Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЛЬЦЫ́Т [ад лац. calx (calcis) паленая вапна],

вапнавы шпат, мінерал класа карбанатаў, карбанат кальцыю, CaCO3 Гал. пародаўтваральны мінерал мелу, вапняку, мармуру; часта змяшчае прымесі магнію, жалеза, марганцу. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, ромбаэдрычныя, пласціністыя і інш. Агрэгаты зярністыя, сталактытападобныя, зямлістыя, валакністыя. Бясколерны ці белы, прымесямі можа быць афарбаваны ў розныя колеры. Бляск шляпы. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 2,7—2,8 г/см³. Крохкі. Разнавіднасці: ісландскі шпат, антраканіт — чорны К. Паходжанне — арганічнае, хім. асаджэнне ў вадаёмах, гідратэрмальнае, метамарфічнае. Выкарыстоўваецца для вытв-сці партландцэменту, вапнавання глеб, як флюс пры выплаўцы жалеза і інш. металаў, у буд-ве і інш. На Беларусі трапляецца па ўсім разрэзе асадкавага чахла.

У.Я.Бардон.

Кальцыт.

т. 7, с. 493

КА́ЛЬЦЫЮ АКСІ́Д,

злучэнне кальцыю з кіслародам, CaO. Бясколерныя крышталі, tпл 2672 °C, шчыльн. 3370 кг/м³. Тэхн. прадукт — белае сітаватае рэчыва наз. нягашаная вапна ці кіпелка. Энергічна, з вылучэннем вял, колькасці цяпла ўзаемадзейнічае з вадой, утварае кальцыю гідраксід. Тэхн. атрымліваюць, абпальваннем вапняку пры 900—1000 °C, асабліва чысты — раскладаннем нітрату кальцыю. Выкарыстоўваюць як аснову вяжучага матэрыялу ў буд-ве, для атрымання соды, хлорнай вапны, карбіду і інш. злучэнняў кальцыю, як флюс у металургіі.

т. 7, с. 494

КА́ЛЬЦЫЮ ГІДРАКСІ́Д,

моцная аснова, Ca(OH)2. Бясколерныя крышталі, шчыльн. 2340 кг/м³, пры награванні раскладаюцца на кальцыю аксід CaO і ваду. У прыродзе мінерал партландыт. Тэхн. прадукт — белы высокадысперсны парашок наз. гашаная вапна ці пушонка. Дрэнна раствараецца ў вадзе. Водны раствор наз. вапнавая вада, суспензія — вапнавае малако. Паглынае вуглякіслы газ з паветра, узаемадзейнічае з к-тамі з утварэннем солей. Атрымліваюць гашэннем вапны — узаемадзеяннем CaO з малой колькасцю вады ці яе пары. Выкарыстоўваюць у буд-ве, вытв-сці шкла, цукру, для змякчэння вады, раскіслення глебы, атрымання солей кальцыю і інш.

т. 7, с. 494

КА́ЛЬЦЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць кальцый. Найб. пашыраны кальцыю аксід, кальцыю гідраксід, кальцыю карбід, солі неарган. кіслот. Солі — бясколерныя крышт. рэчывы, многія добра раствараюцца ў вадзе, амаль усе ўтвараюць крышталегідраты.

Кальцыю гіпахларыт Ca(OCl)2 пры т-ры >50 °C раскладаецца з вылучэннем актыўнага хлору (гл. Хлорная вапна). Выкарыстоўваюць для адбельвання тканін і паперы, дэзінфекцыі пітных і сцёкавых вод, дэгазацыі атрутных рэчываў. Кальцыю карбанат CaCO3 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе ўтварае мінералы кальцыт і араганіт. Мінералы выкарыстоўваюць для атрымання вапны, як буд. матэрыялы (вапняк, мармур), сінт. — як напаўняльнік паперы, гумы. Кальцыю нітрат Ca(NO3) і тэтрагідрат Ca(NO3)2-4H2O, ці кальцыевую салетру, выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне. Кальцыю ортафасфаты — солі артафосфарнай к-ты H3PO4 ортафасфат, ці трыкальцыйфасфат Ca3(PO4)2; уваходзіць у склад мінералаў фасфарыту і апатыту; гідраортафасфат CaHPO4; дыгідраортафасфат Ca(H2PO4)2 Выкарыстоўваюць як фосфарныя ўгнаенні, мінер. падкормку для жывёлы і птушак, кампанент зубных пастаў і парашкоў, керамікі, шкла і інш. Кальцыю сульфат CaSO4. У прыродзе мінерал ангідрыт. Дыгідрат CaSO4-2H2O — гіпс, алебастр. Прыродны выкарыстоўваюць у вытв-сці вяжучых рэчываў, штучныя легіраваныя крышталі — як тэрмалюмінесцэнтны матэрыял. Кальцыю фтарыд CaF2 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе мінерал флюарыт. Выкарыстоўваюць як кампанент металургічных флюсаў, спец. шкла, керамікі, аптычных і лазерных матэрыялаў. Таксічны, ГДК 2 мг/м³. Кальцыю хларыд CaCl2 вельмі гіграскапічны. Водныя растворы замярзаюць пры нізкіх т-рах, напр. 30%-ны пры -48 °C. Выкарыстоўваюць для высушвання газаў і вадкасцей, водны раствор як холадагент і антыфрыз, лек. сродак пры алергічных захворваннях і інш. Кальцыю цыянамід CaCN2 выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне, дэфаліянт, гербіцыд, для атрымання цыянідаў, мачавіны і інш. Таксічны: у арганізме ператвараецца ў цыянамід NH2CN.

А.П.Чарнякова.

т. 7, с. 494

КА́ЛЬЦЫЮ КАРБІ́Д,

злучэнне кальцыю з вугляродам, CaC2. Цвёрдае рэчыва, хімічна чысты — бясколерны, tпл2160 °C, шчыльн. 2200 кг/м³. Тэхнічны К. к. мае колер ад светла-бурага да чорнага. Бурна ўзаемадзейнічае з вадой з вылучэннем ацэтылену. Атрымліваюць аднаўленнем нягашанай вапны вугляродам у дугавых пячах. Выкарыстоўваюць для атрымання ацэтылену, цыянаміду кальцыю, аднаўлення шчолачных металаў.

т. 7, с. 494

КАЛЬЧА́К,

група з трох ці больш кольцападобна размешчаных лістоў, галін, кветак, частак кветкі і інш. органаў раслін, якія адыходзяць на адным узроўні ад восевага органа. Напр., рудыментарнае лісце хвашчу, сабранае вакол сучляненняў сцябла; лісце расянкі ў прыкаранёвай разетцы, кветкі шышняку.

т. 7, с. 494

КАЛЬЧАЦЫ́,

гл. Кольчатыя чэрві.

т. 7, с. 494

КАЛЬЧУ́ГА,

від засцерагальнага ўзбраення, ахоўнае адзенне з жал. кольцаў, прасунутых адно ў адно. Мела выгляд кашулі з доўгімі ці кароткімі рукавамі, маса 5—7 кг. Вынайдзена прыкладна ў 5 ст. да н.э. кельтамі (галамі), хутка пашырылася на У і 3 Еўропы, у Азіі. На Беларусі выкарыстоўвалася ў 10—18 ст. Цэлая К. знойдзена на гарадзішчы Оршы (захоўваецца ў Дзярж. гіст. музеі ў Маскве), абрыўкі кальчужнага палатна — пры археал. раскопках Брэста, Гродна, Навагрудка, Полацка, Слуцка і інш. Некалькі К. 17 ст. з двайным пляценнем зберагаюцца ў Віцебскім абл. краязнаўчым музеі.

Да арт. Кальчуга. Усходнеславянскі княжацкі дружыннік 10—11 ст.

т. 7, с. 494

КАЛЬЧУ́НЫ,

вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ашмяны — в. Клявіца. Цэнтр сельсавета. За 7 км на ПдЗ ад горада і 24 км ад чыг. ст. Ашмяны, 227 км ад Гродна. 775 ж., 300 двароў (1997). Торфабрыкетны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 7, с. 494

КАЛЬЯ́О (Callao),

горад у Перу, на ўзбярэжжы Ціхага ак. За 14 км ад Лімы, з якой практычна зліўся. У адм. адносінах утварае правінцыю пл. 73,8 км². Засн. ў 1537. 684,1 тыс. ж. (1993). Гал. рыбалоўны і знешнегандл. порт (каля 75% імпарту і 25% экспарту). Буйны прамысл. і культ. цэнтр. Прам-сць: каляровая металургія, тэкст., хім., рыбаперапр., суднабуд. (рыбалоўныя судны). Нац. тэхн. ун-т. Ваенна-гіст. музей.

т. 7, с. 495