ТРУБЯЦКІ́Я,
княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 16 — пач. 20 ст. адыгрывалі важную ролю ў жыцці ВКЛ і Расіі. Вядуць радаслоўную ад унука вял. кн. ВКЛ Гедзіміна Дзмітрыя Альгердавіча, які валодаў г. Трубчэўск (адсюль прозвішча) на Браншчыне. Яго нашчадкі кн. Трубчэўскія, пазней Т., захоўвалі свой удзел у ВКЛ да 1500, калі кн. Андрэй Іванавіч (?—1546) пасля заняцця маскоўскім войскам г. Трубчэўск перайшоў на службу да маскоўскага вял. кн. Івана III. Сярод яго нашчадкаў найб. вядомыя:
Юрый Мікітавіч (? — да 1634), стольнік, ваявода цара Васіля Іванавіча Шуйскага. З 1611 у Рэчы Паспалітай, дзе ў 1621 атрымаў г. Трубчэўск з воласцю (з 1618 у складзе ВКЛ). Аляксей Мікітавіч (?—1680), брат Юрыя, баярын, ваявода. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) штурмам узяў г. Мсціслаў, дзе загінула шмат жыхароў («Трубяцкая разня»), Пётр (каля 1610—44), сын Юрыя Мікітавіча, падкаморый, потым маршалак старадубскі. Юрый (?—1679), сын Пятра. Пасля пераходу ў выніку размежавання 1645 г. Трубчэўск ў склад Расіі выехаў у Маскву, дзе атрымаў чын баярына. Пачынальнік галін роду, што існуюць і ў нашы дні.
М.Э.Красноў.
т. 15, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)