САЛА́М ((Salam) Абдус) (29.1.1926, Джханг, Пакістан — 21.11.1996),

пакістанскі фізік-тэарэтык. Чл. Пакістанскай АН (1954), Лонданскага каралеўскага т-ва (1959). Замежны чл. АН СССР (1971), Нац. АН ЗША (1979) і інш. Скончыў Пенджабскі (1946) і Кембрыджскі (1949) ун-ты. З 1951 праф. Пенджабскага ун-та і Урадавага каледжа (г. Лахор). З 1954 у Кембрыджскім ун-це, у 1957—93 праф. Імперскага каледжа навукі і тэхналогіі Лонданскага ун-та. Адначасова ў 1964—93 дырэктар Міжнар. цэнтра тэарэт. фізікі (г. Трыест, Італія). У 1972—78 віцэ-прэзідэнт Міжнар. саюза тэарэт. і прыкладной фізікі. Навук. працы па квантавай электрадынаміцы, тэорыі элементарных часціц, гравітацыі. Паказаў (незалежна ад Л.​Д.​Ландау, Лі Цзундао і Янга), што ў слабым і эл.-магн. узаемадзеяннях захоўваецца камбінаваная цотнасць. Прапанаваў тэорыю двухкампанентнага нейтрына (1956). Развіў ідэю аб’яднання слабага і эл.-магн. ўзаемадзеянняў (1958; разам з аўстрал. фізікам Дж.​Уордам), распрацаваў адзіную тэорыю гэтых узаемадзеянняў (1968, незалежна ад С.​Вайнберга). Прапанаваў гіпотэзу глюонаў (1973) і ідэю Вялікага аб’яднання (1973—74). Каралеўскі медаль Лонданскага каралеўскага т-ва (1978). Вялікі залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1984). Нобелеўская прэмія 1979 (разам з Ш.​Л.​Глэшаў і Вайнбергам).

Тв.:

Рус. пер. — Фундаментальная теория материи // Успехи физ. наук. 1969. Т. 99, вып. 4;

Калибровочное объединение фундаментальных сил // Там жа. 1980. Т. 132, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

А.Салам.

т. 14, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)