіра, камандзір знішчальнага авіяпалка. Удзельнік абароны Севастопаля, баёў у Крыме, на Каўказе, Белгарадска-Харкаўскай аперацыі, баёў на Украіне, у Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі, штурму Берліна. Зрабіў 346 баявых вылетаў, удзельнічаў у 84 паветр. баях, збіў 16 варожых самалётаў. Да 1973 у Сав. Арміі.
КАРНАЧО́НАК (Мікалай Аляксандравіч) (1922, в. Баркі 1-я Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 22.9.1942),
Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў аэраклуб у Оршы і Адэскую ваен.авіяц. школу лётчыкаў (1941). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах. і Сталінградскім франтах. Камандзір звяна знішчальнага авіяпалка лейтэнант К. зрабіў 349 баявых вылетаў, збіў 10 варожых самалётаў. Загінуў у баі. На тэр. Аршанскага мясакансервавага камбіната, дзе ён працаваў да вайны, К. пастаўлены бюст.
КАРНЕ́ГІ ((Carnegie) Дэйл) (1888, г. Мэрывіл, ЗША — 1955),
амерыканскі псіхолаг, спецыяліст у галіне міжасобасных адносін. Скончыў Пед. каледж ва Уорэнсбергу (1907), вучыўся ў Амер. акадэміі тэатр. мастацтва (Нью-Йорк). З 1912 выступаў з лекцыямі аб гарманічным жыцці, узаемаадносінах паміж людзьмі, уменні даходліва выказваць свае думкі; атрымаў вял. папулярнасць. Стварыў комплексную сістэму навучання дарослых, якая ўключала практыку публічных выступленняў, мастацтва пераканання, вырашэння праблем і прыкладную псіхалогію. Аўтар кніг, напісаных у жанры рэкамендацый і павучанняў.
Тв.:
Рус.пер. — Как завоевывать друзей и оказывать влияние на людей. М., 1989;
Как перестать беспокоиться и начать жить. М., 1990.
КАРНЕ́ЕВА (Ніна Аляксееўна) (н. 23.7.1920, г. Рцішчава Саратаўскай вобл., Расія),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыла тэатр. студыю Маск. камернага т-ра (1946). Працавала ў т-рах Тулы, Масквы, Алматы. З 1957 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Выканаўца вострахарактарных, камед. роляў. Творчасць вызначаецца глыбокім раскрыццём унутр. свету гераінь, імкненнем да яркай сцэн. формы. Сярод роляў: Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), княгіня Вольга [«Гора і слава» («Русь Кіеўская») А.Петрашкевіча], Мігачова («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.Горкага), Мар’я («Любоў Яравая» К.Транёва), Жанна («Чаму ўсміхаліся зоркі» К.Карнейчука), Заначаалава («Кафедра» В.Урублеўскай), Нуйкіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана) і інш.
КАРНЕ́ЕНКА (Уладзімір Якаўлевіч) (15.7.1924, в. Губіншчына Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.5.1996),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1943. Камандзір кулямётнага разліку ст. сяржант К. 28.2.1944 каля в. Янава Быхаўскага р-на знішчыў кулямёт і каля 20 гітлераўцаў, паранены, працягваў бой; у ліп. 1944 у баі на тэр. Смалявіцкага р-на прабраўся з разлікам у тыл праціўніка, агнём пасеяў паніку, што дапамагло сав. падраздзяленням прарваць варожыя пазіцыі; у студз. 1945 на тэр. Польшчы ўдзельнічаў у адбіцці 5 варожых контратак. У 1945—79 на сав. рабоце на Магілёўшчыне.
дзяржаўны дзеяч Расіі. У 1768—82 служыў у казацкім войску, потым дырэктар эканоміі Курскай губ., віцэ-губернатар Арлоўскай губ. З 8.1.1797 да 1806 мінскі губернатар. Курыраваў стварэнне Атласа і Тапаграфічнага апісання Мінскай губ., выказваўся супраць прымусовага пераводу уніятаў у праваслаўе. З 1808 сенатар, з 1810 чл. Дзяржсавета, з 1814 віцэ-прэзідэнт Пецярбургскага біблейскага т-ва. У 1817—22 папячыцель Харкаўскага ун-та. Аўтар шэрагу багаслоўскіх павучанняў.
КАРНЕ́ЛІУС ((Cornelius) Петэр фон) (23.9.1783, г. Дзюсельдорф, Германія — 6.3.1867),
нямецкі жывапісец, прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў АМ у Дзюсельдорфе (у 1795—1809). У 1811—19 уваходзіў у групоўку назарэйцаў у Рыме. З 1821 дырэктар дзюсельдорфскай, з 1825 — мюнхенскай, з 1841 — берлінскай АМ. Пісаў у лінейна-графічнай манеры напоўненыя патэтыкай фрэскі, у якіх адлюстроўваў тэмы ант. і сярэдневяковай гісторыі, біблейскія сцэны, алегарычныя выявы (фрэскі ў доме Бартольдзі ў Рыме, 1816—18; у гліптатэцы, 1820—30, і ў царкве св. Людвіга, 1829—40, у Мюнхене і інш.). Зрабіў ілюстрацыі да «Фаўста» І.В.Гётэ (1816) і інш.
КАРНЕ́ЛЬ ((Corneille) П’ер) (6.6.1606, г. Руан, Францыя — 1.10.1684),
французскі драматург, найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму. Чл.Франц. акадэміі (з 1647). Літ. дзейнасць пачаў з вершаў (зб. «Паэтычная сумесь», 1632). Першая спроба ў жанры камедыі — «Меліта» (паст. 1629), у жанры трагедыі — «Медэя» (паст. 1635). Пасля пастаноўкі трагедыі «Сід» (1637), якая прадэманстравала складанасць духоўнага свету чалавека, прыярытэт розуму, свядомасці і стала ўзорным творам класіцызму, эталонам прыгожага ў франц. культуры, К. пачалі называць «Вялікі Карнель». Аўтар трагедый «першай манеры» («Гарацый», паст. 1640; «Цына», паст. 1640—41; «Паліеўкт», паст. 1641—42), для якіх характэрны раўнавага асабістага і грамадзянскага, агульначалавечага і патрыятычнага, вытрыманасць у эстэт. законах класіцызму. У трагедыях «другой манеры» («Радагуна», паст. 1644—45; «Іраклій», паст. 1646; «Нікамед», паст. 1651; «Пертарыт», паст. 1651) акцэнт зроблены на асабістым пачатку, больш складанай стала інтрыга, з’явіўся матыў антаганістычнасці інтарэсаў асобы і дзяржавы, узмацніўся момант ірацыянальнасці, што сведчыла пра ўплыў барока. Трагедыям «трэцяй манеры» («Эдып», паст. 1659; «Серторый», паст. 1662; «Сафанісба», паст. 1663; «Агон», паст. 1664; «Атыла»; паст. 1667; «Ціт і Берэніка», паст. 1670) уласцівы рэзкі крэн у бок дзяржаўнага, ператварэнне героя ў «функцыю» грамадства, што і абумовіла заняпад творчасці К. і правал трагедыі «Сурэна» (паст. 1674).
Тв.:
Рус.пер. — Театр. Т. 1—2. М., 1984;
Избр. трагедии. М., 1956.
Літ.:
Адан А. Театр Корнеля и Расина // Театр французского классицизма: Пер. с фр.М., 1970;
Кржевский Б.А. Театр Корнеля и Расина // Кржевский Б.А. Статьи о зарубежной литературе. М.; Л., 1960;
Обломиевский Д.Д. Французский классицизм. М., 1968.