Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАШАНІ́ЛЬ (франц. cochenille ад ісп. cochinilla літар. макрыца),

некалькі відаў насякомых з розных сям. падатр. какцыд, самкі якіх выкарыстоўваюцца для атрымання чырв. фарбы — карміну. Найб. вядомыя мексіканская К. (Dactylopius cacti), якая жыве на надземных органах кашанільнага кактуса (Цэнтр. Амерыка, Зах. Еўропа, Паўн. Афрыка, Усх. Азія); армянская, ці арарацкая К. (Porphyrophora hamelii), якая жыве на каранях злакаў (Арменія) і польская К. (P. polonica) — на каранях дубровак, суніц, талакнянкі і інш. (Еўропа). На Беларусі сустракаецца К. польская, занесена ў Чырв. кнігу.

Дарослыя самкі К. польскай даўж. да 7 мм, вішнёва-чырв. колеру, бяскрылыя, нагадваюць макрыц. Самцы крылатыя, з доўгімі васковымі ніткамі на канцы брушка.

Кашаніль польская: 1 — самец; 2 — самка.

т. 8, с. 198

КАША́НКА,

рака ў Мсціслаўскім і Чавускім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Проня (бас. р. Дняпро). Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 146 км2. Пачынаецца за 1,3 км на Пн ад в. Басценавічы Мсціслаўскага р-на. Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Даліна ў вярхоўі невыразная, ніжэй скрынка- і трапецападобная, шыр. ад 150 м у верхнім цячэнні да 1,3 км у ніжнім. Схілы стромкія і сярэдне стромкія, парэзаныя ярамі і далінамі. Пойма перарывістая, шыр. 100—800 м. Рэчышча каналізаванае на працягу 4,4 км.

т. 8, с. 198

КАША́НКА,

у беларусаў крывяная каўбаса з варанымі грэцкімі або ячнымі крупамі і тлушчам. Пашырана ў Камянецкім, Жабінкаўскім, Лунінецкім, Столінскім і інш. раёнах Брэсцкай вобл. Гл. таксама Крывянка.

т. 8, с. 198

КАШАПА́РАЎ (Анатоль Яфімавіч) (н. 15.10.1950, Мінск),

бел. спявак (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1979). У 1972—89 у ансамблі «Песняры», выконваў сола ў вак. цыкле У.Мулявіна на словы Я.Купалы і ў нар. песні «Дзяўчына-сардэнька» ў яго апрацоўцы, песнях «Добры вечар, дзяўчыначка» І.Лучанка, «Волагда» Б.Макравусава, «Я не магу іначай» А.Пахмутавай Яго выкананне адметнае лірычнай напоўненасцю, эмацыянальнасцю. Жыве ў ЗША.

А.Ю.Дзям’яненка.

т. 8, с. 198

КАШГА́Р,

рака на З Кітая (вярхоўі ў Кыргызстане і Таджыкістане). Даўж. 765 км (685 км на тэр. Кітая), пл. басейна (з р. Гёздар’я) 90,8 тыс. км2. Пачынаецца на схілах Алайскага і Заалайскага хрыбтоў, цячэ па Кашгарскай раўніне. Летняя паводка. Сярэдні расход вады ў нізоўях каля 80 м³/с. Раней упадала ў р. Яркенд, цяпер губляецца ў пясках. Вада разбіраецца для арашэння зямель Кашгарскага аазіса.

т. 8, с. 198

КАШГА́РСКАЯ РАЎНІ́НА, Тарымская раўніна,

раўніна ў Цэнтр. Азіі, на З Кітая, у бас. р. Тарым. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 500 км. Пл. каля 530 тыс. км2 (самая вял. ў Цэнтр. Азіі і адна з найб. бяссцёкавых упадзін у свеце). Дэльтавая вобласць левых прытокаў р. Яркенд. Абмежавана гарамі Цянь-Шань, Куньлунь і Бэйшань. Пераважаюць выш. 800—1500 м. Б.ч. паверхні занята пустыняй Такла-Макан. Каля падножжа гор дэлювіяльныя шлейфы з галечнікаў і пясчана-гліністых адкладаў. У паніжэннях саланчакі. На перыферыйных падгорных лёсавых раўнінах — вял. аазісы (Кашгарскі, Аксуйскі, Яркендскі, Хатанскі). Клімат умераны (цёплы, рэзка кантынентальны, пустынны). Сярэдняя т-ра студз. -20 °C, ліп. да 26 °C. Ападкаў менш за 100 мм за год. Асн. рэкі Тарым і Хатан, на У воз. Лабнор. Пустынная расліннасць на шэразёмах, па далінах тугайныя зараснікі, у аазісах земляробства, садаводства.

т. 8, с. 198

КА́ШКЕР (Анатоль Фёдаравіч) (15.12.1928, г.п. Прачыстае Першамайскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 20.3.1994),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1952). З 1952 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Характарны акцёр, майстар эпізоду. Творчасць вызначалася лаканізмам, дакладнасцю ў адборы маст. сродкаў. Сярод роляў: Важаватаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Адам («Маскарад» М.Лермантава), Сімяонаў-Пішчык («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Драбязгін, Башкін («Варвары», «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Санька («Два капітаны» В.Каверына), Іван Іванавіч («Лазня» У.Маякоўскага), Солнышкін і Даніла («Далёкая дарога» і «Домік на ўскраіне» А.Арбузава), Чарнявы («Энергічныя людзі» В.Шукшына), Фрэдзі («Пігмаліён» Б.Шоу), Хойтпляйн («Арно, прынц. фон Волькенштайн» Р.Штраля) і інш.

Г.Р.Герштэйн.

т. 8, с. 198

КА́ШКІН (Мікалай Дзмітрыевіч) (9.12.1839, г. Варонеж, Расія — 15.3.1920),

рускі муз. крытык, педагог. Вучыўся ў К.Дэйнера, пазней у А.Дзюбюка. З 13 гадоў даваў урокі музыкі, выступаў як піяніст. Выкладаў у муз. класах Маскоўскага аддз. Рас. муз. т-ва (з 1863), у Маскоўскай кансерваторыі (1866—1906, праф. з 1875). З 1862 выступаў у перыяд. друку з артыкуламі пра рус. музыку (пра творчасць П.Чайкоўскага, М.Глінкі, М.Рымскага-Корсакава). Аўтар успамінаў пра М.Рубінштэйна, С.Танеева, А.Барадзіна, прац па гісторыі Маскоўскай кансерваторыі, падручніка па элементарнай тэорыі музыкі (1875). Пераклаў на рус. мову многія працы Л.Буслера, Г.Рымана і інш.

Літ.:

Глущенко Г.С. Н.Д.Кашкин. М., 1974.

т. 8, с. 199

КАШКУРЭ́ВІЧ (Арлен) (Арсен) Міхайлавіч (н. 15.9.1929, Мінск),

бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар. маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959), выкладаў у ім у 1959—69. Працуе ў кніжнай і станковай графіцы. Творам уласцівы глыбокае філас. асэнсаванне тэмы, маст. абагульненне. Майстар малюнка. Сярод станковых работ: серыі «Партызаны» (1969—70), «Купаліяна» (па матывах твораў Я.Купалы, 1971; за абедзве Дзярж. прэмія Беларусі 1972), «Блакада» (1979), «Асветнікі» (1989), «Святыя зямлі Беларускай» (з 1993), трыпціхі «Прысвячэнне В.Быкаву» і «Спрадвечнае» (1984), дыпціх «Напалм» (1985) і інш. Аўтар ілюстрацый да выданняў: «Курган» Я.Купалы (1967), «Авадзень» Э.Войніч, «Каласы пад сярпом тваім» (абедзве 1968) і «Дзікае паляванне караля Стаха» (1983) У.Караткевіча, «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага (1973), «Фауст» І.В.Гётэ (1976), «Карнікі» А.Адамовіча (1981), «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» А.Лойкі (1990), «Найвышэйшая песня Саламонава» (1995); да Новага запавету («Евангелле паводле Лукі» і «Апакаліпсіс», 1990).

Літ.:

Ганчароў М.І. А.М.Кашкурэвіч. Мн., 1976.

Г.А.Фатыхава.

А.М.Кашкурэвіч.
А.Кашкурэвіч. Апошняя калыханка. 1996.

т. 8, с. 199

КАШМІ́Р,

гістарычная вобласць у гарах паўн.-зах. Гімалаі і Каракарум (Паўд. Азія). У 3 ст. да н.э. тэр. К. ўваходзіла ў дзяржаву Маур’яў, у 2—1 ст. да н.э. — у Кушанскую дзяржаву. У 14 ст. н.э. сюды пранік іслам. З 1586 у складзе Магольскай імперыі (заваяваны Акбарам), з 1756 — Афганістана, з 1819 пад уладай сікхаў. Пасля 1-й англа-сікхскай вайны 1845—46 анексіраваны англічанамі і перададзены імі ў кіраванне раджы (правіцеля) княства Джаму; да 1947 княства. Пасля ўтварэння суверэнных дзяржаў Індыя і Пакістан (1947) б.ч. тэрыторыі К. (144 122 км2) увайшла ў склад інд. штата Джаму і Кашмір, меншая ч. (78 114 км2) кантралюецца Пакістанам (т.зв. Свабодны Кашмір).

т. 8, с. 199