Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІРЫ́ЧНАЯ ПАЭ́МА,

гл. ў арт. Паэма.

т. 9, с. 280

ЛІРЫ́ЧНЫЯ ПЕ́СНІ пазаабрадавыя,

народныя песні, у якіх ідэйна-эмацыянальны элемент пераважае над апавядальным. Вядомыя ўсім народам свету.

Мяркуюць, што Л.п. вылучыліся з сінкрэтычнай абрадавай паэзіі. З развіццём грамадства яны набывалі самастойнасць, глыбей раскрывалі духоўны свет чалавека, яго эстэт. ідэал. Змест Л.п. вельмі шырокі, ахоплівае амаль усе бакі грамадскага і асабістага жыцця чалавека. Паводле тэматыкі падзяляюцца на любоўныя, сямейна-бытавыя, аб родным краі, гіст. падзеях і інш., па сац. прыналежнасці — батрацкія песні, бурлацкія песні, чумацкія песні, сялянскія, казацкія, рэкруцкія, салдацкія, рабочыя і інш. песні. У адрозненне ад песень эпічных з іх тыпізацыяй навакольнай рэчаіснасці ў Л.п. на першы план выступае тыпізацыя ідэйна-эмацыянальных адносін чалавека да гэтай рэчаіснасці. Вызначальны момант паэт. сістэмы такіх Л.п. не столькі дакладнае развіццё сюжэта, колькі шэраг тыповых для традыцыйнай лірыкі сюжэтных матываў і сітуацый. Псіхалагізацыя вобраза прадугледжвае большую свабоду вобразатворчых імпульсаў, што ўплываюць на форму вершаскладання са словаабрывамі, устаўнымі выклічнікамі, паўторамі элементаў верша, якія варыянтна адцяняюць гал. думку. Рытміка-метрычная структура абумоўлена характарам мелодыі. Напевам Л.п. уласцівы непрымеркаванасць выканання (спяваюцца «калі хочаш», «абы калі») і індывідуалізацыя муз. вобраза, што вядзе да існавання мноства меладычных варыянтаў песні. Нар. песенная лірыка ахоплівае некалькі гіст. пластоў. Найб. даўні ўтвараюць Л.п., якія ўмоўна прымяркоўваюцца да розных абставін і каляндарных дат, напр., пастухоўскія («як пасуць жывёлу»), «як полюць», «лугавыя» (спяваюцца на полі), «лесавыя» і інш. Іх муз. вобразы (як і паэтычныя) знаходзяцца ў рамках стараж. песеннасці, убіраючы ў сябе многія прыкметы песень каляндарнага і сямейна-абрадавага цыклаў (сціснуты гукавы дыяпазон, неразгорнутая меладычная страфа), але ў адрозненне ад каляндарных і сямейна-абрадавых песень з групавым прымацаваннем некалькіх паэт. тэкстаў да аднаго тыповага напеву ў Л.п. звычайна кожнаму тэксту адпавядае свой напеў. Найчасцей гэта напевы адзіночнай традыцыі выканання з тонкім інтанацыйным і рытмічным вар’іраваннем.

Асн. масіў бел. нар. Л.п. складаюць песні больш позняга гісторыка-стылявога пласта, узнікненне якіх адносяць да эпохі фарміравання бел. народнасці і часоў казацка-сялянскіх паўстанняў (14—17 ст.). Яны вызначаюцца надзвычайным багаццем вобразна-эмацыянальнага складу: энергічным размахам (песні вольніцы), шматадценневай гамай пачуццяў (любоўная лірыка), вастрынёй эмацыянальных зрухаў (жартоўныя). Існуюць у сольных і хар. варыянтах. Часам адзін тэкст бытуе з некалькімі напевамі, якія нібы з розных бакоў раскрываюць паэт. змест песні. Мелодыі іх працяжна распетыя («зацягучыя», напр., «Із пуд горкі буйной вецёр вее», «далявыя», напр., «Ночы мае, ночушкі»), з разгорнутай песеннай строфікай (часта з т.зв. ланцуговымі запевамі), інтанацыйнымі кантрастамі. У паўд., усх. і цэнтр. Беларусі шматгалосыя Л.п. найчасцей распяваюцца з падводкай. Акрамя працяжных бываюць і т.зв. частыя Л.п., звязаныя ў вытоку з танцам. У муз.-паэт. стылістыцы сучасных Л.п. (партызанскія песні і інш.) побач з сялянскай фалькл. традыцыяй адчуваецца ўплыў традыцыі літ. і асабліва масавай песні. Многія з твораў прафес. л-ры фалькларызаваліся («Люблю наш край» К.Буйло, «Над ракою ў спакою» Я.Купалы, «Зорка Венера» М.Багдановіча, «Лясная песня» А.Русака, «Нёман» А.Астрэйкі, «Ручнікі» В.Вярбы). Напевы іх народныя або складзеныя кампазітарамі. Асобная разнавіднасць Л.п. — прыпеўка.

Публ.: Беларускія народныя песні /Запіс Р.Шырмы. Т. 1—2. Мн., 1959—60; Анталогія беларускай народнай песні. Мн., 1968; Песні пра каханне. Мн., 1978; Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984; Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Панямоння. Мн., 1998.

Літ.:

Песенная лирика устной традиции. СПб., 1994;

Гілевіч Н.С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;

Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971.

З.Я.Мажэйка.

т. 9, с. 280

ЛІ́РЫ-РЫ́БЫ.

гл. Ліравыя.

т. 9, с. 280

«ЛІС»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталася больш за 200 родаў Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы, у т.л. Ваньковічы, Наркевічы-Ёдкі, Парчэўскія, Сапегі, Свірскія. У чырв. полі сярэбраная двойчы перакрыжаваная страла, клейнод — над прылбіцай з каронай верхняя палавіна чырв. ліса. Існавала некалькі варыянтаў герба. Вядомы з пач. 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Ліс».

т. 9, с. 280

ЛІС (Арсень Сяргеевіч) (н. 4.2.1934, в. Вётхава Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. фалькларыст, літ.-знавец, краязнавец. Д-р філал. н. (1997). Скончыў БДУ (1956). Настаўнічаў, працаваў рэдактарам Дзярж. выд-ва Беларусі. З 1962 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе фальклорныя жанры (манаграфіі «Купальскія песні», 1974; «Валачобныя песні», 1989; «Жніўныя песні», 1993), л-ру, краязнаўства, перыядычны друк Беларусі, жыццё і дзейнасць працаўнікоў бел. нац.-вызв. руху, гісторыю мастацтва і культуры. Адзін з укладальнікаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў да тамоў акад. серыі «Беларуская народная творчасць» — «Жніўныя песні» (1974), «Восеньскія і талочныя песні» (1981), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), «Паэзія беларускага земляробчага календара» (1992). Склаў зб-кі «Беларускія народныя necui» (1970), «Беларускі фальклор» (у сааўт., 4-е выд. 1996), «Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы» (1984, з І.У.Саламевічам), «Тарашкевіч Б. Выбранае» (1991) і інш. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Песня на ўсё жыццё» (пра Р.Р.Шырму, з І.К.Цішчанкам, 1984), «Прысады жыцця» (пра М.І.Гарэцкага, з І.В.Калоўскім, 1985), «Зямля Тарашкевіча» (з Ю.В.Лысятавым, 1991), «Аркадзь Смоліч», «Дзядзька Уласаў» (пра АМ.Уласава, абодва 1992), «Адвечныя званы» (пра М.В.Доўнар-Запольскага, 1993). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;

Мікола Шчакаціхін. Мн., 1968;

Пётра Сергіевіч. Мн., 1970;

Пякучай маланкі след: Эцюд да партрэта мастака Горыда. Мн., 1981;

Вечны вандроўнік: Нарыс пра мастака Я.Драздовіча. Мн.,1984;

Песню — у спадчыну. Мн., 1989;

Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994;

Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў: Эстэт. аспект. Мн., 1998.

І.У.Саламевіч.

А.С.Ліс.

т. 9, с. 280

ЛІС (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 2.5.1939, в. Бяляўшчына Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Д-р мед. н. (1982), праф. (1984). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1967 у Гродзенскім мед. ін-це (з 1986 заг. кафедры). Навук. працы па комплексным вывучэнні метабалічных працэсаў, кардыягемадынаміцы пры ішэмічнай і гіпертанічнай хваробах, іх патагенет. тэрапіі, у т.л. з выкарыстаннем вітамінных прэпаратаў.

Тв.:

Активность ферментов углеводного обмена при ишемической болезни сердца и гипертонической болезни // Ишемическая болезнь сердца: Сб. науч. тр. Гродно, 1980;

Межвитаминные отношения при ишемической болезни сердца и гипертонической болезни. Мн., 1988 (у сааўт.).

т. 9, с. 280

ЛІСА́,

рака ў Глускім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Пціч (бас. р. Прыпяць). Даўж. 23,8 км. Пл. вадазбору 214 км2. Пачынаецца каля в. Фартуны Бабруйскага р-на. Асн. прыток — р. Чаромуха (злева). Рэчышча каналізаванае.

т. 9, с. 281

ЛІСАБО́Н (Lisboa),

горад, сталіца Партугаліі. Адм. ц. акругі Лісабон. Размешчаны на паўн. беразе эстуарыя р. Тэжу (Таха), за 15 км ад Атлантычнага ак. 678 тыс. ж. (1991), з прыгарадамі ўтварае агламерацыю Вял. Л. з нас. каля 2,3 млн. ж. (1996). Гал. порт Партугаліі. Міжнар. аэрапорт Партэла-дэ-Сакавен. Пачатковы пункт чыгунак, якія звязваюць Л. з Мадрыдам, Парыжам і Пн краіны. Найб. эканам., культ. і гандл. цэнтр. Прам-сць: хім. (вытв-сць фармацэўтычных вырабаў, сінт. каўчуку, мінер. угнаенняў), чорная і каляровая металургія, маш.-буд. (у т.л. вагона- і суднабудаванне, суднарамонт, электратэхнічнае і радыёэлектроннае), нафтаперапрацоўчая, дрэваапр., вытв-сць шкла, фарфору, керамічных вырабаў, перапрацоўка корку; у прыгарадах і гарадах-спадарожніках галіны, звязаных з вытв-сцю прадметаў шырокага ўжытку: харч., тэкст., швейная, гарбарная. Метрапалітэн. Лісабонская АН. 3 ун-ты, у т.л. Лісабонскі універсітэт, НДІ атамнай энергіі. Нац. б-ка. Тэатры. Бат. сад. Бальнеалагічны курорт; на 3 ад Л. ўздоўж паўн. берага эстуарыя р. Тэжу і Атлантычнага акіяна — зона адпачынку Кошта-ду-Сул (Сонечны бераг) са шматлікімі кліматычнымі курортамі. Міжнар. турызм. Штогадовыя муз. фестывалі.

У старажытнасці наз. Алісіпа (лац. Olisipo) — гал. паселішча іберыйскага племя лузітан. У 2 ст. да н.э. захоплены рымлянамі (наз. Феліцытас-Юлія), у 6 ст. — вестготамі, у 714 — арабамі (наз. Аль-Ашбуні ці Лішбуна). У 1147 заваяваны партуг. каралём Альфонсам 1 з дапамогай рыцараў (пераважна французскіх), якія накіроўваліся марскім шляхам у 2-і крыжовы паход. З 1260 рэзідэнцыя партуг. каралёў, сталіца. У 1290—1537 месцазнаходжанне ун-та (з перапынкамі). У 15—17 ст. гал. гандл. цэнтр партуг. каланіяльнай імперыі. У 1581 далучаны да Іспаніі. У 1640 тут адбылося паўстанне, якое вызваліла краіну ад ісп. панавання. У 1531, 1551, 1755 разбураўся землетрасеннямі, адбудаваны ў канцы 18 ст. У час напалеонаўскіх войнаў акупіраваны франц. войскамі (1807—08). У 1910 у Л. абвешчана рэспубліка; 25.4.1974 скінута дыктатура М.Каэтану.

Ва ўсх. частцы Л. захаваліся фрагменты стараж.-рым. сцен, уключаных у араб. крэпасць (9 ст., з 14 ст. замак Сан-Жоржы), раманскі сабор (1160—86, майстры Рабер і Бернар, перабудаваны ў 18 ст.; хор і клуатр 14 ст.), гатычны кляштар кармелітаў (1389—1423, арх. Гоміш Мартынш і інш.; цяпер Археал. музей). У стылі «мануэліна» пабудаваны кляштар Жэранімуш (Белен; 1502—20, арх. Баітак, Ж. ды Каштылью і інш.) з царквой Санта-Марыя ды Белен (16 ст., арх. Баітак і інш.; грабніцы Васка да Гамы, Л.Камоэнса, Мануэла I) і вежай-маяком Торы ды Белен (1515—20, арх. Ф. ды Аруда); усе яны ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Помнікі архітэктуры: стары каралеўскі палац (перабудаваны ў 16 ст., арх. Д. ды Аруда, Ф.Тэрцы), базіліка да Эштрэла (пач. 18 ст., арх. М.Вісенты ды Алівейра, Р.М. душ Сантуш) і інш. цэрквы і палацы ў стылі барока. У цэнтры горада рэгулярная забудова (арх. М. да Мая, планіроўка арх. Э. i Р.М. душ Сантуш) з прамавугольнай пл. Праса ду Камерсіу і палацам Ажуда (з 1802, арх. Ф.К.Фабры). У зах. частцы Л. раён Буэнуж-Айрыш (з 1930-х г.) і жылыя кварталы з перыметральнай і свабоднай забудовай. Манументы: Жазэ I (1770—75, Ж.Машаду ды Каштру), Адкрыццяў (1940, арх. Ж.А.Катынелі Тэлму, скульпт. Л. ды Алмейда). Музеі: Нац. музей стараж. мастацтва, сучаснага мастацтва, археалогіі, этнаграфіі, рэліг. мастацтва і інш.

Лісабон.
Гандлёвы цэнтр у Лісабоне.
Да арт. Лісабон. Вежа-маяк Торы ды Белен. 1515—20.

т. 9, с. 281

ЛІСАБО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых і буйнейшых ун-таў Партугаліі. Засн. ў 1288 у Лісабоне. У 1308—1537 яго некалькі разоў пераводзілі ў г. Каімбра; з 1537 ун-т Каімбры. У 1911 адноўлены ў Лісабоне. У 1997 больш за 17 тыс. студэнтаў; ф-ты: мастацтва, прыгожага мастацтва, лінгвістыкі, стараж. і сучасных моў, л-ры, гіст., геагр., філасофіі, права (у т.л. еўрапейскае права, юрыд. і паліт. навукі), мед., стаматалагічны, фармакалогіі, фіз., хім., геал., біял., камп’ютэрных навук, псіхалогіі і адукацыі. Пры ун-це працуюць ін-ты, у т.л. Ін-т сац. навук, партугальскай мовы і культуры (для замежных студэнтаў); агульная б-ка (100 тыс. тамоў) і спецыялізаваныя пры ф-тах; музеі прыродазнаўства, гісторыі, мінералогіі, навукі. Выдае навук. часопісы.

В.М.Навумчык.

т. 9, с. 281

ЛІСАЖУ́ ФІГУ́РЫ,

замкнёныя траекторыі пункта, які ўдзельнічае адначасова ў 2 гарманічных ваганнях ва ўзаемна перпендыкулярных напрамках. Названы ў гонар франц. вучонага Ж.Лісажу, які вывучаў такія траекторыі. Л.ф. назіраюцца, напр., з дапамогай электрон-напрамянёвага асцылографа. Канкрэтны выгляд Л.ф. залежыць ад суадносін паміж частотамі, фазамі і амплітудамі абодвух ваганняў. Выкарыстоўваюцца ў вымяральнай тэхніцы для даследавання гэтых суадносін, а таксама формы ваганняў.

Від Лісажу фігур пры розных суадносінах паміж перыядамі (1:1, 1:2 і г.д.) і рознасцях фаз (0, π/4, π/2).

т. 9, с. 282