ЛІ́РЫКА
(ад грэч. lyricos які вымаўляецца пад гукі ліры),
адзін з трох родаў літаратуры (побач з эпасам і драмай), які адлюстроўвае рэчаіснасць праз суб’ектыўнае выяўленне пачуццяў і перажыванняў аўтара. Прадмет Л. — духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і эмоцый. Л. — стараж. род л-ры. Яна не супрацьстаіць ні эпасу як суб’ектыўнаму аповяду пра пэўныя падзеі, ні драме з яе скразным канфліктна напружаным дзеяннем. Лірычныя элементы можна знайсці ў эпічных і драм. творах (лірычныя адступленні, эмацыянальная насычанасць твораў, прасякнутасць іх аўтарскімі пачуццямі). У сваю чаргу ў Л. часам выяўляюцца элементы эпасу (зачаткі сюжэта) і драмы (напружанасць думкі і пачуцця, дыялагічная форма выяўлення). На памежжы Л. і эпасу, Л. і драмы ўзніклі асобныя віды л-ры: вершаваныя раман, аповесць, апавяданне, паэма, драматычная паэма, балада, байка. Л. карыстаецца найперш паэт. сродкамі маст. выяўлення (тропы, гукапіс, паэт. сінтаксіс) і вершаванай мовай з яе вял. эмоцыястваральнымі магчымасцямі. У Л. нельга выявіць асобныя цэласныя характары. У той жа час індывідуалізаваны і тыпізаваны малюнак духоўнага свету чалавека выяўляецца ў ёй праз вобраз лірычнага героя. Асобныя рысы гэтага героя паўстаюць з усіх твораў аўтара, з усёй іх жанрава-відавой разнастайнасці. У залежнасці ад канкрэтнага зместу лірычных твораў адрозніваюць грамадзянскую, філасофскую, інтымную, пейзажную Л. Своеасаблівыя жанры — медытатыўная лірыка і сугестыўная лірыка. Гал. віды Л. — верш і песня.
Найб. стараж. — ананімныя нар. -песенныя тэксты, што ўключаюць у сябе ўзоры сямейна-абрадавай, каляндарна-абрадавай, пазаабрадавай Л. З паяўленнем пісьменнасці песня, прадаўжаючы бытаваць у вуснай нар. творчасці, уваходзіць і ў кніжную паэзію. У стараж. грэкаў і рымлян распаўсюджанымі відамі і жанрамі Л. становяцца гімн, ода, элегія, эпіграма; у сярэдневяковых араб. паэтаў — рубаі, газель; у японскіх — танка, у паэтаў еўрап. Адраджэння — санет, тэрцыны, актава, рандо, трыялет і інш. Самы стараж. помнік Л. — «Песня песняў» Саламона (Біблія). Выдатныя лірыкі антычнасці — Алкей, Сапфо, Анакрэонт, Катул, Гарацый, Авідзій, еўрап. Адраджэння — Ф.Петрарка, П.Рансар, У.Шэкспір, Я.Каханоўскі, усх.-азіяцкага — Лі Бо, Ду Фу, Умар Хаям, Саадзі, Хафіз, Фірдаўсі. Паэтамі выключнай лірычнай сілы былі Дж.Байран, Р.Бёрнс, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, АІЇушкін, М.Лермантаў, А.Міцкевіч, Ю.Славацкі, Т.Шаўчэнка, Ш.Пецёфі, П.Верлен, А.Блок, У.Маякоўскі, С.Ясенін, П.Элюар, Назым Хікмет і інш.
Першым выдатным бел. лірыкам з’яўляецца Кірыла Тураўскі (паэт. малітвы, лірычныя «Словы»). Нягледзячы на розныя гіст. катаклізмы, бел. Л. — сярэдневяковая (Ф.Скарына, Мікола Гусоўскі, А.Рымша, Сімяон Полацкі і інш.), 19 ст. (Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Я.Лучына, Ф.Багушэвіч і інш.), 20 ст. (Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, А.Гарун, М.Танк, А.Куляшоў, П.Броўка, П.Панчанка і інш.) — імкнулася выяўляць зменлівы духоўны свет народа, яго мары, пачуцці, жаданні. Разнастайны і глыбокі змест увасабляўся ва ўсёй мнагастайнасці асн. жанраў і відаў, што выпрацавала еўрап. паэзія. Некаторыя віды і жанры лірычнага верша з’яўляліся ў бел. паэзіі раней, чым, напр., у рас. і ўкр. (радковы лагаэд у Я.Купалы, шаснаццацірадковік у Куляшова, сатыр. замовы ў Н.Гілевіча, вянок вянкоў санетаў у З.Марозава і г.д.). Гл. таксама Паэзія.
Літ.:
Гніламёдаў У.В.Лірыка // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;
Поспелов Г.Н. Лирика. М., 1976;
Ярош М.Р., Бечык В.Л. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;
Шпакоўскі І.С. Тыпізацыя ў лірыцы: Формы і сродкі Мн., 1980.
В.П.Рагойша.
т. 9, с. 279