КАНТРЫБУ́ЦЫЯ (лац. contributio),
1) грашовыя сумы, якія выплачваюцца пераможанай дзяржавай дзяржаве-пераможцу пасля заканчэння вайны. У аснову К. пакладзена «права пераможцы» незалежна ад таго, справядлівую ці несправядлівую вайну вяла дзяржава-пераможца. Узнікла як сродак, з дапамогай якога насельніцтва пераможанага горада або дзяржавы адкуплялася ад рабавання. З мэтай абмежавання непамернага рабавання ў Гаагскую канвенцыю аб законах і звычаях сухапутнай вайны 1907 уключаны палажэнні пра К. Аднак у 1-й і 2-й сусв. войнах гэтыя палажэнні груба парушаліся. Жэнеўская канвенцыя 1949 аб абароне грамадз. насельніцтва ў час вайны спагнанне К. не прадугледжвае. Краіны Антанты пры распрацоўцы Версальскага мірнага дагавора 1919 вымушаны былі фармальна адмовіцца ад К., але замянілі яе рэпарацыямі Парыжскія мірныя дагаворы 1947 паслядоўна праводзілі прынцып недапушчэння К. На змену К. прыйшлі рэпарацыі, рэстытуцыі, субстытуцыі і інш. формы матэрыяльнай адказнасці дзяржаў.
т. 8, с. 7
КАНТУ́ЗІЯ (ад лац. contusio удар),
паталагічны стан, што ўзнікае пры ўздзеянні на паверхню ўсяго цела ці большай яго ч. мех. сілы (напр., завал пяском), або ўдарнай паветранай хвалі (выбух і інш.). Для К. характэрныя страта прытомнасці (ад некалькі хвілін да сутак), нязначныя знешнія пашкоджанні ці іх адсутнасць. Бываюць цяжкія пашкоджанні ўнутр. органаў (печані, нырак, страўніка і інш.), пераломы канечнасцей, рэбраў, чэрапна-мазгавыя траўмы. Пасля апрытомлівання — моцны галаўны боль, моташнасць, ірвота, парушэнні адчувальнасці, мовы, рухомасці, паралічы і інш. Найб. цяжкая К. галаўнога мозга.
т. 8, с. 7
КАНТЫЛЕ́НА (ад лац. cantilena спевы), 1) напеўная вак. ці інстр. мелодыя, а таксама песня або інстр. твор з напеўнай мелодыяй.
2) Напеўнасць музыкі і яе выканання, здольнасць пеўчага голасу да напеўнага выканання мелодыі.
т. 8, с. 7
КАНТЫНГЕ́НТ [ад лац. contingens (contingentis) які дастаецца на долю],
1) сукупнасць людзей, што складаюць аднародную ў якіх-н. адносінах групу, катэгорыю, напр., К. вучняў.
2) Устаноўленая для якіх-н. мэт найб. колькасць, норма чаго-небудзь. Напр., норма прыёму ў ВНУ. У знешнім гандлі — устаноўленая ў афіцыйным парадку пэўная колькасць пэўнага тавару, якую краіна можа ўвозіць (ці вывозіць) за мяжу.
т. 8, с. 7
КАНТЫНЕНТА́ЛЬНАЯ БЛАКА́ДА,
эканамічная палітыка Францыі ў адносінах да Вялікабрытаніі ў 1806—14. Абвешчана дэкрэтам імператара Напалеона I Банапарта ад 21.11.1806 з мэтай зламаць супраціўленне Вялікабрытаніі ў барацьбе за гегемонію ў Еўропе і стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця франц. прам-сці. Саюзным і падуладным Францыі дзяржавам было забаронена весці гандаль, падтрымліваць паштовыя і інш. зносіны з Брыт. а-вамі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 да К.б. вымушана далучыліся Расія і Прусія. Пасля паражэння арміі Напалеона ў вайне 1812 супраць Расіі большасць краін перасталі прытрымлівацца ўмоў блакады. Фармальна адменена ў сувязі з адрачэннем Напалеона I ад прастола (крас. 1814).
т. 8, с. 7
КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,
сукупнасць усіх адкладаў, якія ўтварыліся на сушы ці ва ўнутрымацерыковых вадаёмах. Паводле ўмоў намнажэння і пераўтварэння зыходнага асадку вызначаюць уласна наземныя (субаэральныя), падводныя (субаквальныя) і падлёдныя (субгляцыяльныя). Паводле дынамікі намнажэння, умоў залягання і заканамернасцей будовы вылучаюць адклады: элювіяльныя, што складаюць кару выветрывання; схілавы я, якія ўтвараюцца пры пераадкладанні прадуктаў разбурэння горных парод на схілах (дэлювій, саліфлюкцыя, абвалы, асыпкі, апоўзні); водныя (алювій, пралювій, азёрныя адклады); ледавіковыя і водна-ледавіковыя (марэны, ледавікова-рачныя, або флювіягляцыяльныя, ледавікова-азёрныя, або лімна-гляцыяльныя і інш.), эолавыя (лёсы, эолавыя пяскі); адклады, што непасрэдна звязаны з падземнымі крыніцамі (пячорныя, сталактыты, сталагміты і інш.). Асобную групу складаюць тэхнагенныя адклады (абвалы горных распрацовак, насыпы, дамбы і інш.). Ад марскіх адкладаў К.а. адрозніваюцца большай зменлівасцю саставу і нявытрыманасцю ў заляганні. К.а. змяшчаюць радовішчы вугалю, жал. руд, кааліну, вогнетрывалых глін, буд. матэрыялаў, россыпы высакародных металаў, алмазаў і інш.
т. 8, с. 7
КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫЯ КАНГРЭ́СЫ,
сходы прадстаўнікоў 13 паўн.-амер. калоній Англіі, якія адбыліся 5.9—26.10.1774 (1-ы К.к.) і 10.5.1775—1789 (2-і К.к.) у г. Філадэльфія (у 1777—78 у г. Балтымар). 2-і К.к. фактычна ажыццяўляў функцыі заканад. і выканаўчай улады паўстаўшых калоній. Адыгралі значную ролю ва ўтварэнні дзяржавы ЗША. Больш падрабязна гл. ў арт. Вайна за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, Дэкларацыя незалежнасці 1776, Артыкулы канфедэрацыі.
т. 8, с. 7
КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫЯ ПАВЕ́ТРАНЫЯ МА́СЫ,
паветраныя масы, якія фарміруюцца над мацерыком пад уздзеяннем подсцільнай паверхні сушы. Характарызуюцца паніжанай вільготнасцю, пераважна слабымі вятрамі, ясным надвор’ем з нізкімі т-рамі зімою (да -35, -40 °C) і цёплымі летам (да 30, 35 °C). Летам яны цяплейшыя, зімою халаднейшыя за марскія. З аддаленасцю ад мора кантынентальнасць павялічваецца.
т. 8, с. 7
КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫ КЛІ́МАТ,
клімат, уласцівы ўнутр. раёнам мацерыкоў, у якіх пераважаюць кантынентальныя паветраныя масы; зрэдку можа адзначацца ў прыбярэжных частках акіянаў. Характарызуецца значнымі гадавымі і сутачнымі ваганнямі т-ры паветра, памяншэннем вільготнасці, воблачнасці і ападкаў, большай запыленасцю атмасферы ў параўнанні з марскім кліматам. У залежнасці ад далёкасці ад мора бывае ўмерана кантынентальны, кантынентальны і рэзка кантынентальны. На тэр. Беларусі клімат умерана кантынентальны.
т. 8, с. 7