БЛУ́МАРТ
(Bloemaert) Абрахам (25.12.1564, г. Горынхем, Нідэрланды — 27.1.1651),
галандскі жывапісец. Зазнаў уплыў франц. мастакоў-маньерыстаў; адышоўшы ад маньерызму, стварыў уласны просты і ясны барочны стыль. Тонавае вырашэнне яго карцін адпавядала прынцыпам караваджызму (святлоценявыя кантрасты). Звяртаўся да біблейскіх і міфал. сюжэтаў. Аўтар жанравых кампазіцый і пейзажаў: «Вяселле Тэтыды» і «Казанне Яна Хрысціцеля» (1638), «Укрыжаванне» (1640), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1631), «Ігрок на флейце» (1643) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
т. 3, с. 197
БЛУ́МЕ
(Blume) Фрыдрых (5.1.1893, г. Шлюхтэрн, Германія — 22.11.1975),
нямецкі музыказнавец. Праф. ун-таў у Лейпцыгу, Берліне, Кілі. У 1927—29 кіраўнік Ін-та муз. навукі, з 1935 супрацоўнік Дзярж. ін-та ням. музыказнаўства. З 1951 кіраўнік створанай ім міжнар. камісіі па арганізацыі выдання «Міжнародны даведнік музычных крыніц». Асн. працы прысвечаны музыцы 16—18 ст., у т. л. І.С.Баху. Рэдактар выданняў «Спадчына нямецкай музыкі» (1935—43), «Нямецкая музычная культура» (1939—45), поўнага збору твораў М.Прэторыуса (1928—40). Заснавальнік і рэдактар энцыклапедыі «Музыка ў гісторыі і сучаснасці» (т. 1—18, 1949—85). Прэзідэнт Міжнар. т-ва музыказнаўства (1958—62).
Літ.:
Festschrift Fr. Blume zum 70. Geburstag. Kassel etc., 1963.
т. 3, с. 197
БЛУМФАНТЭ́ЙН
(Bloemfontein),
горад у цэнтр. ч. Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Адм. ц. прав. Аранжавая. Засн. ў 1846. 233 тыс. ж. (1985). Чыг. і аўтамаб. вузел. Аэрапорт. Зборка лакаматываў. Металаапр., шкларобчая, харч., тытунёвая, гарбарная прам-сць. Паблізу здабыча золата і урану. Ун-т. Абсерваторыя.
т. 3, с. 197
БЛУ́МФІЛД
(Bloomfield) Леанард (1.4.1887, г. Чыкага, ЗША — 18.4.1949),
амерыканскі мовазнавец. Праф. ун-таў у Агайо (1921—27), Чыкага (1927—40), Іельскага ун-та (1940—49). З 1935 прэзідэнт Амер. лінгвістычнага т-ва. Даследаваў агульналінгвістычныя пытанні, вывучаў мовы Паўд.-Усх. Азіі і Паўн. Амерыкі; упершыню выкарыстаў параўн.-гіст. метад даследавання да моў полісінтэтычнага складу і дастасоўваў да вывучэння моўных з’яў біхевіярыстычную псіхалогію, што базіруецца на вывучэнні паводзін. Шмат якія палажэнні Блумфілда былі развіты прадстаўнікамі т.зв. дэскрыптыўнай лінгвістыкі. Аўтар прац «Мова» (1933), «Лінгвістычныя аспекты ў навуцы» (1939) і інш.
т. 3, с. 197
БЛУС Франц Феліксавіч
(Ілья Піліпавіч; ?—?),
аўтар бел. вершаваных твораў. Паходзіў з сялян Даўгамошскай вол. Быхаўскага пав. Магілёўскай губ. Служыў чыноўнікам. Выступіў у газ. «Могилевские губернские ведомости» (1862, № 51, 60—61) з гутаркамі «Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе (для народнага чытання)» і «Прамова Старавойта (для чытання маім землякам)», у якіх услаўляў цара і сял. рэформу 1861, даводзіў справядлівасць сац. няроўнасці, заклікаў сялян да пакоры і цярпення. У гутарках адлюстраваны і рэаліі тагачаснага жыцця, антыпрыгонніцкія настроі сялянства. Пасля паўстання 1863—64 служыў на чыгунцы ў Бузулуку, жыў у Самары. У 1881 напісаў вершы на рус. мове ў гонар Аляксандра II.
Г.В.Кісялёў.
т. 3, с. 197
БЛУ-МА́ЎНТЫНС
(Blue Mountains),
Блакітныя горы, нацыянальны парк на ПдУ Аўстраліі, штат Новы Паўд. Уэльс. Знаходзіцца ў Блакітных гарах — ч. Вял. Водападзельнага хр. Засн. ў 1959. Пл. 208,1 тыс. га. Пясчанікавыя плато (выш. да 1362 м), падзеленыя глыбокімі цяснінамі, ландшафты вільгацетрапічных і эўкаліптавых лясоў. Месцы пражывання качканоса, яхідны, сумчатых (каала, апосум, гіганцкі шэры кенгуру, валару і інш.), птушак трапічнага лесу (пячорная валасянка, рыжая веерахвостка, голуб Вонга, жоўты мухалоў і інш.). Аб’ект турызму.
т. 3, с. 197
БЛЭК
(Black) Джозеф (16.4.1728, г. Бардо, Францыя — 10.11.1799),
шатландскі хімік і фізік, адзін з заснавальнікаў аналітычнай хіміі. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1783). Скончыў Эдынбургскі ун-т (1754). Праф. ун-таў у Глазга (з 1756) і Эдынбургу (1766—97). Адкрыў дыаксід вугляроду (вуглякіслы газ, 1756), існаванне скрытай цеплаты плаўлення і параўтварэння (1757); увёў паняцце цеплаёмістасці.
т. 3, с. 197
БЛЭК
(Black) Джэймс Уайт (н. 1924),
англійскі фармаколаг. Праф. Лонданскага ун-та (1973). Чл. Лонданскага Каралеўскага т-ва (1978). Навук. працы па стварэнні і выкарыстанні новых проціпухлінных і процівірусных прэпаратаў, для лячэння сардэчна-сасудзістых хвароб і язвавай хваробы страўніка. Нобелеўская прэмія 1988 (разам з Дж.Х.Хітчынгсам і Г.Б.Элаянам).
т. 3, с. 197