ЛІСАБО́Н (Lisboa),

горад, сталіца Партугаліі. Адм. ц. акругі Лісабон. Размешчаны на паўн. беразе эстуарыя р. Тэжу (Таха), за 15 км ад Атлантычнага ак. 678 тыс. ж. (1991), з прыгарадамі ўтварае агламерацыю Вял. Л. з нас. каля 2,3 млн. ж. (1996). Гал. порт Партугаліі. Міжнар. аэрапорт Партэла-дэ-Сакавен. Пачатковы пункт чыгунак, якія звязваюць Л. з Мадрыдам, Парыжам і Пн краіны. Найб. эканам., культ. і гандл. цэнтр. Прам-сць: хім. (вытв-сць фармацэўтычных вырабаў, сінт. каўчуку, мінер. угнаенняў), чорная і каляровая металургія, маш.-буд. (у т.л. вагона- і суднабудаванне, суднарамонт, электратэхнічнае і радыёэлектроннае), нафтаперапрацоўчая, дрэваапр., вытв-сць шкла, фарфору, керамічных вырабаў, перапрацоўка корку; у прыгарадах і гарадах-спадарожніках галіны, звязаных з вытв-сцю прадметаў шырокага ўжытку: харч., тэкст., швейная, гарбарная. Метрапалітэн. Лісабонская АН. 3 ун-ты, у т.л. Лісабонскі універсітэт, НДІ атамнай энергіі. Нац. б-ка. Тэатры. Бат. сад. Бальнеалагічны курорт; на 3 ад Л. ўздоўж паўн. берага эстуарыя р. Тэжу і Атлантычнага акіяна — зона адпачынку Кошта-ду-Сул (Сонечны бераг) са шматлікімі кліматычнымі курортамі. Міжнар. турызм. Штогадовыя муз. фестывалі.

У старажытнасці наз. Алісіпа (лац. Olisipo) — гал. паселішча іберыйскага племя лузітан. У 2 ст. да н.э. захоплены рымлянамі (наз. Феліцытас-Юлія), у 6 ст. — вестготамі, у 714 — арабамі (наз. Аль-Ашбуні ці Лішбуна). У 1147 заваяваны партуг. каралём Альфонсам 1 з дапамогай рыцараў (пераважна французскіх), якія накіроўваліся марскім шляхам у 2-і крыжовы паход. З 1260 рэзідэнцыя партуг. каралёў, сталіца. У 1290—1537 месцазнаходжанне ун-та (з перапынкамі). У 15—17 ст. гал. гандл. цэнтр партуг. каланіяльнай імперыі. У 1581 далучаны да Іспаніі. У 1640 тут адбылося паўстанне, якое вызваліла краіну ад ісп. панавання. У 1531, 1551, 1755 разбураўся землетрасеннямі, адбудаваны ў канцы 18 ст. У час напалеонаўскіх войнаў акупіраваны франц. войскамі (1807—08). У 1910 у Л. абвешчана рэспубліка; 25.4.1974 скінута дыктатура М.Каэтану.

Ва ўсх. частцы Л. захаваліся фрагменты стараж.-рым. сцен, уключаных у араб. крэпасць (9 ст., з 14 ст. замак Сан-Жоржы), раманскі сабор (1160—86, майстры Рабер і Бернар, перабудаваны ў 18 ст.; хор і клуатр 14 ст.), гатычны кляштар кармелітаў (1389—1423, арх. Гоміш Мартынш і інш.; цяпер Археал. музей). У стылі «мануэліна» пабудаваны кляштар Жэранімуш (Белен; 1502—20, арх. Баітак, Ж. ды Каштылью і інш.) з царквой Санта-Марыя ды Белен (16 ст., арх. Баітак і інш.; грабніцы Васка да Гамы, Л.Камоэнса, Мануэла I) і вежай-маяком Торы ды Белен (1515—20, арх. Ф. ды Аруда); усе яны ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Помнікі архітэктуры: стары каралеўскі палац (перабудаваны ў 16 ст., арх. Д. ды Аруда, Ф.Тэрцы), базіліка да Эштрэла (пач. 18 ст., арх. М.Вісенты ды Алівейра, Р.М. душ Сантуш) і інш. цэрквы і палацы ў стылі барока. У цэнтры горада рэгулярная забудова (арх. М. да Мая, планіроўка арх. Э. i Р.М. душ Сантуш) з прамавугольнай пл. Праса ду Камерсіу і палацам Ажуда (з 1802, арх. Ф.К.Фабры). У зах. частцы Л. раён Буэнуж-Айрыш (з 1930-х г.) і жылыя кварталы з перыметральнай і свабоднай забудовай. Манументы: Жазэ I (1770—75, Ж.Машаду ды Каштру), Адкрыццяў (1940, арх. Ж.А.Катынелі Тэлму, скульпт. Л. ды Алмейда). Музеі: Нац. музей стараж. мастацтва, сучаснага мастацтва, археалогіі, этнаграфіі, рэліг. мастацтва і інш.

Лісабон.
Гандлёвы цэнтр у Лісабоне.
Да арт. Лісабон. Вежа-маяк Торы ды Белен. 1515—20.

т. 9, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)