ГАРЫЗО́НТ

[ад грэч. horizōn (horizontos) літар. які абмяжоўвае],

1) уяўная лінія, па якой здаецца, што неба мяжуе з зямной паверхняй (бачны гарызонт). Павялічваецца з вышынёй месца назірання. На вышыні вока дарослага чалавека ва ўмовах раўніны складае 4,5—5 км. Гарызонт таксама наз. частка зямной паверхні, якая назіраецца на адкрытай мясцовасці. Сапраўдны (матэматычны) гарызонт — вял. круг нябеснай сферы, плоскасць якога перпендыкулярная да адвеснай лініі ў месцы назірання.

2) У геалогіі рэгіянальнае стратыграфічнае падраздзяленне, якое аб’ядноўвае на пэўнай плошчы аднаўзроставыя слаі і світы. Вылучаецца паводле пастаянства палеанталагічнай характарыстыкі з улікам літалагічных, фацыяльных і інш. асаблівасцей. Мае прыкладна аднолькавую магутнасць у межах пашырэння (ад дзесяткаў да соцень і больш метраў). Адпавядае звычайна ярусу або яго частцы агульнай стратыграфічнай шкалы. Мае геагр. назву, якую атрымлівае ад наймення найб. поўнай і вывучанай світы або апорнага (стрататыповага) разрэзу. У чацвярцічнай геалогіі гарызонт ахоплівае адклады ледавіковай (напр., у Беларусі бярэзінскі, нараўскі) або міжледавіковай (александрыйскі, белавежскі) эпох.

3) У горнай справе гарызонт — сукупнасць горных вырабатак на адным узроўні, у якіх вядуцца горныя работы. У шахтах вылучаюць гарызонт адкатачны (для перамяшчэння грузаў і людзей), вентыляцыйны выпуску (выпуск адбітай пароды), падсечкі (агаленне і абрушэнне горнага масіву) і скрэперавання (дастаўка карыснага выкапня на пагрузку). Пры адкрытай здабычы карысных выкапняў на гарызонт устанаўліваюць асн. горнае абсталяванне для распрацоўкі аднаго ўступа. Гл. таксама Ваданосны гарызонт, Маркіроўны гарызонт.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)