Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БІЧ Міхаіл Восіпавіч

(н. 27.5.1937, в. Мілявічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1985). Скончыў БДУ (1958). З 1961 у Ін-це гісторыі АН Беларусі (з 1989 нам. дырэктара). Даследуе гісторыю Беларусі 19 — пач. 20 ст.: праблемы рабочага, с.-д., народніцкага і нац. руху, фарміравання паліт. партый, грамадска-паліт. барацьбы, перыяд. друку. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 2, 1972), «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1, 1984), калект. манаграфій «Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: са старажытных часоў да 1917 г.» (1985), «Полацк: Гіст. нарыс» (2-е выд., 1987). Аўтар дапаможнікаў і падручнікаў для сярэдняй школы.

Тв.:

Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг. Мн., 1973;

Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 гг. Мн., 1983;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994 (у сааўт.).

т. 3, с. 164

БІЧУ́РЫН Мікіта Якаўлевіч

(у манастве Іакінф; 9.9.1777, с. Акулёва Цывільскага пав. Казанскай губ. ? — 23.5.1853),

расійскі гісторык, кітаязнавец, перакладчык. Скончыў Казанскую духоўную акадэмію (1799). У 1800 прыняў манаства. Займаў шэраг царк. пасад, у т. л. кіраўніка духоўнай місіі ў Пекіне (1808—20). З 1828 чл.-кар. Пецярбургскай АН, з 1831 чл. Азіяцкага т-ва ў Парыжы. Працы па пытаннях мовы, гісторыі, культуры, этнаграфіі і філасофіі Кітая, па гісторыі і культуры народаў Сярэдняй Азіі, Манголіі. Аўтар «Запісак аб Манголіі» (т. 1—2, 1828), «Апісання Тыбета ў цяперашнім яго стане» (пер. з кіт., ч. 1—2, 1828), «Гістарычнага агляду айратаў ці калмыкаў з XV стагоддзя да гэтага часу» (1834), «Статыстычнага апісання Кітайскай імперыі» (ч. 1—2, 1842), «Збору звестак аб народах, якія жылі ў Сярэдняй Азіі ў старажытныя часы» (ч. 1—3, 1851; перавыд. т. 1—3, 1950—53) і інш. твораў.

т. 3, с. 164

БІЧЭ́ЛЬ-ЗАГНЕ́ТАВА Данута Янаўна

(н. 3.12.1937, в. Біскупцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1962). Настаўнічала. З 1982 у Гродзенскім гіст.-археал. музеі, з 1995 дырэктар Музея М.Багдановіча ў Гродне. Друкуецца з 1958. Першы зб. вершаў «Дзявочае сэрца» (1961). У творчасці Бічэль-Загнетавай — шчырасць, пачуццё грамадз. адказнасці, годнасці і гонару, болю і радасці за бацькоўскую зямлю, праблемы сучаснасці і гіст. мінулага, матывы вернасці высокім маральна-этычным прынцыпам дружбы, сяброўства, кахання, мацярынства. Зб. лірыкі «Божа мой, Божа» (1993) — малітва за Беларусь, адраджэнне душы, мовы, трывожны роздум пра лёс роднага краю (верш «Малітва»), Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за зб. вершаў «Дзе ходзяць басанож» (1983). Для дзяцей зб-кі «Перапёлка» (1968), «Дагані на кані» (1973), «Габрынька і Габрусь», (1985), «Гараднічанка» (1993) і інш. Складальнік альманаха «Краю мой — Нёман» (1986, з А.Цяжкім), зб. твораў Л. і Ю.Геніюшаў «Маці і сын» (Беласток, 1992, з С.Яновічам).

Тв.:

Ты — гэта ты. Мн., 1976;

Браткі. Мн., 1979;

Даўняе сонца. Мн., 1987;

А на Палессі. Мн., 1990.

Літ.:

Бярозкін Р. Святло і рух // Маладосць. 1976. № 6;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 73—75, 111—113;

Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 47—52, 111—114.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 164

БІ́ЧЭР-СТО́У

(Beecher-Stowe) Гарыет Элізабет (14.6.1811, г. Лічфілд, ЗША — 1.7.1896),

амерыканская пісьменніца. У рамане «Хаціна дзядзькі Тома» (1852) адлюстраванне жыцця неграў-рабоў спалучаецца з пропаведдзю прынцыпаў хрысц. маралі. Праблемам рабства ў ЗША прысвечаны публіцыстычная кн. «Ключ да хаціны дзядзькі Тома» (1853) і раман «Дрэд, аповесць пра праклятае балота» (1856). Аўтар рамана «Алдтаунскія старажылы» (1869) і інш., памфлета «Апраўданне лэдзі Байран» (1870), аповесцяў, апавяданняў, вершаў-медытацый на рэліг. тэмы.

Тв.:

Рус. пер. — Хижина дяди Тома. М., 1980.

т. 3, с. 164

БІ́ШАП

(Bishop) Майкл (н. 1936),

амерыканскі анколаг. Праф. ун-та ў г. Сан-Францыска. Навук. працы па даследаванні працэсаў новаўтварэння, клетачных механізмаў анкагенезу. Нобелеўская прэмія 1989 (разам з Х.Вармусам).

т. 3, с. 164

БІ́ШАФ

(Biscoff) Тэадор Людвіг (28.10.1807, г. Гановер, Германія — 5.12.1882),

нямецкі анатам, эмбрыёлаг і фізіёлаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1846). Праф. (1836). Вучыўся ў Бонскім і Гейдэльбергскім ун-тах. За 1836 працаваў у Гейдэльбергскім, Гісенскім, Мюнхенскім ун-тах. Даследаваў раннія стадыі развіцця зародка млекакормячых, увёў паняцці пра зародкавыя пласты (экта-, меза- і энтадэрму), апісаў працэс драблення яйца (1838). Выявіў у крыві жывёл кісларод і свабодную вуглекіслату, займаўся параўнальным вывучэннем мозга малпаў і чалавека. Абагульніў даныя ў манаграфіі «Эмбрыялогія чалавека і пазваночных жывёл» (1842).

т. 3, с. 164

БІШАФІ́Т

(ад прозвішча ням. вучонага Г.Бішафа),

мінерал класа галагенідаў, водны хларыд магнію MgCl2·6H2O. Прымесь брому да 1%.

Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя. Агрэгаты зярністыя, ліставатыя, валакністыя. Бясколерны або белы. Бляск шкляны да цьмянага. Цв. 1—2. Крохкі. Шчыльн. 1,6 г/см³. Гіграскапічны. Мае пякуча-горкі смак. У саляных адкладах сульфатнага тыпу, багатых магніем. Другарадны мінерал пакладаў карналіту і галіту. Сыравіна для атрымання магнію і яго злучэнняў, вытв-сці магнезіяльнага цэменту і інш.

т. 3, с. 165

БІШКЕ́К , горад, сталіца Кыргызстана. Размешчаны ў Чуйскай даліне каля падножжа Кіргізскага хр. 616 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне (с.-г. машыны, электрарухавікі, кантрольна-вымяральныя прылады, ЭВМ і інш.). Развіта лёгкая (абутковая, камвольна-суконная, трыкат., швейная), хім., хіміка-фармацэўтычная, дрэваапр., харчасмакавая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. АН Кыргызстана. 8 ВНУ, у т. л. ун-т. 4 т-ры. 4 музеі.

Засн. ў 1825 ханамі Какандскага ханства, пабудавана крэпасць Пішпек. У 1860 і 1862 крэпасць занята рас. войскамі і разбурана, у 1864 на яе месцы заснавана рас. ваен. паселішча. З 1878 Пішпек — павятовы горад. З 1918 ён у складзе Туркестанскай АССР, з 1924 цэнтр Кара-Кіргізскай (з 1925 Кірг.) аўт. вобласці РСФСР. У 1926 перайменаваны ў г. Фрунзе, стаў сталіцай Кіргізскай АССР, у 1936 — Кірг. ССР. З 1991 сталіца Кыргызстана пад назвай Бішкек.

Паводле плана 1872 Бішкек забудаваны прамавугольнай сеткай вуліц з невял. кварталамі пераважна глінабітных і сырцова-саманных дамоў. Планы рэканструкцыі (1939, 1948—58, 1971) развіваюць гіст. планіроўку, ствараюцца новыя раёны, паркавыя зоны. Сярод значных арх. збудаванняў: т-р оперы і балета (1955, арх. А.Лабурэнка), б-ка імя М.Г.Чарнышэўскага (1962, арх. В.Нусаў), музей выяўл. мастацтва (1974, арх. Ш.Джэкшанбаеў і інш.), цырк (1976, арх. Л.Сегал і інш.). Манумент Дружбы (1974, скульпт. Т.Садыкаў, З.Хабібулін, С.Бакшэеў, арх. А.Няжурын), манумент герою эпасу «Манас» (1981, скульпт. Садыкаў, арх. А.Пячонкін).

т. 3, с. 165

БІЭ́ЛЫ КАМЕ́ТА,

камета, якая ў 1852 распалася на мноства метэорных целаў, што ўтварылі метэорны паток Андрамедыды. Адкрыта чэш. астраномам В.Біэлам у 1826. Апошні раз назіралася ў 1872 як слабае каметападобнае воблака.

т. 3, с. 165

БІ́Я...

(ад грэч. bios жыццё),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «жыццё», абазначае сувязь з жыццём, жыццёвымі працэсамі, адпавядае слову «біялагічны», напр., біяграфія, біясфера, біякаталіз.

т. 3, с. 165