Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРАГО́НСКАЯ РАЎНІ́НА,

міжгорная раўніна на ПнУ Пірэнейскага п-ва, у Іспаніі, паміж Пірэнеямі, Іберыйскімі і Каталонскімі гарамі. Даўж. каля 300 км, шыр. да 120 км. Паверхня — узгорыстая раўніна выш. да 250 м, паблізу гор да 500—700 м. З ПнЗ на ПдУ па Аравійскай раўніне цячэ р. Эбра. Клімат субтрапічны кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. 8 °C, ліп. 24 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Пераважае сухі стэп (расліннасць тыпу гарыга), месцамі паўпустыня. Даліна р. Эбра шчыльна заселена. На Аравійскай раўніне — г. Сарагоса.

т. 1, с. 450

АРАГРА́ФІЯ

(ад грэч. oros гара + ...графія),

раздзел геамарфалогіі, які вывучае ўзаемнае размяшчэнне хрыбтоў, узвышшаў, рачных далін, катлавін і інш. формаў рэльефу, займаецца таксама іх класіфікацыяй па знешніх прыкметах (памеры, вышыня, напрамак) незалежна ад паходжання.

т. 1, с. 450

АРАГУА́Я

(Araguaia, Araguaya),

рака ў Бразіліі, левы прыток р. Такантынс (сістэма р. Амазонка). Даўж. 2630 км, пл. бас. каля 370 тыс. км². Пачынаецца на паўд.-зах. ускраіне Бразільскага пласкагор’я, цячэ па ім з Пд на Пн, у сярэднім цячэнні разгаліноўваецца на 2 рукавы, утварае самы буйны рачны в-аў Бананал (даўж. больш за 300 км, шыр. 75 км). У нізоўі — парогі. Паўнаводная ў перыяд дажджоў (з ліст. да сакавіка). Сярэдні расход вады каля 8,5 тыс. м³/с. Суднаходная (у сярэднім цячэнні) на працягу 1300 км.

т. 1, с. 450

АРА́Д

(Arad),

горад на З Румыніі. Адм. ц. жудэца Арад. 191 тыс. ж. (1989). На р. Мурэш. Трансп. вузел. Машынабудаванне (вагона- і станкабудаванне), хім. (вытв-сць азотных угнаенняў), дрэваапр., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, харч. прам-сць. У час рэвалюцыі 1848—49 у Арадзе часова знаходзіўся ўрад Л.Кошута.

т. 1, с. 450

АРА́ДЗЯ

(Oradea),

горад на ПнЗ Румыніі. Адм. ц. жудэца Біхар. На Сярэднедунайскай нізіне, у даліне р. Крышул-Рэпедэ, 214 тыс. ж. (1986). Чыг. вузел. Машынабудаванне (у т. л. станкабудаванне), хім.-фармацэўтычная, мэблевая, тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, харч., паліграф. прам-сць. Вытворчасць гліназёму, буд. матэрыялаў.

т. 1, с. 450

АРАДУ́Р-СЮР-ГЛАН

(Oradour-sur-Glane),

пасёлак у Францыі ў дэпартаменце Верхняя В’ена. У 2-ю сусв. вайну 10.6.1944 поўнасцю знішчаны гітлераўцамі разам з яго жыхарамі (каля 1 тыс. чал.). Руіны Арадур-сюр-Глана захаваны як гіст. сведчанне фаш. варварства, пасля вайны недалёка ад Арадур-сюр-Глана пабудаваны новы пасёлак.

т. 1, с. 450

АРАКАЖУ́

(Aracajú),

горад на У Бразіліі. Адм. ц. штата Сержыпі. Засн. ў 1855. 418 тыс. ж. (1990). Міжнар. аэрапорт, чыг. станцыя. Цукр., тэкст., гарбарная прам-сць. Порт у вусці р. Сержыпі (вываз цукру, бавоўны, драўніны, сырых скур). Ун-т.

т. 1, с. 450

АРАКА́НСКІЯ ГОРЫ, Ракхайн,

Аракан-Йома, горы на З п-ва Індакітай, у М’янме. Працягласць каля 800 км. Выш. да 3053 м (г. Вікторыя). Сярэдневышынныя складкава-глыбавыя горы, утвораныя ў альпійскую складкавасць. Паралельныя мерыдыянальныя хрыбты з вострымі і стромкімі схіламі, падзеленыя эразійна-тэктанічнымі далінамі на Пн, пераходзяць на Пд у нізкагорныя ланцугі пакатых узвышшаў выш. 150—200 м. Складзены са сланцаў, кварцытаў, пясчанікаў, па перыферыі — з асадкавых парод. Карысныя выкапні: волава, вальфрам, свінец, золата, серабро, каштоўныя камяні. Наветраныя зах. схілы ўкрыты вільготнымі трапічнымі вечназялёнымі лясамі, падветраныя ўсх. — мусоннымі лістападнымі, на выш. 1000 м і больш — вечназялёнымі дубовымі і хваёвымі лясамі.

т. 1, с. 450

АРА́КІ Садао

(26.5.1877—2.11.1966),

японскі дзярж. і паліт. дзеяч, генерал (1933). У 1931—34 ваен. міністр, у 1938—39 міністр асветы. Адзін з гал. кіраўнікоў і ідэолагаў яп. імперыял. агрэсіі і фашызацыі краіны ў 1920—40-я г. У 1948 прыгавораны Міжнар. ваен. трыбуналам у Токіо да пажыццёвага турэмнага зняволення. Вызвалены ў 1955.

т. 1, с. 450

АРАКІШВІ́ЛІ (Аракчыеў) Дзмітрый Ігнатавіч

(23.2.1873, Уладзікаўказ — 13.8.1953),

грузінскі кампазітар, музыказнавец. Нар. арт. Грузіі (1929). Акад. АН Грузіі (1950). Скончыў Маскоўскае муз.-драм. вучылішча (1901), археал. ін-т (1917). Адзін з арганізатараў нар. кансерваторыі ў Маскве (1906). Праф. і дырэктар Тбіліскай кансерваторыі (з 1921). Адзін з заснавальнікаў груз. нац. муз. школы і фалькларыстыкі, стваральнік жанру груз. класічнага раманса. Сярод твораў: адна з першых груз. опер «Паданне пра Шата Руставелі» (1919), 3 сімфоніі, хары і інш. Сабраў і апублікаваў больш за 500 груз. нар. песень і інстр. мелодый. Аўтар прац аб груз. музыцы. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 1, с. 450