САЛАГУ́Б (сапр. Цяцернікаў) Фёдар Кузьміч
(1.3.1863, С.-Пецярбург — 5.12.1927),
рускі пісьменнік. Скончыў С.-Пецярбургскі настаўніцкі ін-т (1882). Да 1907 настаўнічаў. Друкаваўся з 1884. Адзін з тэарэтыкаў сімвалізму (арт. «Дэманы паэтаў», 1907; «Тэатр адной волі», 1908, і інш.). У першым рамане «Цяжкія сны» (1895) спалучэнне натуралістычнага паказу правінцыяльнага побыту з пропаведдзю эстэтызму і эротыкі. Матывы адчаю, індывідуалізм у паэт. зб. «Палымяны круг» (1908). Гратэскны паказ жыцця рус. правінцыі ў зб. апавяданняў «Джала смерці» (1904), рамане «Дробны чорт» (1905) і інш. У трылогіі «Легенда, якая ствараецца» (ч. 1—3, 1907—13) — культ і трагізм эрасу. Сімвалічныя тэмы і матывы ў паэт. зб-ках «Блакітнае неба» (1920), «Фіміямы» (1921), «Жалейка» (1922) і інш. Аўтар «Палітычных казачак» (1906), зб. паліт. вершаў «Радзіме» (1906), п’ес «Дар мудрых пчол» (1907), «Перамога смерці» (паст. 1907), «Начныя скокі» (1908), рамана «Заклінальніца змеяў» (1921) і інш. Перакладаў Вальтэра, Гі дэ Мапасана, Ш.Бадлера, П.Верлена, А.Рэмбо, Г.Гейнэ, О.Уайльда, Т.Шаўчэнку і інш.
Тв.:
Свет и тени: Избр. проза. Мн., 1988;
Голодный блеск: Избр. проза. Киев, 1991;
Творимая легенда. М., 1991;
Неизданный Федор Сологуб. М., 1997;
Лирика. Мн., 1999.
т. 14, с. 96
САЛАГУ́БЫ, Давойна-Салагубы,
шляхецкі род герба «Праўдзіц» у ВКЛ Родапачынальнік Андрэй жыў у 2-й.пал. 15 ст. З 17 ст. ўжывалі прыдомак Давойна, з 18 ст. карысталіся графскім тытулам. Найб. вядомыя:
Юрый Андрэевіч (?—1514), намеснік смаленскі ў 1503—07. Я н Міхал (? —5.5.1748), сын Гераніма, чашнік жамойцкі ў 1713, падкаморы гастынскі ў 1722—24, лоўчы ВКЛ у 1724—31, вял. падскарбі ВКЛ у 1731—46, ваявода брэсцкі з 1746; брыгадзір войска ВКЛ (1724), маршалак Трыбунала ВКЛ у 1729 і 1747, староста рэчыцкі, езярышчанскі, стралецкі і санніцкі. Валодаў Горы-Горкамі, Чарэяй, Туравам. Юзаф Антоній (26.7.1709—81), сын Яна Міхала, кашталян жамойцкі ў 1742—48 і віцебскі ў 1748—52, ваявода віцебскі з 1752; палкоўнік, староста эйшышкскі і санніцкі. Ён і брат тытулаваліся графамі на Ільі, Івянцы, Тураве і Горы-Горках. Антоній (? — вер. 1759), сын Яна Міхала, палкоўнік, генерал артылерыі ВКЛ з 1746; староста езярышчанскі. Ян (? — 1812), сын Антонія, маёр артылерыі, з 1774 генерал-ад’ютант караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З’ехаў у Расію, палкоўнік рас. арміі, камандзір Славянскага гусарскага палка з 1777, Бел. гусарскага палка з 1779, ген.-маёр (1785); у 1794—98 шлісельбургскі павятовы прадвадзіцель дваранства. Яго нашчадкі (у т. л. ўнук — рус. пісьменнік У.А.Салагуб) атрымалі ў Расіі 11.3.1861 пацвярджэнне традыцыйна ўжыванага графскага тытула.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 14, с. 97
САЛАДЗІ́ЛЬНЯ, саладоўня,
старадаўняе гаспадарчае збудаванне, дзе прарошчвалі і сушылі зерне на солад; тып сушні. Вядома ў матэрыяльнай культуры многіх слав. народаў. На Беларусі ў 16—19 ст. будавалі (пераважна пры броварах ці асобна) драўляныя пабудовы, накрытыя драніцамі ці саломай, з маленькімі вокнамі. Складалася з 2 памяшканняў: у адным ставілі рошчыну, у другім была сушня з курнай печчу. С. былі ў многіх маёнтках і сядзібах. Часам іх выкарыстоўвалі як сушні.
Ю.А.Якімовіч.
т. 14, с. 97
САЛАДКО́Ў (Аляксандр Пятровіч) (н. 5.10.1960, г. Віцебск),
бел вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р мед. н. (1998). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1984), працуе ў ім (з 1999 заг. лабараторыі). Навук. працы па фізіялогіі і паталогіі мясц. механізмаў рэгуляцыі сасудзістага тонусу, прафілактыцы стрэсарных змен нармальных і пашкоджаных сасудаў і сэрца.
Тв.:
К механизму влияния малых доз тиреоидных гормонов на стрессорные изменения тонуса сосудов крыс (разам з А.П.Бажко) // Физиол. журн. 1995. Т. 81, № 12;
К механизму стрессорного угнетения сократительной функции и реактивности гладкой мышцы аорты (з ім жа) // Там жа. 1996. Т. 82, № 7.
т. 14, с. 97
САЛАДКО́Ў (Іосіф Іванавіч) (12.7.1906, в. Падбелле Магілёўскага р-на — 18.10.1996),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1959), праф. (1962). Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі ў Мінску (1933), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б) (1950). З 1927 на камсамольскай рабоце. У 1938—41 выкладчык Мінскага мед. ін-та. З 1946 рэдактар час. «Бальшавік Беларусі». У 1950—63 выкладчык, заг. кафедры БДУ, у Ін-це гісторыі АН БССР. Рэктар Петразаводскага ун-та (1956—57). З 1964 на выкладчыцкай рабоце ў Бел. політэхн. ін-це. Аўтар прац па гісторыі Кастр. рэвалюцыі і ўстанаўлення Сав. улады на Беларусі.
Тв.:
Социально-экономическое положение Белоруссии до Великой Октябрьской социалистической революции (конец XIX — начало XX в.). Мн., 1957;
Большевики Белоруссии в период подготовки и проведения Великой Октябрьской социалистической революции (март 1917—февраль 1918). Мн., 1957.
т. 14, с. 97
САЛАДКО́Ў (Цімафей Ерафеевіч) (21.2.1915, в. Шчэжар Магілёўскага р-на — 23.11.1995),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1965), праф. (1966). Скончыў Смаленскі пед. ін-т (1950). З 1946 на парт. рабоце ў Смаленскай вобл. З 1952 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ, у БДУ. З 1964 заг. кафедры і адначасова (1965—71) прарэктар Мінскага радыётэхн. ін-та. Даследаваў гісторыю рэв. руху на Беларусі напярэдадні і ў перыяд 1-й сусв. вайны, Лют. рэвалюцыі 1917. Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі» (ч. 1, 2-е выд. 1968).
Тв.:
Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;
Борьба трудящихся Белоруссии против царизма (1907—1917 гг). Мн., 1967;
Большевистская газета «Правда» в Белоруссии (1912—1917 гг.). 2 изд. Мн., 1972;
Полувековой опыт СССР и современный мир. Мн., 1975.
Э.А.Забродскі.
т. 14, с. 97
САЛАДУ́ХА,
у беларусаў кісла-салодкая мучная страва. Наз. таксама путра. Жыта замочвалі на суткі, потым сушылі і малолі ў жорнах; разводзілі вадой у гаршку, прыварвалі і вылівалі ў дзежку закісаць. Як укісне, елі з бульбай. Часцей С. рабілі з жытняй нясоладавай мукі. Тады яе даўжэй парылі, каб лепш усаладжала, або дадавалі мёд, цукар. С. разводзілі таксама з грэцкай або з сумесі жытняй (2 часткі) і грэцкай (1 частка) мукі. З С. рабілі квас, на ёй некат. рашчынялі хлеб. На Мядзельшчыне, Пастаўшчыне С. наз. ўсаладжалую закалоту з жытняй мукі, з якой разводзілі раўгеню.
Г.Ф.Вештарт.
т. 14, с. 97