ТРУБЯЦКО́Й (Trubetzkoy) Мікалай Сяргеевіч (16.4.1890, Масква —25.6.1938),

расійскі лінгвіст, культуролаг і філосаф; тэарэтык еўразійства; прадстаўнік пражскай школы ў мовазнаўстве. Сын С.М.Трубяцкога. Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). У 1919 эмігрыраваў у Сафію. З 1922 у Вене, з 1923 праф. Венскага ун-та. Распрацаваў шэраг новых кірункаў у лінгвістыцы: фаналогію, марфаналогію, гісторыю літ. моў, тыпалогію моўных структур, кантрастыўную лінгвістыку. Для параўнальнага вывучэння моў абгрунтаваў неабходнасць 3 падыходаў: гіст.-генетычнага, арэальна-гіст. і тыпалагічнага. Выявіў заканамернасці фанетычнага строю малавывучаных моў (фіна-угорскіх, каўказскіх, палеаазіяцкіх). Распрацаваў перыядызацыю стараж. агульнаслав. моўнай гісторыі. Сфармуляваў паняцце «моўнага саюзу» для характарыстыкі моў, пашыраных у адной геагр. зоне і культ.-гіст. вобласці. Распрацаваў дынамічную тыпалогію моў, з дапамогай якой імкнуўся рэканструяваць стараж. этапы моўнай гісторыі і мадэліраваць тэндэнцыі моўнага развіцця ў будучыні. Паводле Т., усе тэарэт. і практычныя даследаванні ў навуцы павінны накіроўвацца на правільнае развіццё асобы. Гарманічнае развіццё чалавека звязваў з яго рэалізацыяй у творчасці. Перадумовай творчай дзейнасці чалавека і яго «самаажыццяўлення» лічыў самапазнанне, якое, на думку Т., знаходзіцца ў пастаянным узаемадзеянні з калектыўна-нац. самапазнаннем («Пра сапраўдны і несапраўдны нацыяналізм», 1921). Абсалютызаваў ролю нац. культур і абвяргаў ідэю стварэння агульначалавечай культуры, якая, на яго думку, можа прывесці да утылітарнага светапогляду і нівеліроўкі духоўных патрэбнасцей чалавецтва. Падзел культур на прымітыўныя і развітыя лічыў памылковым тэзісам еўропацэнтрычнай навукі; сцвярджаў, што вывучэнне культур павінна ажыццяўляцца паводле прынцыпу раўназначнасці і «якаснай непараўнальнасці» культур («Еўропа і чалавецтва», 1920). У «рамана-германскай» еўрапеізацыі бачыў гал. небяспеку для культ.-гіст. развіцця чалавецтва як сукупнасці непаўторных культур розных народаў («шматчалавечых асоб»). Крытыкаваў славянафілаў за імкненне ствараць сваю культуру на ўзор чужой «вялікай» культуры, далучыць да сваёй культуры чужыя «малыя» культуры і пераўтварыць іх на свой лад, за арыентацыю на далёкае мінулае сваёй культуры; рэалізацыя славянафільскіх ідэй, на думку Т., прывяла б да нац. абязлічання, страты чысціні этнасу і нац. ідэі, застою і парушэння сувязі культуры з менталітэтам яе носьбітаў. Лічыў, што рус. культура ўтварае асаблівы «еўразійскі» тып, заснаваны на спалучэнні культур усх. славян і турынскіх народаў (угра-фінаў, самаедаў, цюркскіх народаў, манголаў маньчжураў), і не адносіцца ні да «рамана-германскай», ні да славянскай культур. Выступаў за карэнны пераварот у паліт. і нац. еўрапеізаванай свядомасці рус. народа, самабытны «еўразійскі» шлях яго эвалюцыі. Погляды Т. паўплывалі на развіццё лінгвістыкі, фарміраванне лінгвакультуралогіі, этнасацыялогіі, рус. геапаліт. даследаванняў.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. тр. по филологии. М., 1987;

История. Культура. Язык. М., 1995;

Наследие Чингисхана. М., 1999;

Основы фонологии. 2 изд. М., 2000.

Літ.:

Н.​С.​Трубецкой и современная филология: [Сб. ст.]. М., 1993.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 15, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)