Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРУ́БКА ВЫ́БУХУ, дыятрэма,

трубкападобны канал, утвораны пры прарыве газаў праз пласты зямной кары і запоўнены брэкчыяпадобнымі пародамі. Звязаны з глыбіннымі разломамі. У папярочніку да 1 км. На глыбіні злучаюцца дайкамі. На стараж. платформах (Паўд.-Афрыканская, Індыйская, Аўстралійская, Сібірская, Усх.-Еўрапейская) бываюць запоўнены брэкчыяпадобнымі ультраасн. магматычнымі пародамі (кімберлітамі, лампраітамі); з іх 8—10% — алмазаносныя. Найб. алмазаносных Т.в. ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, Расіі (Рэспубліка Саха). На Беларусі Т.в. выяўлены на Жлобінскай седлавіне.

У.​І.​Шкуратаў.

т. 15, с. 534

ТРУБЧА́СТАЯ ПЕЧ,

1) тое, што вярчальная печ.

2) Апарат для высокатэмпературнага нагрэву нафты нафтапрадуктаў пры іх перапрацоўцы. Складаецца са змеевіка і экранаў, размешчаных у топачнай камеры.

т. 15, с. 534

ТРУ́БЫ,

пустацелыя цыліндрычныя або профільныя вырабы значнай даўжыні ў параўнанні з папярочным сячэннем. Адрозніваюць Т. метал. і неметалічныя. Злучаюцца з дапамогай зваркі, таксама раструбаў, муфтаў, фланцаў. Як асобныя элементы ці злучаныя ў трубаправоды выкарыстоўваюцца для перамяшчэння цел у газападобным (газаправоды), вадкім (вода-, нафтаправоды) або цвёрдым стане (гл. Пнеўматычны транспарт). Паводле лікавага значэння ціску вадкасці, што працякае па трубаправодзе, адрозніваюць Т. безнапорныя, маланапорныя і напорныя.

Металічныя Т. паводле спосабу вытв-сці падзяляюцца на стальныя (6 класаў) і чыгунныя; бясшвовыя, зварныя, літыя (гл. Трубазварачная вытворчасць, Трубаліцейная вытворчасць, Трубапракатная вытворчасць). Стальныя Т. выкарыстоўваюцца ў магістральных трубаправодах высокага і нізкага ціску для падачы вады, газу, нафты, таксама ў машынабудаванні, буд., хім., харч. прам-сці, ядз. тэхніцы. як стальныя канструкцыі маставых кранаў, буравых вышак і інш.; чыгунныя Т. — у асн. для водаправодных і каналізацыйных сетак, газа- і нафтаправодаў (безнапорных) і інш. Неметалічныя Т. вырабляюцца з розных тыпаў бетону (у т. л. з жалезабетону), цэменту (у т. л. з азбацэменту). палімерных матэрыялаў, цэглы, шкла, керамічных матэрыялаў і інш. Жалезабетонныя, азбацэментныя Т. выкарыстоўваюцца ў каналізацыйных, арашальных і асушальных сістэмах; жалезабетонныя і бетонныя, мураваныя Т. — таксама пад насыпнымі збудаваннямі для пастаянных вадацёкаў, пропуску ліўневых і расталых вод і інш.; Т. з палімерных матэрыялаў, шклапластыкаў, пластмас — у сістэмах водазабеспячэння, каналізацыі, электраправодкі. таксама ў газа- і нафтаправодах, для перапампоўвання розных хімікатаў; Т. з керамічных матэрыялаў (звычайна з тугаплаўкіх глін) — у каналізацыйных, дрэнажных сістэмах і інш.; шкляныя — для транспарціроўкі агрэсіўных вадкасцей і газаў у хім., нафтаперапрацоўчай, таксама харч. і фармакалагічнай прам-сцях; каменялітыя — для абразіўных матэрыялаў і пульпаў у вугальнай, металургічнай, энергет. прам-сці і інш.

т. 15, с. 534

«ТРУ́БЫ», «Тромбы»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 100 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Войны, Грычыны, Нарбуты, Осцікі, Радзівілы, Развадоўскія. Рудаміны, Хвальчэўскія. Мае ў чырвоным полі 3 чорныя паляўнічыя трубы, злучаныя муштукамі, кожная з 4 залатымі паяскамі і перакручаным шнуром. Клейнод — над прылбіцай з каронай 5 страусавых пёраў. Вядомы з канца 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 15, с. 535

ТРУБЯЦКА́Я Кацярына Іванаўна (дзявочае Лаваль; 3.12.1800—26.10.1854),

княгіня, жонка дзекабрыста С.П.Трубяцкога. Першая сярод жонак дзекабрыстаў паехала за мужам у Сібір (ліп. 1826). У Іркуцку, затрыманая ўладамі, афіцыйна адмовілася ад грамадз. правоў і дваранскіх прывілей. М.​А.​Някрасаў увекавечыў імя Т. у паэме «Рускія жанчыны».

т. 15, с. 535

ТРУБЯЦКІ́Я,

княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 16 — пач. 20 ст. адыгрывалі важную ролю ў жыцці ВКЛ і Расіі. Вядуць радаслоўную ад унука вял. кн. ВКЛ Гедзіміна Дзмітрыя Альгердавіча, які валодаў г. Трубчэўск (адсюль прозвішча) на Браншчыне. Яго нашчадкі кн. Трубчэўскія, пазней Т., захоўвалі свой удзел у ВКЛ да 1500, калі кн. Андрэй Іванавіч (?—1546) пасля заняцця маскоўскім войскам г. Трубчэўск перайшоў на службу да маскоўскага вял. кн. Івана III. Сярод яго нашчадкаў найб. вядомыя:

Юрый Мікітавіч (? — да 1634), стольнік, ваявода цара Васіля Іванавіча Шуйскага. З 1611 у Рэчы Паспалітай, дзе ў 1621 атрымаў г. Трубчэўск з воласцю (з 1618 у складзе ВКЛ). Аляксей Мікітавіч (?—1680), брат Юрыя, баярын, ваявода. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) штурмам узяў г. Мсціслаў, дзе загінула шмат жыхароў («Трубяцкая разня»), Пётр (каля 1610—44), сын Юрыя Мікітавіча, падкаморый, потым маршалак старадубскі. Юрый (?—1679), сын Пятра. Пасля пераходу ў выніку размежавання 1645 г. Трубчэўск ў склад Расіі выехаў у Маскву, дзе атрымаў чын баярына. Пачынальнік галін роду, што існуюць і ў нашы дні.

М.​Э.​Красноў.

т. 15, с. 535

ТРУБЯЦКО́Й (Trubetzkoy) Мікалай Сяргеевіч (16.4.1890, Масква —25.6.1938),

расійскі лінгвіст, культуролаг і філосаф; тэарэтык еўразійства; прадстаўнік пражскай школы ў мовазнаўстве. Сын С.М.Трубяцкога. Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). У 1919 эмігрыраваў у Сафію. З 1922 у Вене, з 1923 праф. Венскага ун-та. Распрацаваў шэраг новых кірункаў у лінгвістыцы: фаналогію, марфаналогію, гісторыю літ. моў, тыпалогію моўных структур, кантрастыўную лінгвістыку. Для параўнальнага вывучэння моў абгрунтаваў неабходнасць 3 падыходаў: гіст.-генетычнага, арэальна-гіст. і тыпалагічнага. Выявіў заканамернасці фанетычнага строю малавывучаных моў (фіна-угорскіх, каўказскіх, палеаазіяцкіх). Распрацаваў перыядызацыю стараж. агульнаслав. моўнай гісторыі. Сфармуляваў паняцце «моўнага саюзу» для характарыстыкі моў, пашыраных у адной геагр. зоне і культ.-гіст. вобласці. Распрацаваў дынамічную тыпалогію моў, з дапамогай якой імкнуўся рэканструяваць стараж. этапы моўнай гісторыі і мадэліраваць тэндэнцыі моўнага развіцця ў будучыні. Паводле Т., усе тэарэт. і практычныя даследаванні ў навуцы павінны накіроўвацца на правільнае развіццё асобы. Гарманічнае развіццё чалавека звязваў з яго рэалізацыяй у творчасці. Перадумовай творчай дзейнасці чалавека і яго «самаажыццяўлення» лічыў самапазнанне, якое, на думку Т., знаходзіцца ў пастаянным узаемадзеянні з калектыўна-нац. самапазнаннем («Пра сапраўдны і несапраўдны нацыяналізм», 1921). Абсалютызаваў ролю нац. культур і абвяргаў ідэю стварэння агульначалавечай культуры, якая, на яго думку, можа прывесці да утылітарнага светапогляду і нівеліроўкі духоўных патрэбнасцей чалавецтва. Падзел культур на прымітыўныя і развітыя лічыў памылковым тэзісам еўропацэнтрычнай навукі; сцвярджаў, што вывучэнне культур павінна ажыццяўляцца паводле прынцыпу раўназначнасці і «якаснай непараўнальнасці» культур («Еўропа і чалавецтва», 1920). У «рамана-германскай» еўрапеізацыі бачыў гал. небяспеку для культ.-гіст. развіцця чалавецтва як сукупнасці непаўторных культур розных народаў («шматчалавечых асоб»). Крытыкаваў славянафілаў за імкненне ствараць сваю культуру на ўзор чужой «вялікай» культуры, далучыць да сваёй культуры чужыя «малыя» культуры і пераўтварыць іх на свой лад, за арыентацыю на далёкае мінулае сваёй культуры; рэалізацыя славянафільскіх ідэй, на думку Т., прывяла б да нац. абязлічання, страты чысціні этнасу і нац. ідэі, застою і парушэння сувязі культуры з менталітэтам яе носьбітаў. Лічыў, што рус. культура ўтварае асаблівы «еўразійскі» тып, заснаваны на спалучэнні культур усх. славян і турынскіх народаў (угра-фінаў, самаедаў, цюркскіх народаў, манголаў маньчжураў), і не адносіцца ні да «рамана-германскай», ні да славянскай культур. Выступаў за карэнны пераварот у паліт. і нац. еўрапеізаванай свядомасці рус. народа, самабытны «еўразійскі» шлях яго эвалюцыі. Погляды Т. паўплывалі на развіццё лінгвістыкі, фарміраванне лінгвакультуралогіі, этнасацыялогіі, рус. геапаліт. даследаванняў.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. тр. по филологии. М., 1987;

История. Культура. Язык. М., 1995;

Наследие Чингисхана. М., 1999;

Основы фонологии. 2 изд. М., 2000.

Літ.:

Н.​С.​Трубецкой и современная филология: [Сб. ст.]. М., 1993.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 15, с. 535

ТРУБЯЦКО́Й Павел (Паола) Пятровіч (15.2.1866, Інтра, Італія — 12.2.1938),

рускі скульптар-імпрэсіяніст. Працаваў у прыватных студыях (1884) і асабістай майстэрні (1885—97) у Мілане. У 1897—1906 жыў у С.-Пецярбургу i Macrae (выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і архітэктуры). З 1906 у Францыі, ЗША, Італіі. Ствараў пераважна жанравыя і партрэтныя статуэткі, партрэтныя бюсты ў тэхніцы лепкі экспрэсіўнымі раздзельнымі мазкамі, якія часта захоўвалі адбіткі пальцаў скульптара на сырой гліне. Работы вылучаюцца жывапіснай, пластычнай формай, багатай святлоценявымі эфектамі: «Маскоўскі рамізнік» (1898), «Партрэт Л.​Талстога», «І.​І.​Левітан» (абодва 1899). Аўтар помніка Аляксандру III у С.-Пецярбургу (1900—06).

П.Трубяцкой. І.​І.​Левітан. 1899.

т. 15, с. 535

ТРУБЯЦКО́Й Сяргей Мікалаевіч (4.8.1862, маёнтак Ахтырка пад Масквой — 12.10.1905),

расійскі філосаф і грамадскі дзеяч. Брат Я.М.Трубяцкога, бацька М.С.Трубяцкога. Д-р філасофіі (1900). Скончыў Маскоўскі ун-т (1885), дзе з 1900 працаваў праф., з 1905 рэктарам. У 1900—05 супрацоўнічаў у час. «Вопросы философии и психологии». Адстойваў ідэю універсітэцкай аўтаноміі, актыўна ўдзельнічаў у земскім руху. Для яго філас. поглядаў характэрна спалучэнне ідэй платанізму і хрысціянства, асновай якіх ён лічыў вучэнне пра Логас. Філас. вучэнне Т. — ’«канкрэтны ідэалізм» — выкладзена ў яго працы «Асновы ідэалізму» (1896), дзе ў якасці зыходнага пункта выступае не абстрактная ідэя «чыстага быцця», а канкрэтнае існае. Прызнаваў духоўную прыроду рэальнасці; лічыў, што існае грунтуецца на разумных законах касмічнага Логаса, які ўпарадкоўвае развіццё прыроды і чалавечага грамадства; што існае папярэднічае мысленню, таму што вечная актуальная свядомасць (свядомасць Бога) папярэднічае канечнай свядомасці чалавека, якая знаходзіцца ў працэсе станаўлення. Сродкамі пазнання побач з розумам абвяшчаў вопыт і веру, якую трактаваў у адпаведнасці з правасл. традыцыяй: лічыў, што яна не супрацьстаіць розуму, а ўтварае з ім пэўнае адзінства. Аб’ектыўнасць свядомасці звязваў з ідэяй саборнасці. Саборнасць у разуменні Т. — пэўны агульначалавечы ідэал дасканалага грамадства, дзе пануе любоў як агульны найвышэйшы сінтэз сац., маральных і рэліг. прынцыпаў праваслаўя.

Тв.:

Соч. М., 1994;

Курс истории древней философии. М., 1997.

В.​І.​Боўш.

т. 15, с. 535

ТРУБЯЦКО́Й Сяргей Пятровіч (9.9.1790, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 4.12.1860),

дзекабрыст, князь, палкоўнік. З роду Трубяцкіх. Служыў з 1808 у Сямёнаўскім, з 1821 — у Праабражэнскім палках. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў рус. арміі 1813—14. Адзін з заснавальнікаў тайных таварыстваў — «Саюза выратавання», «Саюза працвітання», Паўночнага таварыства дзекабрыстаў. Спачатку прыхільнік канстытуцыйнай манархіі, потым — рэспублікі, у перагаворах з кіраўнікамі Паўд. т-ва дзекабрыстаў даў згоду на агульнае выступленне ў 1826. Напярэдадні выступлення дзекабрыстаў выбраны дыктатарам — кіраўніком рэвалюц. войск, але 26.12.1825 на Сенацкую плошчу не з’явіўся, бо лічыў паўстанне недастаткова падрыхтаваным. Прыгавораны Вярхоўным судом да пакарання смерцю, замененага вечнай катаргай, якую адбываў у Нерчынскіх капальнях і Чыцінскай турме. З 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. У 1856 амнісціраваны. Аўтар «Запісак» (1906).

т. 15, с. 536