АПУСКНЫ́ КАЛО́ДЗЕЖ,
полая замкнёная звычайна жалезабетонная канструкцыя, якая апускаецца ў грунт ад уласнай вагі і агароджвае грунтавую выпрацоўку. Бывае круглай (дыяметрам да 80 м), эліптычнай ці прамавугольнай у плане формы. Грунт унутры апускнога калодзежа распрацоўваецца пераважна грэйферам, таксама экскаватарам, гідраэлеватарам. У малазвязных грунтах і пясках апусканне калодзежа паскараюць вібраўстаноўкамі, у гліністых — напампоўваннем паміж сценкамі калодзежа і грунтам гліністай суспензіі. Выкарыстоўваюцца апускныя калодзежы пры збудаванні глыбокіх масіўных фундаментаў (70 м і болей), падземных памяшканняў, рэзервуараў і інш. Калі апускны калодзеж прызначаецца пад фундамент, то запаўняецца бетонам ці замуроўваецца, калі пад памяшканне (напр., помпавую станцыю) — робіцца днішча.
т. 1, с. 440
АПУСТЫ́НЬВАННЕ,
страта мясцовасцю суцэльнай расліннасці пры немагчымасці яе ўзнаўлення без удзелу чалавека. Адбываецца ў выніку прыродных змен, часцей у выніку антрапагеннага ўздзеяння на прыроду: высечка лясоў у сумежных з пустынямі рэгіёнах і празмерны выпас жывёлы. Назіраецца ў засушлівых (не абавязкова гарачых) абласцях.
Адрозніваюць 2 формы апустыньвання: дэзертыфікацыю — пашырэнне арэала пустыні — і дэзертызацыю — паглыбленне працэсаў апустыньвання на месцы. Агульная плошча пустыняў і паўпустыняў свету складае каля 43% усёй сушы, плошча антрапагенных — каля 6,7%. Мяркуюць, што працэс апустыньвання ідзе са скорасцю 7—24 км² у гадзіну. Пад пагрозай апустыньвання знаходзіцца яшчэ 30 млн. км² — 19% сушы.
т. 1, с. 441
АПУ́ХЦІН Аляксей Мікалаевіч
(27.11.1840, г. Болхаў Арлоўскай вобл. — 29.7.1893),
рускі паэт, празаік. Аўтар цыклаў вершаў «Вясковыя нарысы» (1859), «Вясеннія песні» (1860), паэмы «Год у манастыры» (1855), зб. вершаў (1886). Асн. матывы лірыкі — сум, расчараванне, незадаволенасць жыццём. Многія вершы пакладзены на музыку П.Чайкоўскім і інш. кампазітарамі. У празаічных творах, напісаных у форме лістоў, дзённікаў («Архіў графіні Д**», 1890; «Дзённік Паўліка Дольскага», 1891: усе апубл. пасмяротна), намаляваў побыт пецярбургскага грамадства 1880-х г.
Тв.:
Соч.: Стихотворения;
Проза. М., 1985.
т. 1, с. 441
АПЦЫЁН
[ням. Option ад лац. optio (optionis) выбар],
1) у міжнародным праве выбар асобай грамадзянства (гл. Аптацыя).
2) У аўтарскім праве апцыён выкарыстоўваецца пры заключэнні дагавораў пра выданне твораў аўтара адной дзяржавы ў інш. дзяржаве. Выд-ва пасля пагаднення пра апцыён з замежным аўтарам вывучае твор і вырашае пытанне пра магчымасць яго выдання. Канчатковы адказ выд-ва дае ва ўстаноўлены тэрмін, да заканчэння якога аўтар не можа заключыць дагавор з інш. выд-вамі аб выданні твора на той жа мове. Ніякіх плацяжоў пагадненне пра апцыён не прадугледжвае.
3) Агаворка ў дагаворы марской перавозкі аб праве замены аднаго грузу або аднаго порта назначэння іншым.
4) Прывілей на біржах, які даецца пры выплаце пэўнай прэміі на атрыманне тавару па раней устаноўленай цане на працягу пэўнага тэрміну.
т. 1, с. 441
АПШЭРО́НСКАЕ МО́РА,
саленаватаводны басейн, які існаваў на пачатку антрапагенавага перыяду (у апшэронскі век) на месцы Каспійскага м. і прылеглых нізін. Займала меншую плошчу, чым папярэдняе Акчагыльскае мора. Намнажаліся пяскі, гліны, мергелі, вапнякі. Адносяць да эаплейстацэну (каля 1,65—0,8 млн. г. назад).
т. 1, с. 441
АПШЭРО́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,
на зах. беразе Каспійскага м., у Азербайджане. Даўж. да 60 км, шыр. да 30 км. Усх. канцавая частка п-ва — Шахава каса. Хвалістая раўніна (выш. да 165 м) з гразевымі сопкамі і бяссцёкавымі катлавінамі, запоўненымі саланчакамі і салёнымі азёрамі, месцамі ўчасткі рухомых пяскоў. Радовішчы нафты і газу (гл. Бакінскі нафтагазаносны раён). Мінер. крыніцы. Пустынны клімат змякчаецца ўплывам мора. Расліннасць паўпустынная. Вінаграднікі і бахчавыя культуры на паліўных землях. Кліматычныя і бальнеалагічныя курорты. На паўд. ўзбярэжжы паўвострава г. Баку.
т. 1, с. 441
АПЫЛЕ́ННЕ,
перанос пылку на рыльца песціка (у пакрытанасенных) або на семязавязь (у голанасенных) раслін. Папярэднічае апладненню. Адрозніваюць 2 біял. тыпы апылення: самаапыленне (перанос пылку ў межах адной кветкі — аўтагамія або з інш. кветак той жа расліны — гейтанагамія) і перакрыжаванае (перанос пылку з кветак інш. раслін). Самаапыленне менш пашырана, трапляецца ў некаторых дзікарослых (напр., дзьмухавец, ястрабок) і культурных (ячмень, пшаніца, гарох, фасоля) раслін; у некаторых відаў адбываецца ў нераскрытых кветках (клейстагамія). Перакрыжаванае апыленне больш прагрэсіўнае (аб’ядноўваюцца розныя геномы, у выніку ўтвараецца гетэразіготнае, больш жыццяздольнае патомства). Пылок можа пераносіцца ветрам (анемафілія), вадой (гідрафілія), насякомымі (энтамафілія), птушкамі (арнітафілія) і інш. У селекцыі і раслінаводстве шырока выкарыстоўваюць штучнае апыленне.
т. 1, с. 441
АПЫ́РСКВАЛЬНІК,
машына для апырсквання раслін растворамі, суспензіямі ці эмульсіямі ядахімікатаў. Выкарыстоўваюць для барацьбы з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі, пры дэфаліяцыі і дэзінсекцыі памяшканняў. Бываюць самалётныя, трактарныя (прычапныя і навясныя) і ранцавыя; гідраўлічныя і вентылятарныя.
У гідраўлічных апырсквальніках рабочая вадкасць распыльваецца фарсункамі за кошт лішкавага ціску ў гідрасістэмах. У вентылятарных вадкасць распыльваецца, акрамя фарсунак, паветраным патокам ад вентылятара. На Беларусі асвойваецца вытв-сць гідраўлічных апырсквальнікаў (ОПШ-15М) з дадатковым абсталяваннем для прыгатавання раствораў пестыцыдаў непасрэдна ў апырсквальніках.
Л.Я.Сцяпук.
т. 1, с. 441
АПЫТА́ННЕ,
метад збору пачатковай інфармацыі для сацыялагічных, эканам., псіхал. і інш. даследаванняў ад пэўнай сукупнасці людзей (рэспандэнтаў). Мэта апытання — атрыманне інфармацыі пра аб’ектыўныя (падзеі, працэсы) або суб’ектыўныя (меркаванні, погляды, настроі) з’явы. Як метад сацыяльнага даследавання ўзнікла ў 19 ст. Упершыню праведзена ў 1824 у ЗША. Адрозніваюць апытанні пісьмовыя (анкетаванне) і вусныя (інтэрв’ю), экспертныя і масавыя, вочныя і завочныя (паштовыя, тэлефонныя), аднаразовыя і шматразовыя, выбарачныя і суцэльныя (рэферэндумы) і інш. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прадугледжвае выкарыстанне апытання ў форме рэферэндумаў для вырашэння найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Масавыя апытанні разам з пазнавальнай выконваюць функцыю дэмакратызацыі грамадства. Тэрмін «апытанне» абазначае таксама элементы збору любой інфармацыі, носьбітам якой з’яўляецца чалавек (апытанне пацыентаў у мед. установе, студэнтаў на экзамене і інш.).
С.А.Яцкевіч.
т. 1, с. 442