Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРА́ЎХА (Araujo) Лойпа

(н. 27.5.1941, Гавана),

кубінская артыстка балета. Пасля заканчэння школы пры трупе «Балет Алісіі Алонса» (1956) артыстка трупы, з 1966 і 1978 вядучая салістка Нац. балета Кубы, у 1974—77 — Марсельскага балета пад кіраўніцтвам Р.Пці. Сярод партый: Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Вівета («Арлезіянка» на муз. Ж.Бізэ) і інш. Лаўрэат міжнар. конкурсаў балета ў Варне (1965), Маскве (1965), Парыжы (1970).

т. 1, с. 454

АРАФА́Т Ясір

(н. 4.8.1929, г. Іерусалім),

лідэр нац.-вызв. руху Палесціны, старшыня (з 1969) Выканкома Арганізацыі вызвалення Палесціны (АВП). Скончыў Каірскі ун-т (1955). Адзін з заснавальнікаў (1956) і кіраўнікоў (з 1965) палесцінскай арг-цыі аль Фатах, вярх. галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Палесцінскага руху супраціўлення (з 1970). У сак. 1989 прызначаны Выканкомам АВП прэзідэнтам Дзяржавы Палесціна, абвешчанай на сесіі Нац. савета Палесціны (парламент у выгнанні) у ліст. 1988 у г. Алжыр. У 1993 падпісаў ізраільска-палесцінскае пагадненне аб узаемапрызнанні АВП і Ізраіля і аўтаноміі Палесціны. Нобелеўская прэмія міру (1994, з І.Рабінам і Ш.Перасам).

т. 1, с. 455

АРАФУ́РСКАЕ МО́РА

(англ. Arafura Sea),

у Індыйскім ак., паміж Аўстраліяй, Новай Гвінеяй і а-вамі Танімбар і Кай (Інданезія). Пл. 1017 тыс. км². Сярэдняя глыб. каля 200 м, найб. 3680 м. Утварае вялікі зал. Карпентарыя. У паўн. частцы Арафурскага мора — а-вы Ару і інш. Клімат субэкватарыяльны. Сярэдняя т-ра вады ад 25 да 28 °C. Салёнасць 34—35°/оо. Прылівы паўсутачныя, выш. 2,5—7,5 м. Здабыча жэмчугу, лоўля крабаў. Порт Дарвін (Аўстралія).

т. 1, с. 455

АРАХІДО́НАВАЯ КІСЛАТА́,

вітамін FCH3(CH2)4 (CH=CHCH2)4 (CH2)2 CO-OH, ненасычаная вышэйшая кіслата. Прысутнічае ў раслінных алеях, у складзе ліпідаў жывёльных тканак (у фосфаліпідах наднырачнікаў каля 20% ад тлустых к-т). Бясколерная, масляністая вадкасць; малекулярная маса 304,46; tпл 49,5 °C; лёгка акісляецца кіслародам паветра. Належыць да незаменных карбонавых тлустых к-т. Разам з гома-γ-ліналенавай к-той з’яўляецца першаснай крыніцай простагландзінаў.

т. 1, с. 455

АРА́ХІС

(Arachis),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 30 відаў у тропіках Паўд. Амерыкі. Як харч. і алейная расліна пашырана ў трапічным, субтрапічным і менш ва ўмераным паясах. Культывуецца арахіс культурны, або земляны (кітайскі) арэх (A. hypogaea). На Беларусі ёсць у калекцыі Цэнтр. бат. сада АН, вырошчваецца аматарамі.

Аднагадовая травяністая расліна выш. 25—75 см. Сцябло прамастойнае або распасцёртае па зямлі. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі жоўта-аранжавыя, верхнія бясплодныя, ніжнія пладаносныя, клейстагамныя. Пасля апладнення кветаножка з завяззю пачынае расці, апускаецца да зямлі і заглыбляецца ў глебу, дзе выспявае плод — цыліндрычны або коканападобны струк з сеткаватай паверхняй і 1—7 зярнятамі, багатымі бялком (да 22%), алеем (да 42%), вугляводамі (да 13%) і вітамінам B1; мае ў сабе алкалоід арахін. Зярняты выкарыстоўваюцца на алей, кандытарскія вырабы, спажываюцца свежыя і падсмажаныя. З макухі робяць халву. Надземная маса — корм для жывёлы і сідэрат.

т. 1, с. 455

АРА́ХІСАВЫ АЛЕ́Й,

алей з землянога арэха (арахісу). Вадкасць бясколерная ці зеленавата-жоўтага колеру, t застывання ад 3 па -5 °C, шчыльн. 0,91 — 0,92 10​3 кг/м³, не раствараецца ў вадзе; невысыхальны. Мае 13—23% насычаных кіслот (C14—C24), 39—70% алеінавай і 13—38% лінолевай кіслот. Выкарыстоўваецца як самастойны харч. прадукт і ў вытв-сці маянэзаў, маргарыну, мыла, мед. мазяў.

т. 1, с. 455

АРА́ХНА,

у грэчаскай міфалогіі лідыйская дзяўчына-рукадзельніца, мастацтвам якой захапляліся німфы р. Пактола. На спаборніцтва ў ткацтве яна выклікала Афіну, але тая ператварыла Арахну ў павука, які няспынна тчэ сваю павуціну. Гэты сюжэт выкарыстаны ў карцінах П.Рубенса, Я.Тынтарэта, П.Веранезе і інш.

т. 1, с. 455

АРАХНАІДЫ́Т

(ад грэч. arachnē павук, павуціна + eidēs падобны + ...im),

запаленне мяккіх мазгавых абалонак (пераважна павуціннай) галаўнога або спіннога мозга чалавека. Узнікае як ускладненне інфекц. хвароб (грып, вострыя рэспіраторныя, пнеўманія, адзёр і інш.), ачагоў факальнай інфекцыі, пры інтаксікацыі, чэрапнамазгавых траўмах. Прыкметы арахнаідыту галаўнога мозга (цэрабральны арахнаідыт): галаўны боль з млоснасцю, ірвотай, галавакружэнне, сутаргі, зніжэнне памяці, хуткая стамляльнасць, вегетатыўныя расстройствы, аднабаковае зніжэнне слыху з парэзам мімічнай мускулатуры на тым жа баку, хутка прагрэсіруючае зніжэнне зроку (да слепаты); выяўляюцца лёгкія або сярэдне выражаныя ачаговыя прыкметы пашкоджання галаўнога мозга. Пры арахнаідыце спіннога мозга (спінальным арахнаідыце) пашкоджваюцца нерв. карэньчыкі, інш. раз рэчывы спіннога мозга. Узнікаюць апяразвальныя болі ў вобласці тулава, якія аддаюць у адну ці абедзве нагі, слабасць у нагах. Лячэнне ўключае санацыю ачагоў факальнай інфекцыі, процізапаленчыя, дэсенсібілізоўныя, рассысальныя, агульнаўмацавальныя, седатыўныя сродкі; пры паказаннях зніжаюць унутрычарапны ціск; у некаторых выпадках робяць хірург. аперацыі. Пры своечасовым лячэнні арахнаідыт праходзіць.

Г.Г.Шанько.

т. 1, с. 455

АРАХНАЛО́ГІЯ

(ад грэч. arachnē павук + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае павукападобных. Вылучылася ў самастойную дысцыпліну ў сувязі з вял. пашырэннем павукападобных у свеце, стратамі, якія яны наносяць сельскай гаспадарцы, а таксама з небяспечнасцю для здароўя чалавека і жывёл ядавітых павукападобных, розных відаў кляшчоў — узбуджальнікаў і пераносчыкаў хвароб. Распрацоўка тэарэт. асноў арахналогіі звязана з імёнамі рус. вучоных М.А.Халадкоўскага, Я.М.Паўлоўскага, А.А.Бялыніцкага-Бірулі, У.М.Беклямішава. На Беларусі развіваецца з 1920-х г.; найб. ўвага аддаецца вывучэнню кляшчоў (гл. Акаралогія). Навукова-даследчая работа вядзецца ў ін-тах АН Беларусі (заалогіі, лесу), НДІ эксперым. ветэрынарыі, эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, ВНУ. Вывучаюцца відавы склад, экалогія і ўплыў антрапагенных фактараў на згуртаванне павукападобных. Распрацоўваюцца практычныя мерапрыемствы па ахове чалавека, жывёл і раслін ад шкодных павукападобных і выкарыстанні карысных відаў.

І.У.Рачкоўская.

т. 1, с. 455

АРАХНО́ЗЫ

[ад грэч. arachnē павук + ...оз(ы)],

хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца ядавітымі і паразітычнымі павукападобнымі (пераважна кляшчамі). З ядавітых павукоў асабліва небяспечныя тарантул, каракурт; сярод арахнозаў, якія выклікаюцца кляшчамі (акарозаў), шырока вядомы кароста, многія дэрматозы. Асабліва цяжка хварэюць маладыя і знясіленыя жывёлы.

т. 1, с. 455