БАДА́Н

(Bergenia),

род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Азіі. На Беларусі 1 інтрадукаваны від — бадан таўсталісты (Bergenia crassifolia). Радзіма Сібір, Алтай, Д.Усход. Выкарыстоўваецца як дэкар. расліна — для рабатак, камяністых участкаў і групавых пасадак.

Шматгадовая травяністая расліна з пакарочаным сцяблом выш. да 50 см і тоўстым наземным паўзучым карэнішчам. Лісце буйное, скурыстае, прыкаранёвае, на доўгіх чаранках, захоўваецца зімой. Кветкі чырвоныя або белыя, сабраныя па 20—40 у мяцёлчаташчыткападобныя суквецці. Плод — сухая шматнасенная каробачка. Лек., харч. і тэхн. расліна. Мае дубільныя (6—30%) і фарбавальныя рэчывы; адна з крыніц атрымання таніну, гідрахінону, галавай к-ты, арбуціну. Лісце выкарыстоўваюць як сурагат чаю — т.зв. «мангольскі чай».

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)