БЛУС Франц Феліксавіч
(Ілья Піліпавіч; ?—?),
аўтар бел. вершаваных твораў. Паходзіў з сялян Даўгамошскай вол. Быхаўскага пав. Магілёўскай губ. Служыў чыноўнікам. Выступіў у газ. «Могилевские губернские ведомости» (1862, № 51, 60—61) з гутаркамі «Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе (для народнага чытання)» і «Прамова Старавойта (для чытання маім землякам)», у якіх услаўляў цара і сял. рэформу 1861, даводзіў справядлівасць сац. няроўнасці, заклікаў сялян да пакоры і цярпення. У гутарках адлюстраваны і рэаліі тагачаснага жыцця, антыпрыгонніцкія настроі сялянства. Пасля паўстання 1863—64 служыў на чыгунцы ў Бузулуку, жыў у Самары. У 1881 напісаў вершы на рус. мове ў гонар Аляксандра II.
Г.В.Кісялёў.
т. 3, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)