Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕНПО́ЛІЯ, узумбарская фіялка (Saintpaulia),

род кветкавых раслін сям. геснерыевых. Больш за 20 відаў. Пашыраны ў горных трапічных лясах Усх. Афрыкі. У Еўропе ўведзены ў культуру ў 19 ст. Існуе некалькі тысяч сартоў і гібрыдаў. На Беларусі вырошчваюць як пакаёвую расліну. Найб. папулярныя — мініяцюрныя і ампельныя формы з махровымі кветкамі.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 30 см. Сцёблы ўкарочаныя, часам сцелістыя. Апушанае лісце чаранковае, акруглае, гафрыраванае або хвалістае па краях. Кветкі адзіночныя ці ў рыхлых гронках, ад белага, ружовага, блакітнага да цёмна-сіняга і пурпуровага колераў; простыя, махрыстыя, паўмахровыя, махровыя, зоркападобныя, гафрыраваныя. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.

Літ.:

Михеев В.А. Сенполии. М., 1993.

Сарты сенполіі.

т. 14, с. 331

СЕ́НСАРНЫ ПЕРАКЛЮЧА́ЛЬНІК,

бескантактны пераключальнік, які спрацоўвае пры датыканні аператара да спец. адчувальнай (сенсарнай; ад лац. sensus адчуванне) пляцоўкі. Вырабляецца на аснове паўправадніковых, оптаэлектронных і інш. прылад.

Найб. просты С.п. электраметрычнага тыпу, прынцып дзеяння якога грунтуецца на здольнасці скуры чалавека праводзіць эл. ток. Сенсарная пляцоўка пераключальніка мае 2 ізаляваныя адна ад адной палавінкі; пасля датыкання аператарам да гэтай пляцоўкі ланцуг замыкаецца і атрыманы эл. сігнал пасля ўзмацнення перадаецца на блок пераключэння. Выкарыстоўваецца ў прыладах уводу інфармацыі, радыёэлектроннай і інш. апаратуры.

т. 14, с. 332

СЕНСА́ЦЫЯ (франц. sensation ад лац. sensus пачуццё, адчуванне),

падзея, паведамленне, якія выклікаюць моцнае ўражанне.

т. 14, с. 332

СЕНСІБІЛІЗА́ТАР у фатаграфіі,

рэчыва, уведзенае ў фатаграфічную эмульсію для яе сенсібілізацыі. Пры гэтым фотаматэрыялы набываюць дадатковую адчувальнасць да той вобласці аптычнага спектра, дзе паглынае сам С.

Галагенасярэбраныя фатаграфічныя матэрыялы маюць натуральную адчувальнасць да сіне-фіялетавай вобласці аптычнага выпрамянення. З дапамогай С. ім надаюць адчувальнасць да доўгахвалевых абласцей (зялёнай, чырвонай і інфрачырвонай) ці павышаюць іх адчувальнасць у сіне-фіялетавай вобласці. Для сенсібілізацыі фотаслаёў у шырокай вобласці спектра выкарыстоўваюцца сумесі розных С.

т. 14, с. 332

СЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯ (франц. sensibilisation ад лац. sensibilis адчувальны) у медыцыне, набыццё арганізмам спецыфічнай павышанай адчувальнасці да алергенаў. Ляжыць у аснове шэрагу алергічных захворванняў. Адрозніваюць актыўную С. (увядзенне або пападанне алергенаў у арганізм) і пасіўную (увядзенне ў здаровы арганізм сывараткі крыві або лімфацытаў ад актыўна сенсібілізаванага донара). С. могуць выклікаць адзін або некалькі алергенаў.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 332

СЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯ фатаграфічная,

увядзенне ў фатаграфічную эмульсію спец. дамешак (сенсібілізатараў) для павелічэння агульнай святлоадчувальнасці і пашырэння вобласці спектральнай адчувальнасці фотаматэрыялу. Бывае аптычная і хімічная.

Аптычная С. ажыццяўляецца дамешваннем у фотаэмульсію рэчыва, здольнага перадаць галагенідам серабра паглынутую энергію святла (непасрэдна не ўдзельнічае ў фотахім. рэакцыі). Павышае святлоадчувальнасць матэрыялаў у вобласці паглынання сенсібілізатара. Хімічная С. грунтуецца на адсарбцыйных працэсах у месцах парушэння крышталічнай рашоткі галагеніду серабра і хім. узаемадзеянняў святлоадчувальнага рэчыва з уведзенымі дамешкамі. Павышае агульную святлоадчувальнасць фатагр. эмульсій без пашырэння вобласці спектральнай адчувальнасці.

т. 14, с. 332

СЕНСІ́ЛЫ, сэнсілы (ад лац. sensilis які адчувае),

прасцейшыя органы пачуццяў у беспазваночных жывёл. Складаюцца з кутыкулярнага аддзела і 1 або некалькіх чуллівых нерв. клетак, ад якіх адыходзяць нерв. валокны ў ц. н. с. Выконваюць функцыі гігра-, механа-, тэрма-, хема-, экстэра- і інтэрарэцэптараў. Размешчаны па целе паасобку або сабраныя ў групы, найб. іх колькасць на вусіках, ротавых ч., хваставых прыдатках і канечнасцях, дзе яны аб’яднаны ў складаныя органы па некалькі тысяч С. (напр., на антэнах трутня меданоснай пчалы каля 30 тыс.).

т. 14, с. 332

СЕНСІТАМЕ́ТРЫЯ (ад позналац. sensitivus адчувальны + ...метрыя),

сукупнасць метадаў вымярэнняў фатагр. уласцівасцей святлоадчувальных матэрыялаў; раздзел метралогіі. Узнікла ў 1840-я г. (з адкрыццём фатаграфіі).

Падзяляецца на дэнсітаметрыю (вымярэнне аптычных шчыльнасцей праяўленых фотаслаёў), інтэгральную С. (вымярэнне ўласцівасцей святлоадчувальных матэрыялаў пры ўздзеянні на іх выпрамяненняў складанага спектральнага саставу) і спектральную С. (вымярэнне ўласцівасцей пры ўздзеянні монахраматычнага святла). Да сродкаў С. адносяць дэнсітометры, мікрафатометры, сенсітометры і інш. Метадамі С. карыстаюцца ў тых галінах навукі і тэхнікі, дзе праводзіцца фатагр. рэгістрацыя выпрамянення (спектраскапіі, астраноміі, ядз. фізіцы, аэрафатаграфіі і інш.).

т. 14, с. 332

СЕНСІТО́МЕТР,

прылада, з дапамогай якой на даследаваных фатаграфічных матэрыялах пасля праяўлення атрымліваюць шэраг пачарненняў і каляровых пацямненняў (сенсітаграму); сродак сенсітаметрыі. Для атрымання сенсітаграмы фотаматэрыял паслядоўна экспануюць (гл. Экспазіцыя) дазіраваным святлом зададзенага спектральнага саставу. Крыніца святла — лямпа напальвання; спектральны састаў святла мяняюць з дапамогай святлафільтраў, асветленасць дазіруюць фотаметрычным клінам.

т. 14, с. 332

СЕНСО́РНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

мэтанакіраванае развіццё і ўдасканаленне сенсорных працэсаў (адчуванняў, успрымання, уяўленняў). Садзейнічае ўсебаковаму развіццю асобы, пачуццёваму пазнанню; з’яўляецца асновай для разумовага выхавання, фізічнага выхавання, эстэтычнага выхавання. Уключае фарміраванне ўспрымання формы, памеру, прасторавых адносін паміж прадметамі, колеру, развіццё гукавога аналізу мовы, муз. слыху, рухальных адчуванняў і інш. У працэсе С.в. падрыхтоўваецца пераход ад пачуццёвага да рацыянальнага пазнання, ад успрымання да мыслення, фарміруецца аснова для практычнай і інтэлектуальнай дзейнасці. У сувязі з тым, што сенсорныя працэсы найб. інтэнсіўна развіваюцца ў дашкольным дзяцінстве, С.в. — адна з цэнтр. праблем дашкольнай педагогікі (Я.​А.​Каменскі, І.​Г.​Песталоці, Ф.​Фрэбель, М.​Мантэсоры і інш). У раннім і дашкольным дзяцінстве развіццё сенсорных працэсаў цесна звязана з практычнай дзейнасцю, таму найважнейшую ролю ў С.в. адыгрываюць гульні, заняткі маляваннем, лепкай, музыкай, канструяваннем, а таксама славеснае абазначэнне якасцей прадметаў. Развіццё агульных інтэлектуальных здольнасцей чалавека ў значнай ступені абумоўлена асаблівасцямі яго С.в. ў дзяцінстве.

т. 14, с. 333