АБРАСТА́ННІ,
перыфітон, сукупнасць водных арганізмаў, якія пасяляюцца на штучных (днішчы суднаў, буі, збудаванні на па́лях, трубаправоды, прычалы) і прыродных (камяні, карчы, вышэйшыя водныя расліны і інш.) цвёрдых субстратах. Складаюцца з бактэрый, грыбоў, прасцейшых, водарасцяў, чарвей, імшанак, малюскаў, губак. З’яўляюцца прыродным біяфільтрам, індыкатарам якасці вады, прадуцэнтам арган. рэчываў, кармавой базай і сховішчам для водных жывёл. Прыносяць вял. страты засмечваннем водазабіральных адтулін, трубаправодаў, памяншаюць скорасць руху суднаў і г.д.
т. 1, с. 39
АБРА́Ў-ДЗЮРСО́
(ад абх. абраў правал + дзюрдсу чатыры крыніцы),
пасёлак гар. тыпу ў Краснадарскім краі Расіі, за 14 км на З ад Новарасійска, на беразе воз. Абраў. Засн. ў 1871. Вінаграднікі, вытв-сць высакаякасных шампанскіх і сталовых він, маркі якіх атрымалі шырокую вядомасць. Турызм.
т. 1, с. 39
А́БРАХАМС
(Abrahams) Пітэр Генры (н. 19.3.1919, Врэдэдарп каля Іаганесбурга, ПАР),
пісьменнік Паўд.-Афрыканскай Рэспублікі. Піша на англ. мове. Літ. дзейнасць пачаў у 1942. У творах закранае сац., паліт. і нац. праблемы краін афрыканскага кантынента. Аўтар раманаў «Шахцёр» (1945), «Сцежкаю грому» (1948; па гэтым рамане Бел. тэатр оперы і балета паставіў балет, муз. К.Караева, 1960), «Дзікі захоп» (1950), «Вянок для Удома» (1956; на бел. мову пераклаў С.Дорскі, 1959), «Ноч належыць ім» (1965), «Наш востраў сёння» (1966).
Тв.:
Рус. пер. — Горняк;
Венок Майклу Удомо. М., 1988.
т. 1, с. 39
АБРА́ШЫН Вячаслаў Мікалаевіч
(н. 22.7.1943, г. Ржэў Цвярской вобл., Расія),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1979), праф. (1981). Скончыў БДУ (1966). З 1967 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі. Адначасова з 1972 у БДУ. Навук. працы па вылічальнай матэматыцы і матэм. мадэляванні. Развіў тэорыю нелінейных рознасных схем для дыферэнц. ураўненняў у частковых вытворных, распрацаваў эканам. метады рашэння мнагамерных задач матэм. фізікі.
Тв.:
О некаторых разностных схемах для задач лучистой теплопроводности // Докл. АН СССР. 1976. Т. 230, № 4;
Об экономичных итерационных методах решения многомерных задач математической физики. II (разам з І.А.Дзюба) // Дифференциальные уравнения. 1994. Т. 30, № 2.
т. 1, с. 39
АБРО́ВА,
вадасховішча ў Беларусі, у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на меліярац. канале ў бас. р. Ясельда. За 16 км ад вусця канала, каля в. Аброва. Створана ў 1985. Пл. 1,6 км², даўж. 1,82 км, найб. шырыня 1,2 км, найб. Глыб. 4,9 м, аб’ём вады 7,1 млн. м³. Пл. вадазбору каля 270 км². Выкарыстоўваецца для арашэння зямель і рыбагадоўлі.
т. 1, с. 39
АБРО́ВА,
вёска ў Беларусі, у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса імя Чапаева. За 38 км на Пд ад г. Івацэвічы, 175 км ад Брэста. 1720 ж., 617 двароў (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, амбулаторыя, аддз. сувязі.
т. 1, с. 39
АБРО́К,
від феад. рэнты, якую землеўласнікі атрымлівалі ад прыгонных сялян. Спаганяўся прадуктамі с.-г. вытворчасці і промыслаў (натуральны аброк) або грашыма (грашовы аброк). Найб. ранняй формай быў прадуктовы аброк, які прыйшоў на змену раннесярэдневяковай даніне. У краінах Зах. Еўропы аброк усталяваўся ў 12—13 ст. На Беларусі катэгорыя сялян-аброчнікаў вядома па гіст. крыніцах 14—16 ст., але аброк тут быў мала пашыраны, пераважала паншчына. У Расіі аброк быў адной з асн. формаў эксплуатацыі сялян, хоць часта спалучаўся з паншчынай. Пасля сялянскай рэформы 1861 заменены выкупнымі плацяжамі.
т. 1, с. 40
АБРО́СІМАЎ Павел Васілевіч
(14.12.1900, с. Свабода Курскай вобл. — 21.3.1961),
архітэктар. Вучыўся ў Ленінградскай АМ (1923—25). Адказны сакратар Саюза архітэктараў СССР (1955—61). Адзін з аўтараў будынкаў СМ Украіны ў Кіеве (1934—39), Маскоўскага ун-та (Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш.
т. 1, с. 40
АБРО́СІМАЎ Пётр, разьбяр і цясляр канца 17 ст. Выхадзец з Беларусі. Працаваў у Палаце разьбярскіх і сталярскіх спраў Маскоўскага Крамля, «новым пацешным двары цара» ў Аляксандравай Слабадзе. У 1682—83 кіраваў арцеллю бел. разьбяроў, якая з арцеллю К.Міхайлава выконвала разная іканастасы для Новадзявочага і Данскога манастыроў, у 1686 — для царквы Пятра і Паўла ў Маскве. Выконваў асабістыя заказы цара і царыцы (крэслы, ківоты, шуфляды, шкатулкі, падносныя сталы).
т. 1, с. 40
АБРО́СІМАЎ Хрыстафор, ювелір 17 ст. Выхадзец з Беларусі. Працаваў у Сярэбранай палаце Маскоўскага Крамля. У 1660—64 па асабістым загадзе цара рабіў «усялякія сярэбраныя суды і царкоўныя кадзілы».
т. 1, с. 40