ТРУ́БЫ,

пустацелыя цыліндрычныя або профільныя вырабы значнай даўжыні ў параўнанні з папярочным сячэннем. Адрозніваюць Т. метал. і неметалічныя. Злучаюцца з дапамогай зваркі, таксама раструбаў, муфтаў, фланцаў. Як асобныя элементы ці злучаныя ў трубаправоды выкарыстоўваюцца для перамяшчэння цел у газападобным (газаправоды), вадкім (вода-, нафтаправоды) або цвёрдым стане (гл. Пнеўматычны транспарт). Паводле лікавага значэння ціску вадкасці, што працякае па трубаправодзе, адрозніваюць Т. безнапорныя, маланапорныя і напорныя.

Металічныя Т. паводле спосабу вытв-сці падзяляюцца на стальныя (6 класаў) і чыгунныя; бясшвовыя, зварныя, літыя (гл. Трубазварачная вытворчасць, Трубаліцейная вытворчасць, Трубапракатная вытворчасць). Стальныя Т. выкарыстоўваюцца ў магістральных трубаправодах высокага і нізкага ціску для падачы вады, газу, нафты, таксама ў машынабудаванні, буд., хім., харч. прам-сці, ядз. тэхніцы. як стальныя канструкцыі маставых кранаў, буравых вышак і інш.; чыгунныя Т. — у асн. для водаправодных і каналізацыйных сетак, газа- і нафтаправодаў (безнапорных) і інш. Неметалічныя Т. вырабляюцца з розных тыпаў бетону (у т. л. з жалезабетону), цэменту (у т. л. з азбацэменту). палімерных матэрыялаў, цэглы, шкла, керамічных матэрыялаў і інш. Жалезабетонныя, азбацэментныя Т. выкарыстоўваюцца ў каналізацыйных, арашальных і асушальных сістэмах; жалезабетонныя і бетонныя, мураваныя Т. — таксама пад насыпнымі збудаваннямі для пастаянных вадацёкаў, пропуску ліўневых і расталых вод і інш.; Т. з палімерных матэрыялаў, шклапластыкаў, пластмас — у сістэмах водазабеспячэння, каналізацыі, электраправодкі. таксама ў газа- і нафтаправодах, для перапампоўвання розных хімікатаў; Т. з керамічных матэрыялаў (звычайна з тугаплаўкіх глін) — у каналізацыйных, дрэнажных сістэмах і інш.; шкляныя — для транспарціроўкі агрэсіўных вадкасцей і газаў у хім., нафтаперапрацоўчай, таксама харч. і фармакалагічнай прам-сцях; каменялітыя — для абразіўных матэрыялаў і пульпаў у вугальнай, металургічнай, энергет. прам-сці і інш.

т. 15, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)