Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАХЕ́ТЫ, Кахетыя,

гістарычная вобласць ва Усх. Грузіі ў вярхоўях рэк Іоры і Алазані (прытокі Куры). Да 8 ст. ўваходзіла ў склад Картлі. З 2-й пал. 8 ст. вылучылася ў незалежнае княства. У 1104 цар Давід Будаўнік пры дапамозе мясц. азнаураў заняў К. і ўключыў яе ў склад аб’яднанага Груз. царства. У 2-й пал. 15 ст. К. вылучылася ў самаст. царства, якое вяло ў 16—18 ст. барацьбу за сваю незалежнасць ад Ірана і Турцыі (гл. таксама Кахецінскае паўстанне 1659). У 1762 К. і Картлі аб’ядналіся ў адно царства, якое ў 1801 далучана да Расіі.

т. 8, с. 190

КАХЕЦІ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1659,

нацыянальна-вызв. паўстанне супраць іранскага панавання ва Усх. Грузіі (Кахеты). Выклікана намерам правіцеляў Ірана засяліць раўніны Кахеты туркм. качавымі плямёнамі, што пагражала знішчэннем мясц. груз. насельніцтву. Паўстанне ўзначальвалі Б.​Чалакашвілі, ксанскі эрыстаў (правіцель) Шалва і яго брат Элізбар (загінулі ў баях). У паданнях апеты подзвігі нар. герояў З.​Гапрындаулі, Н.​Хашураулі, Гагалауры і інш. Кахецінцы разам з мясц. горцамі выгналі са сваіх зямель іранскія войскі і туркм. пасяленцаў; правіцелі Ірана былі вымушаны адмовіцца ад сваіх намераў.

т. 8, с. 190

КАХЕЦІ́НСКАЯ РАЎНІ́НА,

гл. Алазань-Аўтаранская раўніна.

т. 8, с. 190

КАХІ́ДЗЕ (Джансуг Іванавіч) (н. 10.1.1936, Тбілісі),

грузінскі дырыжор. Нар. арт. Грузіі (1978), нар. арт. СССР (1985). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1958), выкладае ў ёй. Вучань А.Дымітрыядзі. З 1955 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. хар. капэлы Грузіі. У 1962—71 дырыжор, з 1982 гал. дырыжор Груз. т-ра оперы і балета. З 1973 адначасова маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. сімф. аркестра Грузіі. Сярод пастановак: оперы «Саламея» Р.​Штрауса, «І быў год восьмы...» Б.​Квернадзе (абедзве 1983), «Музыка для жывых» Г.​Канчэлі (1984). Інтэрпрэтатар сімфоній С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча, Канчэлі, твораў І.​Стравінскага, Г.​Малера, Р.​Штрауса, груз. кампазітараў. Дзярж. прэмія Грузіі 1977.

т. 8, с. 190

КАХІНХІ́Н,

парода свойскіх курэй мяснога тыпу. Паходзіць ад дзікага банкіўскага пеўня. Выведзена ў Паўд.-Усх. Азіі.

Птушка буйная, з акругленымі формамі, пышным рыхлым апярэннем. Колер белы, жоўты, паласаты, палевы, чорны. Галава невял.; грэбень невял., прамастойны, лістападобны; спіна кароткая і шырокая, крылы кароткія, закругленыя, хвост кароткі; ногі невысокія, моцна апераныя. Жывая маса пеўня да 5, курыцы — да 4 кг. Несціся пачынаюць у 7—8-месячным узросце. Яйцаноскасць 100—120 яец.

М.​Ц.​Гарачкі.

Кахінхіны.

т. 8, с. 190

КАХНЕ́НКА (Серафім Васілевіч) (15.2.1914, в. Вербавічы Нараўлянскага р-на Гомельскай вобл. — 8.3.1977),

бел вучоны ў галіне іхтыялогіі. Д-р біял. н. (1968). Скончыў БДУ (1938). З 1956 у Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па біял. асновах засялення маляўкамі вугра вадаёмаў СССР. Прапанаваў тэорыю нераставай міграцыі еўрап. вугра; заснавальнік айчынных даследаванняў па ўзнаўленні еўрап. вугра ў штучных умовах.

Тв.:

Биология и распространение угря. Мн., 1958;

Европейский угорь. М., 1969;

Эколого-физиологическая пластичность европейского угря Anguilla anguilla L. Мн., 1977 (разам з В.​А.​Бяздзенежных, С.​Л.​Гаравой).

т. 8, с. 190

КАХНО́ (Ігар Паўлавіч) (30.7.1930, г. Гомель — 19.4.1988),

бел. літаратуразнавец, крытык. Д-р філал. н. (1982), праф. (1983). Скончыў Навазыбкаўскі пед. ін-т (1952). Працаваў у Сакратарыяце праўлення СП СССР (1955—56); выкладаў у Карэльскім пед. ін-це (г. Петразаводск, 1956—66). З 1966 у БДУ. Даследаваў рус. класічную і сав. паэзію, філасофію, гісторыю і тэорыю л-ры. Аўтар прац пра творчасць А.​В.​Луначарскага, Дз.​Фурманава, А.​Твардоўскага і інш.

Тв.:

Черты портрета. Мн., 1972.

Л.​С.​Савік.

т. 8, с. 190

КАХНЮ́К (Віктар Ціханавіч) (н. 24.3.1953, в. Кончыцы Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны-анколаг. Д-р мед. н. (1995). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1982). З 1982 у НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі. Навук. працы па дыягностыцы, лячэнні і рэабілітацыі анкалагічных хворых.

Тв.:

Применение радиоактивного коллоидного золота (​198Au) при комбинированном лечении рака прямой кишки (разам з В.​І.​Кнышам, Ю.​А.​Барсуковым) // Вестн. АМН СССР. 1988. № 6;

Хирургическая реабилитация больных колоректальным раком после операции по Гартману // Здравоохранение Беларуси. 1995. № 1.

т. 8, с. 190

КАХО́ЎКА,

горад на Украіне, раённы цэнтр у Херсонскай вобл., на беразе Кахоўскага вадасх. на р. Дняпро. Засн. ў 1783, горад з 1938. 42,2 тыс. ж. (1998). Прыстань. Чыг. станцыя (10 км ад горада). Машынабуд. і металаапр., харч. прам-сць; вытв-сць жалезабетонных вырабаў. Музей гісторыі горада. У 1920 у раёне К. спынена наступленне войск П.​М.​Урангеля (Кахоўскі плацдарм).

т. 8, с. 190

КАХО́ЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

на р. Дняпро, у Херсонскай, Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцях Украіны. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запоўнена ў 1955—58. Пл. 2155 км², аб’ём 18,2 км³, даўж. 230 км, найб. шыр. 25 км. Сезоннае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 3,3 м. Выкарыстоўваецца для суднаходства, арашэння і водазабеспячэння (з вадасховішча пачынаецца Паўночна-Крымскі канал), рыбнай гаспадаркі і рэкрэацыі. На берагах К.в. гарады: Запарожжа, Нікапаль, Новая Кахоўка, Кахоўка, Берыслаў, Каменка-Дняпроўская.

т. 8, с. 191