АРА́КС,
рака ў Закаўказзі (вярхоўі ў Турцыі, ніжняе цячэнне ў Азербайджане); правы прыток Куры. На значным працягу па Араксе праходзіць мяжа Арменіі і Азербайджана з Турцыяй і Іранам. Даўж. 1072 км, пл. бас. 102 тыс. км². Пачынаецца на схілах хрыбта Бінгёль, у вярхоўях цячэ ў вузкай глыбокай даліне, у сярэднім цячэнні (на Арарацкай раўніне) даліна расшыраецца, рака падзяляецца на рукавы, нізоўі на Кура-Араксінскай нізіне. Жыўленне мяшанае. Разводдзе з сак. да чэрв., дажджавыя паводкі ў ліст.—снежні. Сярэдні расход вады 285 м³/с. Штогод выносіць 16 млн. т наносаў. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Араксе азерб.іранскі гідратэхн. комплекс.
т. 1, с. 450
АРАКЧЭ́ЕЎ Аляксей Андрэевіч
(4.10.1769—3.5.1834),
расійскі дзярж. і ваенны дзеяч. Генерал (1807), граф, давераная асоба пры дварах Паўла І і Аляксандра І. З 1808 ваен. міністр, з 1810 старшыня ваен. дэпартамента Дзярж. савета. Ролю вышэйшай дзярж. установы набыла ўласная яго імператарскай вялікасці канцылярыя, якой у 1812—25 кіраваў Аракчэеў. З 1815 меў вызначальны ўплыў на Аляксандра I. Праводзіў рэакц. палітыку паліцэйскага дэспатызму і грубай ваен. сілы (гл. Аракчэеўшчына).
т. 1, с. 450
АРАКЧЭ́ЕЎ Барыс Уладзіміравіч
(н. 19.4.1926, в. Турбанава Брэйтаўскага р-на Яраслаўскай вобл.),
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў станковым жывапісе. Яго творчасці ўласцівы жыццесцвярджальнасць, экспрэсіўная жывапісна-пластычная мова, кампазіцыйная завершанасць. Асн. работы: «Этапы вялікага шляху» (1959), серыя «Брэсцкая крэпасць» (1961—70), «Хлеб» (1969), «Гродзенскія гусары каля Полацка» (1995) і інш. Аўтар пейзажных кампазіцый: «Сакавік» (1964), «На сплаве» (1973), «Стары млын у Манькавічах» (1981), «Народныя песні» (1982), «Зямля заслаўская» (1985), «Ф.Скарына» (1990), «З думкай аб родных нівах. М.Багдановіч» (1991), «Вечар у Жыровічах» (1993). Адзін з аўтараў дыярамы «Мінскі кацёл» (1971, Бел. дзярж. музей гісторыі Вял. Айч. Вайны).
Г.А.Фатыхава.
т. 1, с. 451
АРАКЧЭ́ЕЎШЧЫНА,
палітычны рэжым у Расіі ў 1815—25 (назва ад прозвішча А.А.Аракчэева). Устаноўлены для ўмацавання абсалютызму ва ўмовах пашырэння грамадскага руху пасля вайны 1812. У дзяржаве панавалі самавольства, паліцэйскі дэспатызм і дэспатычны парадак у арміі, жорстка каралася любая праява незадаволенасці. Для прадухілення рэв. руху ў гарадах размяшчаліся вайсковыя каманды. Узмацнілася памешчыцкая эксплуатацыя сялян, жорстка душыліся выступленні сялян, у т. л. ў Брэсцкім і Пружанскім пав., Мазырскім старостве. Узмацнілася рэакцыя ў галіне асветы і культуры: праследаваліся прагрэс, матэрыяліст. думка, прагрэс. навукоўцы, забаронена дзейнасць масонаў (1822), пачаліся ганенні на т-вы філаматаў і філарэтаў (1823). Метады аракчэеўшчыны захаваліся і ў перыяд царавання Мікалая I. Слова «аракчэеўшчына» стала сінонімам самавольства і паліцэйскіх метадаў кіравання.
т. 1, с. 451
АРА́ЛІЯ
(Aralia),
род кветкавых раслін сям. араліевых. 35 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукавана аралія маньчжурская, або чортава дрэва (A. mandshurica), разводзіцца ў садах і парках.
Невялікія дрэвы або кусты і высокія травы Сцябло густа ўкрытае вострымі калючкамі. Лісце няпарнаперыстае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, жоўта-белыя, сабраныя ў мяцёлчатыя суквецці. Плод — ягадападобная касцянка. Дэкар., харч. расліна. У каранях ёсць эфірны алей, смолы, сапаніны, вітаміны C, B, B1; настой з іх ужываецца як танізоўны сродак (сурагат жэньшэню).
т. 1, с. 451
АРАЛСО́Р,
бяссцёкавае горка-салёнае возера ў Казахстане, на Прыкаспійскай нізіне. Пл. 101 км². Паклады саляноснай гразі — хакі. Здабыча солі.
т. 1, с. 451
АРА́ЛЬСКАЕ МО́РА, Арал (цюрк. арал — востраў),
бяссцёкавае салёнае возера-мора ў Туранскай нізіне, на тэр. Казахстана і Узбекістана. Чацвёртае ў свеце возера па велічыні. Пл. 40 тыс. км² (у т. л. т.зв. Вялікага м. 37 тыс. км²). Пераважныя глыб. 20—25 м, найб. 61 м. Паўн. бераг у асн. стромкі, зах. — высокі (да 250 м), абрывісты, паўд. і ўсх. берагі нізінныя. Больш як 300 а-воў (найб. Кокарал, Барсакельмес, Адраджэння). Упадаюць рэкі Амудар’я і Сырдар’я. Т-ра вады на паверхні летам 26—30 °C, зімой ад -2 да +2 °C. Ледастаў 4—5 мес, у суровыя зімы мора цалкам замярзае. З 1960-х г. узровень Аральскага мора інтэнсіўна паніжаецца з-за ўзмоцненага расходу водаў Амудар’і і Сырдар’і на ірыгацыю. У 1980-я г. рачны сцёк складаў некалькі кубічных кіламетраў у год (пры 65 км³/год да 1960-х г.), воды Сырдар’і, у асобныя гады і Амудар’і, не даходзяць да мора. Узровень Аральскага мора да 1987 панізіўся амаль на 13 м, акваторыя скарацілася на 1/3. Адбылося аддзяленне меншай паўн.-ўсх. часткі Аральскага мора (Малое м.) пл. 3 тыс. км². Салёнасць павялічылася з 10 ‰ да 27—30 ‰, воды моцна забруджаны с.-г. хімікатамі. На сухіх абшарах б. марскога дна ўзнікла пустыня Аралкум пл. 2,6 млн. га. Уздоўж марскога ўзбярэжжа працягнуліся ўзгоркі соды і сульфату магнію, якія разносяцца вятрамі і забруджваюць вял. плошчы. Рыбны промысел і марскія трансп. перавозкі спынены. Адбываюцца разбурэнне сацыяльна-эканам. структуры гасп. комплексу Прыаралля, збядненне прыродных рэсурсаў, пагаршаюцца ўмовы жыцця і здароўя насельніцтва. Аральскае мора ператварылася ў зону экалагічнага бедства.
В.П.Кісель.
т. 1, с. 451
АРА́Л-ПАЙГАМБА́Р,
запаведнік ва Узбекістане. Размешчаны на аднайм. пясчаным востраве (даўж. каля 8 км, шыр. каля 5 км) у рэчышчы Амудар’і каля г. Тэрмез у Сурхандар’інскай вобл. Пл. больш за 3 тыс. га, у т. л. 964 га пад лесам, 6 га — вадаёмы. Засн. ў 1960 з мэтай аховы і вывучэння прыродных комплексаў тугайных лясоў (туранга, лох, тамарыск) і чарацяных зараснікаў, а таксама для аднаўлення папуляцыі бухарскага аленя. Пашыраны індыйскі пласціністазубы пацук, заяц-пясчанік, дзік, шакал, у паўд. пустыннай частцы в-ва — сярэднеазіяцкая чарапаха, шэры варан, туранская гюрза, стэпавая агама, з птушак — чаплі, крыжанка, шэрая гусь, змеяед, чорны грыф, валасянкі, звычайны ляляк і інш.
т. 1, с. 451
АРА́М,
у армянскім эпасе — герой, продак армян, які абараняў межы арм. зямель, уступаў у барацьбу з Мідыяй, Асірыяй і Кападокіяй. Іншыя народы яго імем называюць краіну армян: грэкі — Армен, іранцы і сірыйцы — Армені.
т. 1, с. 451
АРАМА́ЗД,
у армянскай міфалогіі вярхоўнае бажаство, тварэц неба і зямлі, бог урадлівасці. Яго эпітэт — «ары» (мужны). Гал. свяцілішча Арамазд было ў культавым цэнтры стараж. Арменіі Ані (сучасны Камах на тэр. Турцыі).
т. 1, с. 451