Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРЛ ((Karle) Джэром) (н. 18.6.1918, г. Нью-Йорк, ЗША),

амерыканскі фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1976). Скончыў Гарвардскі ун-т (1938). У 1943—44 удзельнічаў у стварэнні атамнай бомбы. З 1947 у даследчай лабараторыі Ваенна-марскога флоту ЗША (Вашынгтон). Навук. працы па крышталяграфіі. Адзін са стваральнікаў прамога метаду расшыфроўкі структур крышталёў. Нобелеўская прэмія 1985 (разам з Г.А.Хаўптманам).

Б.​В.​Корзун.

т. 8, с. 72

КАРЛАВІ́ЦКІ КАНГРЭ́С 1698—99,

перагаворы аб міры паміж краінамі — удзельніцамі «Свяшчэннай лігі» (Аўстрыя, Венецыя, Рэч Паспалітая, Расія) і Атаманскай Портай (Турцыя) пры пасрэдніцтве Англіі і Нідэрландаў у мяст. Карлавіцы (цяпер г. Срэмскі-Карлаўцы, Сербія). Адбыўся ва ўмовах шэрагу ваен. паражэнняў Турцыі ў аўстра-турэцкіх войнах 16—18 ст. і польска-турэцкіх войнах 17 ст. У выніку перагавораў падпісаны 3 асобныя двухбаковыя мірныя дагаворы. Паводле дагавора ад 16.1.1699 Рэч Паспалітая атрымала ч. Правабярэжнай Украіны і Падолію з крэпасцю Камянец, вярнула Турцыі 6 раней занятых малд. гарадоў (Сарокі, Сачава і інш.). Паводле дагавораў ад 26.1.1699 Аўстрыя атрымала Цэнтр. Венгрыю, Сяміграддзе (Трансільванію), Бачку (вобласць паміж рэкамі Ціса і Дунай), б.ч. Славоніі і вярнула Турцыі прав. Тэмешвар на р. Ціса; да Венецыі адышлі п-аў Марэя, 6 крэпасцей у Далмацыі і шэраг Іанічных а-воў. 24.1.1699 заключана таксама рас.-тур. перамір’е на 2 гады з захаваннем за бакамі таго, што яны мелі (у т. л. Азоў застаўся пад уладай Расіі).

т. 8, с. 73

КА́РЛАВЫ ВА́РЫ (Karlovy Vary),

горад на З Чэхіі. Засн. Карлам IV. У мінулым вядомы як Карлсбад. 56 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Вытв-сць маст. шкла і фарфоравых вырабаў, з пач. 18 ст. — натуральнай карлаварскай солі з тэрмальных вуглякіслых мінер водных крыніц. Міжнар. кінафестывалі (з 1950). Турызм. Музеі фарфору, шкла і інш.; маст. галерэя. Арх. помнікі: замкавая вежа (1605), касцёлы св. Андрэя (16 ст.), св. Марыі Магдаліны (1733—37), св. Лукаша (19 ст.). Бальнеалагічны курорт, вядомы з 16 ст. Славуты крыніцамі гарачых тэрмальных вод (42—73 °C) з мінералізацыяй да 7 г/л і карлаварскай (карлсбадскай) соллю, што выкарыстоўваюць для лячэння хвароб органаў стрававання, пры дыябеце, атлусценні і інш.

Цэнтр г. Карлавы Вары.

т. 8, с. 73

КАРЛА́ЙЛ, Карлейль (Carlyle) Томас (4.12.1795, Эклфехан, каля г. Дамфрыс, Вялікабрытанія — 5.2.1881), англійскі філосаф, гісторык, літаратар. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1814). Погляды К. фарміраваліся пад уплывам шатл. пурытан і рэліг.-філас. канцэпцыі ням. рамантыкаў. У працы «Героі, шанаванне герояў і гераічнае ў гісторыі» (1841) К. увёў у гістарыясофію і этыку 19 ст. паняцці «героі» і «культ герояў»; на яго думку, свет — гэта эманацыя боскага духа, які найб. ярка выяўляецца ў дзейнасці вял. людзей, а гісторыя — барацьба памкненняў асобных індывідуальнасцей — герояў, што яе ствараюць, пераадольваючы сваёй актыўнасцю і энергіяй супраціўленне мас. У маральна-этычных поглядах быў праціўнікам геданізму, утылітарызму і эгалітарызму; сцвярджаў, што слабыя людзі павінны саступаць мацнейшым, а больш слабыя народы — мацнейшым народам, адкуль рабіў выснову пра тое, што «мае рацыю той, хто перамагае» і матываваў поспехі боскай воляй («Французская рэвалюцыя», 1837; «Пісьмы і прамовы Олівера Кромвеля», 1845). У працы «Гісторыя Фрыдрыха Вялікага» (1858—65) апраўдваў дзейнасць прускага караля Фрыдрыха II, у т. л. называў падзелы Рэчы Паспалітай актам «боскай справядлівасці». У літ. дзейнасці пераважна папулярызаваў у Англіі ням. культуру (пераклады твораў І.​В.​Гётэ, ням. рамантыкаў, царк. песень М.​Лютэра). Апублікаваў аўтабіягр. твор «Sartor Resartus» (1833—34).

Тв.:

Рус. пер. — Французская революция: История. М., 1991;

Теперь и прежде. М., 1994.

Літ.:

Саймонс Дж.​Карлейль: Пер. с англ. М., 1981.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 73

КА́РЛА МА́РКСА ПІК,

найвышэйшая вяршыня Шахдарынскага хр. на Зах. Паміры, у Таджыкістане. Выш. 6726 м. Ледавікі (агульная пл. 26,7 км²). Упершыню вяршыні дасягнулі сав. альпіністы ў 1946.

т. 8, с. 73

КАРЛІ́ЕЎ Алты(6.1.1909, с. Бабадайхан Тэджэнскага р-на, Туркменістан — 11.12.1973), туркменскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1955). Скончыў Туркм. драм. студыю (1929, Ашхабад), тэатр. тэхнікум у Баку (1931). У 1931—41 акцёр, у 1953—56 гал. рэжысёр Туркм. драм. т-ра. У 1941—53 гал. рэжысёр, у 1960—63 дырэктар і гал. рэжысёр Туркм. т-ра оперы і балета. У 1956—60 дырэктар, з 1957 рэжысёр кінастудыі «Туркменфільм». Створаныя ў кіно вобразы вызначаюцца жыццярадаснасцю і яркім нац. каларытам. Сярод роляў у кінафільмах Нуры («Дурсун», 1940), Керым («Далёкая нявеста», 1948). Паставіў фільмы «Вырашальны крок» (1966), «Махтумкулі» (1968), «Таямніцы Мукама» (1974). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949. Дзярж. прэміі Туркменіі 1966, 1976.

т. 8, с. 73

КА́РЛІКАВАЕ ПЛАДАВО́ДСТВА,

вырошчванне нізкарослых пладовых дрэў, пераважна яблыні і грушы; адзін з метадаў інтэнсіфікацыі пладаводства. Пашырана ў краінах з цёплым сухім кліматам, у паўд. краінах СНД, на Беларусі — у паўд. і паўд.-зах. раёнах.

Нізкарослыя (1,5—3 м) дрэвы атрымліваюць прышчэпліваннем звычайных сартоў на слабарослыя прышчэпы. У якасці прышчэпаў для яблыні выкарыстоўваюць пераважна парадзізку чырваналістую, для грушы — айву. Дрэвы на такіх прышчэпах пачынаюць рана (на 2—3-і год) плоданасіць, даюць больш вял. і больш цукрыстыя плады, з іх збіраюць больш высокія ўраджаі. У карлікавых садах больш зручна праводзіць інтэгрыраваную барацьбу з хваробамі і шкоднікамі, механізаваную ўборку ўраджаю і інш.

т. 8, с. 73

КА́РЛІКАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія маюць ненармальна малыя памеры параўнальна з характэрнымі для пэўнага віду. Карлікавасць выклікаецца рознымі прычынамі: неспрыяльнымі глебава-кліматычнымі фактарамі (тундра, высакагор’е), недастатковым жыўленнем, недахопам вільгаці, прышчэпліваннем пладовых дрэў на нізкарослыя прышчэпы, вырошчваннем сеянцаў у кошыках з ушчыльненай глебай. У флоры Беларусі ёсць віды, якім у прыродных умовах уласцівы невял. (у параўнанні з роднаснымі відамі) памеры (бяроза карлікавая, брызгліна карлікавая і інш.). Вырошчваюць К.р. (хвоі, клёны, елкі і інш.) як дэкар., для бардзюраў, альпінарыяў, выкарыстоўваюць у пладаводстве. Культура К.р. пашырана ў Японіі.

т. 8, с. 74

КА́РЛІКАВЫ РОСТ, нанізм,

паталагічны стан чалавека, які характарызуецца адставаннем у росце ў параўнанні з сярэдняй нормай для ўзросту, полу, папуляцыі, расы. Праяўленне К.р. — адзін з сімптомаў генет. парушэнняў росту арганізма, шэрагу эндакрынных і неэндакрынных хвароб. У жанчын карлікавым лічыцца рост меншы за 120 см, у мужчын меншы за 130 см. Віды К.р. ўмоўна падзяляюць на прапарцыянальны і непрапарцыянальны. Клінічныя праяўленні залежаць ад віду захворвання. Напр., пры гіпафізарным К.р. (псіхіка амаль нармальная) прапорцыі і памеры цела застаюцца дзіцячыя, палавыя залозы недаразвітыя, бывае атлусценне, старэчая, маршчыністая скура твару. Пры сістэмных захворваннях шкілета рост канечнасцей значна адстае ад росту тулава, эндакрынныя і псіхічныя расстройствы адсутнічаюць. Лячэнне (да спынення росту цела) накіравана на ўстараненне прычыны, што абумоўлівае К.р.

т. 8, с. 74

КА́РЛІКІ ў астраноміі,

зоркі адносна невялікіх памераў (0,01—1 радыус Сонца) і невысокіх свяцільнасцей (10​−1—1 адзінка свяцільнасці Сонца). Маса 0,1—1 сонечнай масы. Тыповая зорка-К. — наша Сонца. Ад звычайных (чырвоных К.) будовай і ўласцівасцямі адрозніваюцца белыя К. Гэта вельмі шчыльныя (10​8—10​9 кг/м³) гарачыя зоркі малых памераў (у сярэднім радыус роўны зямному радыусу, а маса адпавядае масе Сонца, т-ра паверхні дзесяткі тысяч К). Белыя К. — канчатковая стадыя зорнай эвалюцыі, калі маса зоркі не большая за 1,4 масы Сонца.

т. 8, с. 74