Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САЛАДУ́ХА (Аляксандр Антонавіч) (н. 18.1.1959, с. Каменка Сергіева-Пасадскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. эстрадны спявак. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1982). Працаваў урачом (1982). З 1987 саліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі, з 1989 — т-ра песні Я.​Паплаўскай і А.​Ціхановіча. З 1991 працуе са створанай ім групай «Карусель». Валодае голасам прыгожага тэмбру; яго выкананне вылучаецца шчырасцю і эмац. выразнасцю. У творчасці пераважае стрыманы рас.-бел. шансон з бардаўскім ухілам. У рэпертуары песні бел. і рас. кампазітараў, у т. л. Э.​Ханка, А.​Марозава, А.​Елісеенкава, І.​Капланава, С.​Сухамліна. Дыпламант Міжнар. фестывалю «Шлягер-90» (1990, Ленінград).

т. 14, с. 97

САЛАЗА́Р (Salazar) Антоніу ды Алівейра

(de Oliveira; 28.4.1889, г. Санта-Комба-Дан, Партугалія —27.7.1970),

партугальскі паліт. і дзярж. дзеяч, эканаміст. Скончыў Каімбрскі ун-т (1916), у 1916—28 праф. паліт. эканоміі гэтага ун-та. Адзін з заснавальнікаў партыі Каталіцкі цэнтр (1918). З 1921 дэп. парламента. У 1928—40 міністр фінансаў. У 1932—68 прэм’ер-міністр (фактычна дыктатар) Партугаліі, адначасова ваен. міністр (1936—44) і міністр замежных спраў (1936—47). Абапіраючыся на засн. ім у 1930 партыю Нац. саюз, устанавіў у краіне унітарна-карпаратыўную дзяржаву (юрыд. аформлена паводле канстытуцыі 1933). У 2-ю сусв. вайну захоўваў нейтралітэт Партугаліі. Пасля 1945 імкнуўся да супрацоўніцтва з зах. дзяржавамі, асабліва ў ваен.-паліт. галіне (у 1949 Партугалія ўступіла ў НАТО). З пач. 1960-х г. вёў калан. вайну супраць нац.-вызв. руху ў Анголе, Гвінеі-Бісау і Мазамбіку. У 1968 адышоў ад дзярж. спраў.

т. 14, с. 97

САЛАІ́РСКІ КРАЖ,

платопадобнае ўзвышша на ПдЗ Сібіры, у Кемераўскай і Новасібірскай абл. і Алтайскім краі Расіі. Абмяжоўвае з ПдЗ Кузнецкую катлавіну. Даўж. каля 300 км, выш. 621 м (г. Кіўда). Складзены з крышт. вапнякоў, пясчанікаў, туфаў, гранітаў. Радовішчы поліметалічных руд. На пакатых паўд.-зах. схілах і выраўнаваных паверхнях вяршынь — асінава-піхтавыя і бярозава-асінавыя высакатраўныя лясы. На стромкіх паўн.-ўсх. схілах — бярозава-асінавыя, лістоўнічныя і хваёвыя лясы з участкамі стэпаў.

т. 14, с. 97

САЛА́КА, селядзец балтыйскі (Clupea harengus membras),

рыба сям. селядцовых, падвід селядца атлантычнага. Пашырана ў Балтыйскім м., асабліва ва ўсх. яго частцы і ў некат. прэснаводных азёрах Швецыі. Пелагічная чародная рыба. Утварае 2 экалагічныя групы: адны С. нерастуюць вясною, другія — увосень.

Даўж. да 20 см, маса да 75 г. Хуткарослая форма — С. гіганцкая (стрэмлінг) дасягае даўж. 38 см, з’яўляецца драпежнікам. С. корміцца планктоннымі ракападобнымі. Асн. прамысл. рыба Балт. мора.

Салака.

т. 14, с. 97

САЛА́М ((Salam) Абдус) (29.1.1926, Джханг, Пакістан — 21.11.1996),

пакістанскі фізік-тэарэтык. Чл. Пакістанскай АН (1954), Лонданскага каралеўскага т-ва (1959). Замежны чл. АН СССР (1971), Нац. АН ЗША (1979) і інш. Скончыў Пенджабскі (1946) і Кембрыджскі (1949) ун-ты. З 1951 праф. Пенджабскага ун-та і Урадавага каледжа (г. Лахор). З 1954 у Кембрыджскім ун-це, у 1957—93 праф. Імперскага каледжа навукі і тэхналогіі Лонданскага ун-та. Адначасова ў 1964—93 дырэктар Міжнар. цэнтра тэарэт. фізікі (г. Трыест, Італія). У 1972—78 віцэ-прэзідэнт Міжнар. саюза тэарэт. і прыкладной фізікі. Навук. працы па квантавай электрадынаміцы, тэорыі элементарных часціц, гравітацыі. Паказаў (незалежна ад Л.​Д.​Ландау, Лі Цзундао і Янга), што ў слабым і эл.-магн. узаемадзеяннях захоўваецца камбінаваная цотнасць. Прапанаваў тэорыю двухкампанентнага нейтрына (1956). Развіў ідэю аб’яднання слабага і эл.-магн. ўзаемадзеянняў (1958; разам з аўстрал. фізікам Дж.​Уордам), распрацаваў адзіную тэорыю гэтых узаемадзеянняў (1968, незалежна ад С.​Вайнберга). Прапанаваў гіпотэзу глюонаў (1973) і ідэю Вялікага аб’яднання (1973—74). Каралеўскі медаль Лонданскага каралеўскага т-ва (1978). Вялікі залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1984). Нобелеўская прэмія 1979 (разам з Ш.​Л.​Глэшаў і Вайнбергам).

Тв.:

Рус. пер. — Фундаментальная теория материи // Успехи физ. наук. 1969. Т. 99, вып. 4;

Калибровочное объединение фундаментальных сил // Там жа. 1980. Т. 132, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

А.Салам.

т. 14, с. 98

САЛАМА́НДРАВЫЯ, саламандры сапраўдныя (Salamandridae),

сямейства хвастатых земнаводных. Каля 15 родаў, больш за 50 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Жывуць у вільготных лясах, па берагах вадаёмаў, трапляюцца да выш. 3 тыс. м. Актыўныя ў прыцемку і ўначы. Найб. вядомыя роды — трытоны, уласна С. (Salamandra), С. даўгахвостыя (Mertensiella). З роду ўласна С. найб. пашырана (Цэнтр і Паўд. Еўропа, Паўн.-Зах. Афрыка, Паўд.-Зах. Азія) С. плямістая, або вогненная (S. salamandra).

Даўж. да 70 см. Пазванкі выгнутыя назад. Зубы на абодвух сківіцах. У дарослых С. жабраў няма, дыхаюць лёгкімі Сакрэт скурных залоз некат. С. (у т. л. С. плямістай) ядавіты. Апладненне ўнутранае. Адкладваюць ікру, ёсць яйцажывародныя і жывародныя. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. С. выкарыстоўваюць як лабараторных жывёл. С. наз. таксама некат. хвастатых земнаводных з інш. сям. (С. іспалінскія, С. бязлёгачныя, С. акулярныя).

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Саламандравыя. Саламандры: 1 — плямістая; 2 — каўказская.

т. 14, с. 98

«САЛАМА́НДЭР»

(Salamander),

абутковая кампанія Германіі, найбуйнейшая ў Зах. Еўропе па выпуску абутку. Вырабляе таксама сродкі догляду абутку, скураныя вырабы, хімікаты, вырабы з фарфору, займаецца страхавымі і фін. аперацыямі, гандлем. Засн. ў 1885 як абутковая ф-ка І.​Сігле, з 1930 — сучасная назва. Размешчана ў г. Карнвестгайм. Мае 11 з-даў, у т. л. 8 у Германіі, даччыныя фірмы ў Швейцарыі, Аўстрыі і Францыі. Занята ў вытв-сці 3,3 тыс. чалавек. На Беларусі працуе сумеснае з «С». прадпрыемства «Белвест».

т. 14, с. 98

САЛАМА́НКА (Salamanca),

горад у цэнтр. ч. Іспаніі, у аўт. вобласці Кастылія-Леон, на р. Тормес. Адм. ц. аднайм. правінцыі. Каля 160 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: харч., тэкст., гарбарна-абутковая. 2 ун-ты.

З 5 ст. да н.э. згадваецца як умацаванае паселішча племя ветонаў. У 3 ст. да н.э. заваявана карфагенянамі, у 2 ст. да н.э. — рымлянамі. У 8—11 ст. н.э. (з перапынкамі) пад уладай арабаў. У час Рэканкісты горад амаль апусцеў, зноў заселены ў 1102. У 1218 засн. Саламанкскі універсітэт, у 1254 бібліятэка. У 1520 С. — цэнтр паўстання камунерас. У 16—17 ст. цэнтр сукнаробства і кнігадрукавання.

22.7.1812 войскі А.​Уэлінгтана і ісп. партызаны разбілі каля С. франц. войска. У час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 у С. (з 1936) знаходзілася рэзідэнцыя Ф.​Франкл Баамондэ.

Горад-ансамбль С. вызначаецца адносна рэгулярнай планіроўкай вуліц, аднародным буд. матэрыялам (залацісты пясчанік), стылістычным падабенствам будынкаў (пераважна стылі платэрэска і чурыгерэска). Шматлікія арх. помнікі надаюць гораду выгляд музея: рым. мост з 15 арак, раманскія сабор (1140—60) і касцёл Томаса Кентэрберыйскага (перабудаваны ў 15 ст), кафедральны сабор з рысамі готыкі і барока (1513—1733, арх. Р.​Хіль дэ Антаньён і інш.), кляштар дамініканцаў і касцёл Сан Эстэбан (1524—1610), езуіцкая семінарыя (1617—1755), касцёл кляштара аўгусцінцаў (1636—87, размалёўкі Хасэ дэ Рыбейры) і інш. У стылі платэрэска — комплекс універсітэцкіх будынкаў (канец 15—16 ст.). На цэнтр гар плошчы Пласа Маёр (1729—55, арх. А. дэ Чурыгера і інш.) ансамбль будынкаў у стылі ісп. барока (чурыгерэска). Старая ч. С. ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Саламанка. Кафедральны сабор.

т. 14, с. 98

САЛАМА́НКСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых ун-таў Іспаніі і Еўропы. Засн. ў 1218 у г. Саламанка. У эпоху Адраджэння адзін з найб. навук. і культ. цэнтраў Еўропы. У ім зроблены першыя пераклады твораў Ібн Сіны, Ібн Рушда і інш. вучоных; яго прафесараў запрашалі выкладаць у іншыя еўрап. ун-ты. Дзярж. ўстанова. Навучанне вядзецца на ісп. мове. У 1995/96 навуч. г. каля 31 тыс. студэнтаў; ф-ты: філал.; філас.; геаграфіі і гісторыі; права; прыгожых мастацтваў; прамысл. тэхнікі; навук; хім.; біял.; мед.; фармакалогіі; эканомікі і бізнесу; сац. навук; перакладаў і дакументацыі; псіхалогіі; педагогікі і адукацыі. У складзе ун-та школы (падрыхтоўкі настаўнікаў, адукацыі, політэхн., тапаграфіі і інш.), ін-ты (педагогікі і адукацыі, універсітэцкая бальніца), выдавецкі дом, Цэнтр. б-ка (140 тыс. тамоў), б-кі ф-таў (больш за 365 тыс. тамоў).

В.​М.​Навумчык.

т. 14, с. 98

САЛАМА́ТАЎ (Ілья Ільіч) (27.7.1907, в. Малая Бярсеніха Уржумскага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 3.1.1989),

бел. вучоны ў галіне хім. машынабудавання. Чл.-кар. АН Беларусі (1969), д-р тэхн. н. (1962), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі ін-т хім. машынабудавання (1934). З 1946 ва Усесаюзным НДІ хім. машынабудавання (нам. дырэктара, у 1959—65 дырэктар). У 1967—77 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі (нам. дырэктара). Навук. працы па радыяцыйна-хім. машынабудаванні, радыяцыйнай хіміі. Прапанаваў канструкцыі вакуумнага абсталявання для атамнай прам-сці, выкарыстанне ультрагуку і вібрацыйнай тэхнікі для інтэнсіфікацыі працэсаў растварэння і экстракцыі. Дзярж. прэмія СССР 1949.

Тв.:

Использование изотопов и излучений в народном хозяйстве Белорусской ССР // Весці АН БССР. Сер. фіз.-энергетыч. навук. 1971. № 2;

Образование карбонильных соединений при радиолизе этиленгликоля в метаноле // Там жа. 1977. № I.

Літ.:

И.​И.​Саламатов // Весці АН БССР. Сер. фіз.-энергетыч. навук. 1977. № 4.

І.І.Саламатаў.

т. 14, с. 98