БРА́ТАЎКА
(Melampyrum),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найчасцей трапляюцца братаўка дуброўная, або Іван-ды-Мар’я (М. nemorosum), братаўка польская (М. polonicum) і братаўка лугавая (М. pratense); растуць у лясах, хмызняках, на палянах, лугах і балотах. Больш рэдкія віды: братаўка грабеньчатая (М. cristatum), трапляецца на поймавых лугах і ў хмызняках; братаўка лясная (М. sylvaticum) — у лясах пераважна ў паўн. і зах. раёнах; братаўка палявая (М. arvense) — рэдкая занесеная расліна, расце каля дарог і на палях.
Аднагадовыя травяністыя паўпаразітныя расліны з прамастойным простым або разгалінаваным сцяблом і слаба развітым коранем, на якім размешчаны гаўсторыі. Лісце супраціўнае ці амаль супраціўнае, ад лінейнага да лінейна-яйцападобнага, суцэльнае і суцэльнакрайняе. Кветкі жоўтыя, ружовыя або белаватыя, размешчаны па адной у пазухах буйных лістападобных, часта ярка афарбаваных прыкветкаў, сабраны ў канцавыя гронка- ці коласападобныя суквецці. Плод — сціснутая з бакоў каробачка з 2 створкамі. Дэкар., лек., меданосныя і ядавітыя (насенне мае ядавітыя алкалоіды і гліказід рынанцін) расліны; некаторыя віды — пустазелле.
т. 3, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)