АРА́НЖАВАЯ
(Oranje, Orange),
рака на Пд Афрыкі, у Лесота, ПАР і Намібіі. Даўж. 1860 км, пл. бас. 1020 тыс. км². Пачынаецца ў масіве Монт-а-Сурс (Драконавы горы) у Лесота пад назвай Сінку на выш. больш за 3000 м. Перасякае засушлівую вобласць. Высокі Велд, плато Кап, дзе цячэ ў цясніне. У верхнім і сярэднім цячэнні парогі і вадаспады (Аўграбіс і інш.). Апошнія 100 км цячэ па раўніне, упадае ў Атлантычны ак., утварае бар (пясчаны падводны вал). Гал. прытокі — Каледан і Вааль. Паўнаводная з ліст. да сакавіка. У межах Высокага Велда часам амаль перасыхае. Сярэдні расход вады 800 м³/с. Гадавы сцёк каля 15 км³ (моцна мяняецца па гадах). Выкарыстоўваецца на водазабеспячэнне і арашэнне (пабудаваны арашальныя сістэмы). ГЭС. На Аранжавай буйныя гарады: Алівал-Норт, Прыска, Апінгтон (ПАР).
З.Я.Андрыеўская.
т. 1, с. 452
АРА́НЖАВАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ, Аранжавая Рэспубліка (англ. Orange Free State),
правінцыя ў цэнтр. ч. Паўд.-Афрыканскай Рэспублікі. Мяжуе з прав. Капская, Трансвааль і Наталь, на ПдУ — з Лесота. Пл. 129,2 тыс. км², нас. 1,8 млн. чал. (1985). Насельніцтва — банту і сута. Адм. ц. — г. Блумфантэйн. Аранжавая правінцыя займае ч. ўнутраных плато — на З Плато Кап, якое на У пераходзіць у Высокі Велд і Драконавы горы (выш. да 2300 м). Клімат субтрапічны, ападкаў 250—900 мм за год. Бываюць замаразкі і засухі. Рака Аранжавая з прытокамі Вааль і Каледан упадае ў Атлантычны ак., на ёй ГЭС і вадасховішчы. Здабываюць золата, уранавыя руды і алмазы. Развіты маш.-буд., металаапр., металургічная (каляровыя металы), хім., гарбарна-абутковая, харч. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі). Земляробства на багатых глебах (кукуруза, пшаніца, агародніна, тытунь, цытрусавыя). Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Першыя сем’і афрыканераў (бураў) на тэр. Аранжавай правінцыі з’явіліся ў 1830-я г. Пераадолеўшы супраціўленне карэнных жыхароў — плямёнаў басута, яны заснавалі ў 1837 самаст. дзяржаву. У 1854 буры абвясцілі стварэнне Аранжавай Свабоднай дзяржавы. У саюзе з Трансваалем яна ўдзельнічала ў англа-бурскай вайне 1899—1902. З 1900 — брыт. калонія, у 1907 атрымала самакіраванне. З 1910 разам з трыма інш. калоніямі ў складзе Паўд.-Афрыканскага Саюза (з 1961 ПАР).
т. 1, с. 453
АРА́НЖАВАЯ СВАБО́ДНАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
гл. ў арт. Аранжавая правінцыя.
т. 1, с. 453
АРАНЖАРЭ́Я
(франц. orangerie),
зашклёнае памяшканне для вырошчвання зімоўкі паўд. раслін (цытрусавых, кветкавых, вечназялёных, пладова-ягадных і інш.). Аранжарэі добра асвятляюцца, маюць неабходны рэжым тэмпературы, вільготнасці і ўмовы для догляду раслін. Бываюць 1- і 2-схільныя, блочныя, ангарныя.
т. 1, с. 453
АРАНЖЫРО́ЎКА
(франц. arranger літар. прыводзіць у парадак),
1) пералажэнне муз. твора для інш. складу выканаўцаў або для выканання на іншым, чым прадугледжана арыгіналам, інструменце (інструментах). Існуюць пералажэнні опер, сімфоній, камерных ансамбляў для фартэпіяна, радзей вакальных і інстр. твораў для аркестра.
2) Палегчанае пералажэнне муз. твора для выканання на тым самым інструменце.
3) У джазавай музыцы аранжыроўка, як правіла, элемент імправізацыі. Пад аранжыроўку для аркестра разумеюць апрацоўку муз. тэматызму, зафіксаваную ў нотным тэксце. Для невял. ансамбляў характэрна «вусная» аранжыроўка, без нотнага запісу, заснаваная на імгненнай каардынацыі намаганняў асобных выканаўцаў.
І.Дз.Назіна.
т. 1, с. 453
АРА́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
іберамаўрская культура, археалагічная культура плямёнаў канца верхняга палеаліту, якія 12—10 тыс. г. таму назад насялялі ўзбярэжныя раёны Марока, Алжыра і Туніса. Назва ад стаянкі каля г. Аран (Алжыр). Для аранскай культуры характэрны крамянёвыя пласціны з прытупленым краем і прылады з адшчэпаў, сустракаюцца касцяныя шылы, долаты, каменныя падвескі, прасвідраваныя ракавіны і інш. вырабы.
т. 1, с. 453
АРА́НЧЫЦЫ,
вёска ў Беларусі, у Ліноўскім с/с Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. За 12 км на Пд ад Пружан, 75 км ад Брэста. Чыг. станцыя на лініі Мінск—Брэст. 939 ж., 369 двароў (1995). Птушкафабрыка, збожжапрыёмнае прадпрыемства, міжраённая гандл. база, Пружанскае райаграпрамзабеспячэнне, сярэдняя школа, б-ка, клуб. Помнік архітэктуры 20 ст. — Крыжаўзвіжанская царква.
т. 1, с. 453
АРАНШТА́М Лазар Навумавіч
(21.6.1896, г. Рамны Сумскай вобл., Украіна — 1939),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У грамадз. вайну камісар дывізіі, інспекцыі артылерыі Чырв. Арміі. З 1924 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар ЦК КПЗБ, чл. ЦК КПП. З 1928 у СССР. З 1929 чл. РВС і нач. Палітупраўлення БВА. З 1933 нач. Палітупраўлення і нам. камандуючага Асобай Далёкаўсх. арміяй. Чл. ЦК у 1929—33 і чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1930—33. Чл. Цэнтр. рэвіз. Камісіі ВКП(б) у 1930—37. Чл. ЦВК БССР у 1924, 1929—34, чл. ЦВК СССР у 1929—31. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956.
т. 1, с. 453
АРА́НЬЕСТАД,
(Oranjenstad), горад, адм. ц. Аруба (архіпелаг М.Антыльскіх а-воў). 20 тыс. ж. (1988). Гавань. Міжнар. аэрапорт Куін Беатрыкс. Ачыстка нафты. Суднарамонтнае прадпрыемства. Турызм.
т. 1, с. 453
АРАРА́Т
[тур. (Büyük) Aĝri Daĝi, арм. Масіс],
самы высокі вулкан Армянскага нагор’я на У Турцыі каля мяжы з Арменіяй і Іранам. Два злучаныя асновамі конусы — Вялікі Арарат (выш. 5165 м) і Малы Арарат (выш. 3925 м). Складзены з базальтаў. На схілах каля 30 ледавікоў. Лічыцца месцам прычальвання Ноевага каўчэга.
т. 1, с. 453