ТРУБЯЦКО́Й Сяргей Пятровіч (9.9.1790, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 4.12.1860),
дзекабрыст, князь, палкоўнік. З роду Трубяцкіх. Служыў з 1808 у Сямёнаўскім, з 1821 — у Праабражэнскім палках. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў рус. арміі 1813—14. Адзін з заснавальнікаў тайных таварыстваў — «Саюза выратавання», «Саюза працвітання», Паўночнага таварыства дзекабрыстаў. Спачатку прыхільнік канстытуцыйнай манархіі, потым — рэспублікі, у перагаворах з кіраўнікамі Паўд. т-ва дзекабрыстаў даў згоду на агульнае выступленне ў 1826. Напярэдадні выступлення дзекабрыстаў выбраны дыктатарам — кіраўніком рэвалюц. войск, але 26.12.1825 на Сенацкую плошчу не з’явіўся, бо лічыў паўстанне недастаткова падрыхтаваным. Прыгавораны Вярхоўным судом да пакарання смерцю, замененага вечнай катаргай, якую адбываў у Нерчынскіх капальнях і Чыцінскай турме. З 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. У 1856 амнісціраваны. Аўтар «Запісак» (1906).
т. 15, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)