ГАРЫЗАНТА́ЛЬНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,
адна з сістэм нябесных каардынат.
т. 5, с. 75
ГАРЫЗО́НТ
[ад грэч. horizōn (horizontos) літар. які абмяжоўвае],
1) уяўная лінія, па якой здаецца, што неба мяжуе з зямной паверхняй (бачны гарызонт). Павялічваецца з вышынёй месца назірання. На вышыні вока дарослага чалавека ва ўмовах раўніны складае 4,5—5 км. Гарызонт таксама наз. частка зямной паверхні, якая назіраецца на адкрытай мясцовасці. Сапраўдны (матэматычны) гарызонт — вял. круг нябеснай сферы, плоскасць якога перпендыкулярная да адвеснай лініі ў месцы назірання.
2) У геалогіі рэгіянальнае стратыграфічнае падраздзяленне, якое аб’ядноўвае на пэўнай плошчы аднаўзроставыя слаі і світы. Вылучаецца паводле пастаянства палеанталагічнай характарыстыкі з улікам літалагічных, фацыяльных і інш. асаблівасцей. Мае прыкладна аднолькавую магутнасць у межах пашырэння (ад дзесяткаў да соцень і больш метраў). Адпавядае звычайна ярусу або яго частцы агульнай стратыграфічнай шкалы. Мае геагр. назву, якую атрымлівае ад наймення найб. поўнай і вывучанай світы або апорнага (стрататыповага) разрэзу. У чацвярцічнай геалогіі гарызонт ахоплівае адклады ледавіковай (напр., у Беларусі бярэзінскі, нараўскі) або міжледавіковай (александрыйскі, белавежскі) эпох.
3) У горнай справе гарызонт — сукупнасць горных вырабатак на адным узроўні, у якіх вядуцца горныя работы. У шахтах вылучаюць гарызонт адкатачны (для перамяшчэння грузаў і людзей), вентыляцыйны выпуску (выпуск адбітай пароды), падсечкі (агаленне і абрушэнне горнага масіву) і скрэперавання (дастаўка карыснага выкапня на пагрузку). Пры адкрытай здабычы карысных выкапняў на гарызонт устанаўліваюць асн. горнае абсталяванне для распрацоўкі аднаго ўступа. Гл. таксама Ваданосны гарызонт, Маркіроўны гарызонт.
т. 5, с. 75
«ГАРЫЗО́НТ»,
вытворчае аб’яднанне ў Беларусі. Да 1996 Мінскае вытв. аб’яднанне «Гарызонт». Створана ў 1972 на базе Мінскага радыёзавода (Засн. ў 1950), з-да радыё- і тэлевізійных футаралаў (1963) і спец. КБ. Галаўным прадпрыемствам з’яўляецца Дзярж. прадпрыемства «Завод «Гарызонт». Уключае: з-д «Альмагор» (створаны ў 1992 на базе з-да радыё- і тэлевізійных футаралаў), навук.-вытв. комплекс «Сігнал» (арганізаваны ў 1989 на базе з-да «Сенсар»), НДІ лічбавага тэлебачання (1991), спецыялізаванае прадпрыемства кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання (1991), Гандл. дом «Гарызонт» (1996) — усе ў Мінску; з-д «Беліт» (г. Паставы, 1992). Асн. прадукцыя: каляровыя і чорна-белыя тэлевізары, радыёпрыёмнікі, сістэмы кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання і інш.
У.І.Сямашка.
т. 5, с. 76
«ГАРЫЗО́НТ»,
серыя савецкіх штучных спадарожнікаў Зямлі. Прызначаны для забеспячэння кругласутачнай далёкай тэле- і радыёсувязі. Выкарыстоўваецца для перадачы тэлевізійных праграм на станцыі «Арбіта», «Масква» і ў міжнар. сістэме сувязі «Інтэрспадарожнік». Запускаецца з 1979. Маса 2 т, размах панэлей з сонечнымі батарэямі 10 м. Арбіта кругавая, блізкая да геастацыянарнай, выш. 36 тыс. км. Мае сістэму дакладнай арыентацыі на Зямлю, на «Гарызонт» устаноўлена рэтрансляцыйная апаратура, якая працуе ў сантыметровым дыяпазоне. Міжнар. рэгістрацыйны індэкс — «Стацыянар».
т. 5, с. 76
ГА́РЫК
(Garrick) Дэвід (19.2.1717, г. Херэфард, Вялікабрытанія — 20.1.1779),
англійскі акцёр, драматург, тэатр. дзеяч. Заснавальнік рэалізму ў англ. т-ры. З 1742 у т-ры «Друры-Лейн» (у 1747—76 яго ўладальнік). Выканаўца трагедыйных і камедыйных роляў у п’есах У.Шэкспіра: Кароль Лір, Гамлет, Макбет, Рычард III (аднайм. п’есы), Бенядзікт («Многа шуму з нічога»), усяго 25 роляў, а таксама Джон Брут («Раззлаваная жонка» Дж.Ванбру), Абель Дрэгер («Алхімік» Б.Джонсана) і інш. Дасканала валодаў мастацтвам пераўвасаблення, вял. сцэн. тэмпераментам. Залажыў асновы мастацтва рэжысуры. Адрадзіўшы на англ. сцэне Шэкспіра, імкнуўся зрабіць яго творы сродкам прапаганды асветніцкай ідэалогіі. Аўтар каля 40 п’ес.
т. 5, с. 76
ГАРЫ́ЛА
(Gorilla gorilla),
малпа сям. чалавекападобных, або пангідавых, атр. прыматаў. 3 падвіды: гарыла зах. берагавая, або раўнінная (G.g. gorilla), гарыла ўсх. горная (G.g. beringei), гарыла ўсх. раўнінная (G.g. manyema). Пашырана ў Зах. і Цэнтр. Афрыцы. Жыве ў густых трапічных або горных лясах невял. статкамі (па 5—30 асобін), важакамі з’яўляюцца магутныя самцы. Гарыла ўсх. горная ахоўваецца ў 7 нац. парках, занесена ў Чырв. кнігу МСАП.
Самая буйная малпа. Рост дарослых самцоў да 2 м, шыр. плячэй каля 1 м, размах рук да 2,6 м, абхват грудзей да 1,5 м, маса да 300 кг; самкі амаль удвая меншыя. Склад масіўны, вельмі развіта мускулатура, валодаюць вял. сілай. Валасы і скура чорныя, з узростам у самцоў на спіне з’яўляецца серабрыстая паласа. Галава вял.; аб’ём мозга да 750 см³, па будове блізкі да мозга чалавека. Раслінаедныя. Будуюць гнёзды на зямлі або на дрэвах. Нараджаюць 1 дзіця раз у 3—5 гадоў. Пераносяць няволю і размнажаюцца.
т. 5, с. 76
ГА́РЫМАН,
Харыман (Harriman) Уільям Аверэл (15.11.1891, Нью-Йорк — 26.7.1986), палітычны дзеяч ЗША, дыпламат. Чл. Дэмакр. партыі з 1928. У 2-ю сусв. вайну пасланнік прэзідэнта Ф.Рузвельта ў Вялікабрытаніі і СССР па каардынацыі праграмы лендлізу (1941—43). Пасол у СССР (1943—46) і Вялікабрытаніі (крас. — вер. 1946). Міністр гандлю (1946—48). Спец. ўпаўнаважаны па ажыццяўленні Маршала плана (1948—50). Губернатар штата Нью-Йорк (1955—59). У 1963 як намеснік дзярж. сакратара ЗША вёў перагаворы пра заключэнне пагаднення аб спыненні выпрабаванняў ядз. зброі. У 1968—69 узначальваў дэлегацыю ЗША на канферэнцыі па В’етнаме ў Парыжы.
т. 5, с. 76
ГА́РЫН Эраст Паўлавіч
(10.11.1902, г. Разань, Расія — 4.9.1980),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1977). Скончыў Вышэйшыя эксперыментальныя тэатр. майстэрні (1926). Працаваў у Т-ры імя У.Меерхольда (з 1922), Ленінградскім т-ры Камедыі (з 1936, акцёр і рэжысёр), Т-ры-студыі кінаакцёра (Масква, з 1950). Вострахарактарны камедыйны акцёр. Сярод роляў: Гулячкін («Мандат» М.Эрдмана), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля). З 1934 здымаўся ў кіно: Ад’ютант («Паручнік Кіжэ»), Альфрэд Тараканаў («Музычная гісторыя»), Кароль («Папялушка»), Каін XVIII (аднайм. фільм) і інш. Паставіў (разам з Х.А.Лакшыной) фільмы: «Жаніцьба» (1937; і роля Падкалёсіна), «Прынц і жабрак» (1942), «Звычайны цуд» (1965; і роля Караля) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941.
т. 5, с. 76
ГАРЫ́НІ
(Gorini) Канстанціна (9.1.1865, г. Рыміні, Італія — 3.9.1950),
італьянскі мікрабіёлаг. Чл. Парыжскай АН (1939). Замежны чл.-кар. АН СССР (1927). Праф. Міланскага ун-та. Навук. працы па марфалогіі, фізіялогіі, культываванні бактэрый малочнакіслага браджэння. Даследаваў біяхім. асаблівасці халернага вібрыёна (1893). Прапанаваў метад вырошчвання бактэрыяльных культур на скошаным жэлаціне (1903).
т. 5, с. 76
ГАРЫ́НЬ,
рака на З Украіны і ў Брэсцкай вобл. Беларусі, правы прыток Прыпяці. Даўж. 695 км (у межах Беларусі 82 км). Пл. вадазбору 27,7 тыс. км² (у межах Беларусі 1,2 тыс. км²). Пачынаецца ў Крамянецкіх гарах Украіны, цячэ ў межах Падольскага і Валынскага ўзв., ніжняе цячэнне па Прыпяцкай нізіне, на Беларусі — у Столінскім р-не. Асн. прытокі на тэр. Украіны: Случ (справа), Стубла, Вілія (злева). Упадае ў Прыпяць 2 рукавамі (левы называецца Вятліца).
Даліна ракі трапецападобная, на тэр. Беларусі невыразная, дасягае шыр. 2,5 км. Пойма двухбаковая, шыр. ў верхнім цячэнні 100—700 м, сярэднім 1—1,5 км, у ніжнім да 2,5 км. Рэчышча звілістае, шыр. ў ніжнім цячэнні 150—200 м. Суднаходства пачынаецца за 291 км ад вусця. На Гарыні гарады Ізяслаў, Славута, Дубровіца (Украіна), Столін, Давыд-Гарадок (Беларусь).
т. 5, с. 76