БЛІЗНЯ́ТЫ
(лац. Gemini),
адно з 12 сузор’яў задыяка. Знаходзіцца ў паўн. паўшар’і неба, паміж сузор’ямі Рака і Цяльца. Найбольш яркія зоркі — Полукс і Кастар (адпаведна 1-й і 2-й зорнай велічыні). З тэр. Беларусі добра відаць увосень, зімой і вясной (гл. Зорнае неба).
т. 3, с. 192
БЛІК
(ням. Blick),
самая светлая, часам бліскучая пляма на паверхні прадмета. Сіла бліку ў натуры вызначаецца якасцямі самога прадмета і характарам яго асвятлення, у маст. творы — агульнай танальнасцю жывапісу, святлоценявой пабудовай твора.
т. 3, с. 192
БЛІНДА́Ж
(франц. blindage),
фартыфікацыйнае палявое збудаванне для аховы асабовага складу ад куляў, асколкаў, мін, запальных сродкаў і паражальных фактараў ядз. выбуху. Робіцца ў выглядзе выемкі ў зямлі з мясц. матэрыялаў (круглых бярвёнаў, брусоў, жардзін, фашын) і матэрыялаў прамысл. вырабу (хвалістай сталі, зборных жалезабетонных канструкцый, абалонак і інш.). Складаецца з асн. памяшкання (для асабовага складу), увахода з моцнымі дзвярамі, грунтавой абсыпкі; мае вентыляцыйны кораб. Упершыню ў Расіі бліндажы выкарыстаны ў Севастопальскай абароне 1854—55, шмат будавалася ў 1-ю і 2-ю сусв. Войны.
т. 3, с. 192
БЛІНО́ВА Тамара Барысаўна
(н.29.7.1950, г. Брэст),
бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1979). Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1972). З 1972 працуе ў Гродзенскім дзярж. ун-це. Даследуе гісторыю каталіцкай царквы і ордэна езуітаў на Беларусі ў 16 — пач. 19 ст.
Тв.:
Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;
Езуіцкі музей у Полацку // Мастацтва. 1993. № 3;
Иезуитские библиотеки в Беларуси // Гістарычна-археалагічны зборнік. 1996. N° 8.
т. 3, с. 192
БЛІНТ,
плоскае бясколернае цісненне на кніжных пераплётах пры іх апрацоўцы. Выкарыстоўваюць як самастойны прыём афармлення кніжных пераплётаў і як падрыхтоўку іх паверхні для друку фарбай або фольгай.
т. 3, с. 192
БЛІ́НЧЫКАЎ Моталь Абелевіч
(25.3.1896, г. Краслава, Латвія — 11.11.1935),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У рэв. руху з 1912. З 1919 у Чырв. Арміі, нам. нач. палітаддзела 17-й дывізіі на Зах. фронце. З канца 1920 нам. наркома працы БССР. З ліст. 1921 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Беластоцкага акр. к-та КПП. У 1922—28 зняволены ў турмах Польшчы. У 1928—35 чл. Бюро ЦК КПЗБ, кіраўнік Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ, прадстаўнік ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. Дэлегат І (1928) і II (1935) з’ездаў КПЗБ, VI (1932) з’езда КПП, VII кангрэса Камінтэрна.
т. 3, с. 193
БЛІНЫ́,
традыцыйны бел. мучны выраб; вядомы і інш. слав. народам. Лакальная назва блінцы. Пшанічную, жытнюю, ячную, грэцкую ці аўсяную муку замешваюць на малацэ або сыраквашы, сыроватцы. Бліны рабіліся кіслыя, на рошчыне, і прэсныя, на содзе. У цеста часам дадаюць яйкі, цукар. Пякуць на подмазцы. Падаюць з мачанкай, падсмажаным салам, малаком, смятанай. З пшанічнай мукі пякуць невял. тоўстыя бліны — аладкі і тонкія — наліснікі. Шырока вядомы на ўсёй Беларусі.
т. 3, с. 193
БЛІСЦІ́НАЎ Міхась
(Міхаіл Міхайлавіч; 19.10.1909, в. Іванкава Масальскага р-на Калужскай вобл. — 24.12.1982),
бел. пісьменнік. У 1910 пераехаў з бацькамі на Беларусь (в. Лебедзеўка Кармянскага р-на). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1930—32), скончыў Кінаакадэмію ў Маскве (1938). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, на кінастудыі. Літ. дзейнасць пачаў у 1926. Друкаваў вершы (пад псеўд. Міхась Чаромха), апавяданні, нарысы. Аўтар п’ес («Агні Палесся», 1931; «Мох», 1932, і інш.), аповесці «Хітрасць» (1934), сцэнарыя маст. фільма «Строгая жанчына» (1957), дакумент. і навук.-папулярных фільмаў. На бел. мову пераклаў раман А.Талстога «Пётр Першы» (1940), аповесць А.Франса «Крэнкебіль» (1936) і інш.
т. 3, с. 193
БЛІШЧ Міхаіл Андрэевіч
(7.11.1917, в. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.5.1966),
бел. мастак тэатра і жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1938). Працаваў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (1938—56). Сярод работ вылучаюцца дэкарацыі да опер «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні і «Алека» С.Рахманінава (1949), «Марынка» Р.Пукста (1955), балетаў «Доктар Айбаліт» І.Марозава (1951), «Жызэль» А.Адана (1953), «Лаўрэнсія» А.Крэйна (1955); да драм. пастановак «Пунсовая кветачка» І.Карнавухавай і Л.Браўсевіча (1952, т-р імя Я.Купалы), «Гады вандраванняў» А.Арбузава (1954, Гомельскі абл. драм. т-р). Дэкарацыям уласцівыя рамантычная ўзнёсласць, паэтычнасць, кампазіцыйная выразнасць. Ствараў эскізы касцюмаў для танц. і харавых калектываў. Аўтар насценнай размалёўкі «Дэман» (1958) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, карцін «Купальскі вечар» (1960), «Саўгас «Аколіца» (1961), «Батлейка» (1962) і інш.
П.А.Карнач.
т. 3, с. 193