Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БРА́ТАЎКА (Melampyrum),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найчасцей трапляюцца братаўка дуброўная, або Іван-ды-Мар’я (M. nemorosum), братаўка польская (M. polonicum) і братаўка лугавая (M. pratense); растуць у лясах, хмызняках, на палянах, лугах і балотах. Больш рэдкія віды: братаўка грабеньчатая (M. cristatum), трапляецца на поймавых лугах і ў хмызняках; братаўка лясная (M. sylvaticum) — у лясах пераважна ў паўн. і зах. раёнах; братаўка палявая (M. arvense) — рэдкая занесеная расліна, расце каля дарог і на палях.

Аднагадовыя травяністыя паўпаразітныя расліны з прамастойным простым або разгалінаваным сцяблом і слаба развітым коранем, на якім размешчаны гаўсторыі. Лісце супраціўнае ці амаль супраціўнае, ад лінейнага да лінейна-яйцападобнага, суцэльнае і суцэльнакрайняе. Кветкі жоўтыя, ружовыя або белаватыя, размешчаны па адной у пазухах буйных лістападобных, часта ярка афарбаваных прыкветкаў, сабраны ў канцавыя гронка- ці коласападобныя суквецці. Плод — сціснутая з бакоў каробачка з 2 створкамі. Дэкар., лек., меданосныя і ядавітыя (насенне мае ядавітыя алкалоіды і гліказід рынанцін) расліны; некаторыя віды — пустазелле.

Братаўка: 1 — лугавая; 2 — дуброўная.

т. 3, с. 249

БРА́ТАЎНА,

возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 34 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,35 км², даўж. 1,32 км, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі 3,4 км. Пл. вадазбору 12,45 км².

Схілы катлавіны выш. 10—15, пясчаныя і супясчаныя, пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя пад хмызняком, на З месцамі сплавінныя. Дно плоскае. У возера ўпадаюць 5 ручаёў, на У выцякае ручай з воз. Жадунь.

т. 3, с. 249

БРА́ТКАВА,

вёска ў Беларусі, у Капыльскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПдЗ ад г. Капыль, 140 км ад Мінска, 13 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 353 ж., 139 двароў (1995). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 3, с. 250

БРА́ТКІ,

гл. ў арт. Фіялка.

т. 3, с. 250

БРА́ТНІ САЮ́З ЛІТО́ЎСКАЙ МО́ЛАДЗІ, Саюз літоўскай моладзі, Саюз свабодных братоў,

тайнае т-ва, якое існавала на Беларусі і Літве ў 1846—49. Засн. ў Вільні братамі Ф. і А.​Далеўскімі. Напачатку саюз выступаў за яднанне вучнёўскай моладзі на ўзор філаматаў і філарэтаў, за адраджэнне маралі і духоўнасці грамадства, усталяванне справядлівасці, паляпшэнне становішча сялян, гар. беднаты і г.д. У 1848 пасля ўступлення ў саюз разначынцаў, аднадворцаў, дробнай шляхты, рамеснікаў і пад уплывам рэвалюцый у Зах. Еўропе яго праграма набыла больш радыкальны характар. На 5.4.1849 было прызначана антыўрадавае паўстанне, для чаго вялася рэв. агітацыя (у т. л. і сярод салдат) у Бабруйску, Гродне, Лідзе, Мінску, Навагрудку, Слоніме, рыхтавалася зброя. Аднак 27 сак. пачаліся арышты, да следства прыцягнута каля 200 чал. Кіраўнікі і найб. актыўныя чл. саюза засуджаны да пакарання смерцю (заменена катаргай ад 10 да 15 гадоў), астатнія — да розных тэрмінаў катаргі або аддадзены ў салдаты. Многія чл. саюза ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.

Н.​М.​Махнач.

т. 3, с. 250

БРА́ТЧЫКАЎ (Генадзь Іванавіч) (10.3.1914, в. Міхееўка Кудымкарскага р-на Пермскай вобл., Расія — 10.12.1944),

удзельнік партыз. руху на Украіне і Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваен. школу сувязі (1936). У сак. 1943 на чале групы разведчыкаў закінуты ў тыл ворага, дзейнічаў у раёне Гомеля, Чарнігава, Шчорса, Ноўгарада-Северскага, са снеж. 1943 у Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозе, Ружанах; група перадала ў штаб 1-га Бел. фронту больш за 450 данясенняў. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.

т. 3, с. 250

БРА́ТЧЫНА,

1) грамадская трапеза членаў правасл. брацтваў, якія існавалі на Беларусі ў 16—18 ст. Наладжвалася ў складчыну членамі брацтва (братчыкамі) у асобныя святочныя дні.

2) Калектыўнае частаванне ў складчыну ў час святкавання сялянамі грамадскай свечкі, якую рабілі з воску, сабранага ўсімі абшчыннікамі. Свечку ставілі ў кадушку з жытам, спявалі песні з пажаданнем добрага ўраджаю, дастатку ў гаспадарцы. Хрысціянства прымеркавала братчыну да дня зімовага Міколы (6 снежня ст. ст.), які нібыта садзейнічаў добраму ўраджаю. Звычай братчыны ў бел. вёсцы бытаваў да канца 19 ст.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 3, с. 250

Братэйн Уолтэр Хаўзер

т. 18, кн. 1, с. 354

БРА́ЎДЭ (Дзіна Маркаўна) (н. 7.3.1937, г. Тульчын Вінніцкай вобл., Украіна),

харэограф, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1996). У 1976—97 балетмайстар-рэпетытар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, дзе паставіла балеты «Жызэль» А.​Адана (1976, аднаўленне) і «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса (1979, пастаноўка і рэж. рэдакцыя), танцы ў операх «Джардана Бруна» С.​Картэса (1977), «Сівая легенда» Дз.​Смольскага (1978) і інш., удзельнічала ў пастаноўцы балетаў В.Елізар’евым, у т. л. «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава, «Стварэнне свету» А.​Пятрова, «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага, «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева і інш.

Л.​І.​Вішнеўская.

т. 3, с. 250

БРАЎКО́ВІЧ (Фадзей Аляксеевіч) (1894, в. Слабодка Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — ?),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Аршанскае гар. вучылішча. З 1915 у арміі, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік Кастр. Рэвалюцыі 1917, 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У 1918—27 на ваен., парт. і сав. рабоце ў Рагачоўскім пав., нарком фінансаў БССР, старшыня Полацкага акр. к-та КП(б)Б. З 1927 пастаянны прадстаўнік урада БССР пры СНК СССР у Маскве, з 1928 саветнік паўпрэдства СССР у Варшаве. З 1933 дырэктар Белдзяржвыдавецтва ў Мінску, потым на гасп. рабоце. Чл. ЦК КП(б)Б і ЦВК БССР у 1924—35. У 1936 рэпрэсіраваны, засуджаны на 10 гадоў зняволення ў папраўча-працоўны лагер, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1956.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 3, с. 250