БІЧЭ́ЛЬ-ЗАГНЕ́ТАВА Данута Янаўна

(н. 3.12.1937, в. Біскупцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1962). Настаўнічала. З 1982 у Гродзенскім гіст.-археал. музеі, з 1995 дырэктар Музея М.Багдановіча ў Гродне. Друкуецца з 1958. Першы зб. вершаў «Дзявочае сэрца» (1961). У творчасці Бічэль-Загнетавай — шчырасць, пачуццё грамадз. адказнасці, годнасці і гонару, болю і радасці за бацькоўскую зямлю, праблемы сучаснасці і гіст. мінулага, матывы вернасці высокім маральна-этычным прынцыпам дружбы, сяброўства, кахання, мацярынства. Зб. лірыкі «Божа мой, Божа» (1993) — малітва за Беларусь, адраджэнне душы, мовы, трывожны роздум пра лёс роднага краю (верш «Малітва»), Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за зб. вершаў «Дзе ходзяць басанож» (1983). Для дзяцей зб-кі «Перапёлка» (1968), «Дагані на кані» (1973), «Габрынька і Габрусь», (1985), «Гараднічанка» (1993) і інш. Складальнік альманаха «Краю мой — Нёман» (1986, з А.Цяжкім), зб. твораў Л. і Ю.Геніюшаў «Маці і сын» (Беласток, 1992, з С.Яновічам).

Тв.:

Ты — гэта ты. Мн., 1976;

Браткі. Мн., 1979;

Даўняе сонца. Мн., 1987;

А на Палессі. Мн., 1990.

Літ.:

Бярозкін Р. Святло і рух // Маладосць. 1976. № 6;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 73—75, 111—113;

Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 47—52, 111—114.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)