БАГУШЭ́ЎСКІ БОЙ 1941,
бой партыз. атрадаў Багушэўскага (камандзір А.К.Стэльмах), І.Ф.Бяляева і групы сав. ваеннаслужачых, якія трапілі ў акружэнне (камандзір П.С.Гапонцаў), з ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Багушэўск Віцебскай вобласці ў вер. 1941. У ноч на 4 вер. асн. група партызанаў закідала гранатамі памяшканне камендатуры варожага гарнізона ў пасёлку, разграміла раённую ўправу, знішчыла аўтамашыны, пам. ваеннага каменданта Віцебска, што прыехаў на нараду, захапіла трафеі і дакументы і вярнулася на базу. Група прыкрыцця з боку шашы Віцебск—Орша перашкодзіла прыбыццю дапамогі фаш. гарнізону. Акупац. газета «Витебский вестник» паведамляла, што на Багушэўск напаў атрад колькасцю 1000 чал., узброены танкамі, артылерыяй, мінамётамі і кулямётамі.
т. 2, с. 212
БАГУШЭ́ЎСКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1924—31, 1935—60. Утвораны 17.7.1924 у Аршанскай акр. Цэнтр — г.п. Багушэўск. Пл. 895 км², нас. (на 1.1.1925) 33 889 чал., 334 нас. пункты. З 20.2.1938 у складзе Віцебскай вобласці. Скасаваны 20.1.1960, тэр. ўвайшла ў Аршанскі, Віцебскі і Сенненскі р-ны.
т. 2, с. 212
БАДА́К Алесь
(Аляксандр Мікалаевіч; нарадзіўся 28.2.1966, в. Туркі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт. Скончыў БДУ (1990). З 1991 у час. «Бярозка». Друкуецца з 1979. У зб-ках вершаў «Будзень» (1989), «За ценем самотнага сонца» (1995) — лірычныя перажыванні, трывожны роздум над жыццём сучасніка, экалагічнымі праблемамі, фалькл. матывы. У кн. для бацькоў і выхавацеляў «Маленькі чалавек у вялікім свеце» (1995) праз вершы, казкі, апавяданні вядзе з малымі даходлівую гаворку пра агульначалавечыя каштоўнасці — любоў да Радзімы, дабрыню, пашану да ўсяго жывога. Выдаў зб. вершаў для дашкольнікаў «Мы купілі кракадзіла» (1995, з В.Шніпам). На многія яго вершы напісалі песні кампазітары Э.Ханок, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў і інш.
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 212
БАДАКО́Ў Аляксандр Васілевіч
(н. 23.2.1923, в. Бахараўка Рослаўльскага р-на Смаленскай вобл.),
бел. філосаф. Канд. філас. н. (1959), праф. (1978). Скончыў БДУ (1950). Выкладаў у БПІ, Мінскім пед. ін-це. З 1973 у Гродзенскім ун-це (да 1994 рэктар). Аўтар навук. прац «Свядомасць, яе паходжанне і сутнасць» (1976), «Што вывучае філасофія» (1981), «Фарміраванне ўсебакова развітой асобы» (1987), вучэбнага дапаможніка, «Дыялектычны матэрыялізм» (1972).
т. 2, с. 212
БАДА́Н
(Bergenia),
род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Азіі. На Беларусі 1 інтрадукаваны від — бадан таўсталісты (Bergenia crassifolia). Радзіма Сібір, Алтай, Д.Усход. Выкарыстоўваецца як дэкар. расліна — для рабатак, камяністых участкаў і групавых пасадак.
Шматгадовая травяністая расліна з пакарочаным сцяблом выш. да 50 см і тоўстым наземным паўзучым карэнішчам. Лісце буйное, скурыстае, прыкаранёвае, на доўгіх чаранках, захоўваецца зімой. Кветкі чырвоныя або белыя, сабраныя па 20—40 у мяцёлчаташчыткападобныя суквецці. Плод — сухая шматнасенная каробачка. Лек., харч. і тэхн. расліна. Мае дубільныя (6—30%) і фарбавальныя рэчывы; адна з крыніц атрымання таніну, гідрахінону, галавай к-ты, арбуціну. Лісце выкарыстоўваюць як сурагат чаю — т.зв. «мангольскі чай».
т. 2, с. 212
БАДА́НАЎ Генадзь Пятровіч
(29.11.1911, с. Тубанаеўка Спаскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 5.2.1977),
архітэктар. Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1940). У 1946—50 працаваў у ін-це «Белдзяржпраект». Асн. работы ў Мінску: праект забудовы 1-й чаргі праспекта Ф.Скарыны (1945—54, у сааўт., Дзярж. прэмія Беларусі 1968), Цэнтральнай пл. (1948, у сааўт.), моста цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны (1952, у сааўт.), корпуса гасцініцы «Мінск» і інш. Аўтар праекта забудовы цэнтра г. Улан-Батар (1957—61).
т. 2, с. 212
БАДАРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА
(Badarian),
археалагічная культура неаліту і пач. энеаліту (5 — пач. 4-га тыс. да нашай эры) у даліне р. Ніл. Назва ад паселішчаў і могільнікаў каля в. Бадары ў Сярэднім Егіпце. Насельніцтва займалася матычным земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, жыло на адкрытых паселішчах у жытлах з абмазаных глінай дубцоў, сырцу, цыновак. У могільніках — трупапалажэнні людзей і жывёл, загорнутых у цыноўкі. Характэрны карычневы (пазней чырвоны) посуд з чорным верхам. Прылады выраблялі з каменю (наканечнікі стрэл, укладышы сярпоў), дрэва (бумерангі), косці; з’явіліся першыя вырабы з медзі (нажы, шпількі, пацеркі і інш.).
т. 2, с. 212
БАДАХО́С
(Badajoz),
горад на ПдЗ Іспаніі, у аўтаномнай вобласці Эстрэмадура, на р. Гвадыяна. Адм. ц. правінцыі Бадахос. Засн. рымлянамі ў 1 ст. 127 тыс. ж. (1990). Транзітны гандлёвы пункт каля мяжы з Партугаліяй. Гарбарная, тэкст., фаянсавая, мылаварная прам-сць, вінаробства. Араб. замак (11 ст.), гатычны сабор (13 ст.), арачны мост (16 ст.).
т. 2, с. 212
БАДАХША́Н,
прыродная вобласць у Сярэдняй Азіі, у гарах Паміра і Гіндукуша, па абодвух берагах р. Пяндж. Правабярэжная частка Бадахшана ўваходзіць у Горна-Бадахшанскую аўт. вобласць Таджыкістана, левабярэжная — у правінцыю Бадахшан на ПнУ Афганістана.
т. 2, с. 212
БАДГАСТА́ЙН
(Badgastein),
бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Аўстрыі. На Пд ад г. Зальцбург ва Усх. Альпах на выш. каля 1000 м. Развіваецца з 14 ст., міжнар. вядомасць набыў у 19 ст. Клімат горны, з мяккай зімой і халаднаватым летам. Каля 20 крыніц тэрмальных (да 50 °C) радонавых мінер. водаў (адкрыты ў 7 ст.), якія выкарыстоўваюць пры лячэнні органаў руху і апоры, кровазвароту, нырак і мочаправодных шляхоў. Спелеатэрапію (пры хваробах суставаў, сасудаў, перыферычнай нерв. і эндакрыннай сістэм) праводзяць у штольнях з павышанай радыеактыўнасцю паветра. Цэнтр міжнар. турызму і зімовага спорту.
т. 2, с. 212