Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БІТЭ́ЛЬ Пятро

(Пётр Іванавіч; 19.6.1912, г.п. Радунь Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.10.1991),

бел. паэт, перакладчык. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў Вільні (1931), Мінскі пед. ін-т (1970). У 1931—39 настаўнічаў. У 1944 вывезены ў Германію. Вызвалены ў 1945. У 1947 беспадстаўна звольнены з настаўніцкай працы. Стаў правасл. святаром. У 1950 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Кемераўскай вобл., Омску і Джэзказгане. У 1956 вызвалены. Да 1963 служыў у царкве. У 1963—74 зноў настаўнічаў. Рэабілітаваны ў 1978. Друкаваўся з 1929 у час. «Шлях моладзі» пад псеўд. Леанід з-пад Вішнева. Аўтар паэм «Замкі і людзі» (1968; пра ВКЛ да Крэўскай уніі); «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага» (1984; пра Афанасія Філіповіча). Паэмы адметныя гістарызмам мыслення, уменнем эпічна, панарамна паказаць напружаныя моманты жыцця. Пераклаў на бел. мову творы А.Міцкевіча («Пан Тадэвуш», «Конрад Валенрод», «Гражына», «Дзяды», «Крымскія санеты»), польскамоўныя паэмы і п’есы В.Дуніна-Марцінкевіча, аповесць Ю.І.Крашэўскага «Хата за вёскай» (1989), паасобныя творы М.Канапніцкай, Б.Пруса, Ю.Славацкага, Г.Сянкевіча, М.Лермантава, А.Пушкіна, І.Франко, Т.Шаўчэнкі, Б.Брэхта, І.В.Гётэ, Ф.Шылера і інш.

Тв.:

Замкі і людзі. Мн., 1968;

Паэмы. Мн., 1984;

Дзве вайны: Вершы, аповесці. Мн., 1990.

I.У.Саламевіч.

т. 3, с. 163

БІУРЭ́ТАВАЯ РЭА́КЦЫЯ,

рэакцыя Піятроўскага, каляровая рэакцыя (фіялетавая афарбоўка), што атрымліваецца пры ўзаемадзеянні арган. рэчыва, у малекуле якога ёсць пептыдная (амідная) сувязь (-CO-NH-), з сернакіслай меддзю ў шчолачным асяроддзі. Выкарыстоўваецца для колькаснага і якаснага вызначэння бялкоў, а таксама прадуктаў іх гідролізу — пептонаў і пептыдаў, пачынаючы з трыпептыдаў. Упершыню апісана ў 19 ст. для простага арган. злучэння — біурэту (NH2-CO-NH-CO-NH2).

А.М.Ведзянееў.

т. 3, с. 163

БІФО́РЫУМ,

біфора (ад лац. biforis скразны, на абодва бакі), двухчасткавы арачны праём або элемент аркады, падзелены на 2 часткі па восі слупам (калонкай). Біфорыум перакрываецца цыркульнай (раманская і візант. архітэктура), спічастай (готыка), лучковай (барока, эклектыка) аркамі. Прамежак паміж малымі (унутранымі) і вял. (знешняй) аркамі можа быць глухі, аздоблены дэкар.-пластычным элементам і ажурны. У бел. архітэктуры біфорыум выкарыстаны ў Сар’еўскім касцёле, Каменкаўскім Антоніеўскім касцёле, у царкве ў в. Азерцы Гродзенскага р-на (пач. 20 ст.) і інш.

Г.А.Лаўрэцкі.

т. 3, с. 163

БІФУРКА́ЦЫЯ РЭК

(ад лац. bifurcus раздвоены),

раздзяленне рэчышча і даліны на 2 самастойныя ракі, якія ўпадаюць у розныя басейны. Найчасцей узнікае ад размыву паверхневымі водамі плоскіх водападзелаў. Найб. вядома ў сістэме р. Арынока (Паўд. Амерыка). На Беларусі існуе біфуркацыя рэк бас. Нёмана — праз р. Выня сцёк ажыццяўляецца ў р. Цапра бас. Прыпяці, а таксама з Пцічы па пратоках вада паступае ў рэкі Цітаўка і Талька бас. Свіслачы. Назіраецца сезонная біфуркацыя рэк, калі пераліў вады з аднаго басейна ў другі адбываецца ў час паводкі або разводдзя.

т. 3, с. 163

БІХА́Р,

штат на ПнУ Індыі. Пл. 173,9 тыс. км². 86,3 млн. чал. (1994), каля 2/3 — біхарцы. Адм. ц.г. Патна. На Пн — частка Інда-Гангскай раўніны, на Пд — пласкагор’е Чхота-Нагпур (макс. выш. больш за 1000 м). Клімат трапічны мусонны з сухой зімой і вільготным летам. Ападкаў каля 1000 мм за год. На Пд штата — гал. раён Індыі па здабычы каменнага вугалю, жал. і меднай руды, слюды (буйнейшае ў свеце радовішча; гл. Біхарскі слюданосны раён), уранавай сыравіны, баксітаў. Развіты металургічная (Бакара, Ранчы, Джамшэдпур), маш.-буд., цэментная, папяровая, хім., нафтахім., харч. прам-сць. Пад пасевамі каля 50% пл., значная ч. зямель арашаецца. Гал. культура — рыс. Вырошчваюць таксама кукурузу, пшаніцу, ячмень, зернебабовыя, бульбу, на ПнУ — джут, на левабярэжжы Ганга — цукр. трыснёг. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і буйвалаў. Транспарт чыгуначны і рачны.

т. 3, с. 163

БІ́ХАР

(Bihor),

горны масіў на З Румыніі, частка Заходніх Румынскіх гор. Выш. да 1848 м (г. Куркубэта). Пераважаюць пакатахвалістыя хрыбты і масівы. Ускраіны моцна расчлянёныя скідамі. Патухлыя вулканы. Складзены з крышт. сланцаў, гранітаў мезазойскіх пясчанікаў, кангламератаў, гліністых сланцаў, вапнякоў. Радовішчы жал. руды, баксітаў. Шыракалістыя і хваёвыя лясы.

т. 3, с. 163

БІХА́РСКІ СЛЮДАНО́СНЫ РАЁН,

у Індыі (штат Біхар), буйнейшы ў свеце. Даўж. 160 км, шыр. 16—25 км. Асваенне з 1848. Пегматытавыя жылы плагіяклаз-кварц-мускавітавага саставу залягаюць пераважна ў слюдзяных сланцах. Колькасць буйнакрышт. мускавіту ў жыльнай масе да 180 кг/м³, выхад ліставой слюды з сырцу каля 17%. Як спадарожныя здабываюць берыл, калумбіт, уранініт. Гал. пастаўшчык на сусв. рынак ліставой высакаякаснай слюды рубінавага колеру (бенгальская слюда). Фабрыкі ў г. Кодарма і Гірыдых.

т. 3, с. 163

БІХЕВІЯРЫ́ЗМ

(ад англ. behaviour паводзіны),

адзін з пашыраных кірункаў у сучаснай зах. псіхалогіі. Засн. у 1913 амер. псіхолагам Дж.Уотсанам. Эксперым. асновай біхевіярызму паслужылі даследаванні амер. псіхолагам Э.Торндайкам паводзін жывёл. Працягваючы механістычны кірунак у псіхалогіі, біхевіярызм атаясамліваў свядомасць і паводзіны, зводзіў псіхічныя з’явы да рэакцый арганізма, а ўсё пазнанне — да ўтварэння ў арганізмах (уключаючы і чалавека) умоўных рэакцый. У 1920-я г. біхевіярызм распаўся на шэраг кірункаў, якія спалучалі асн. дактрыну з элементамі інш. тэорый (гештальтпсіхалогіі, псіхааналізу), узнік неабіхевіярызм. Ідэі біхевіярызму паўплывалі на лінгвістыку, антрапалогію, сацыялогію, семіётыку і сталі адным з вытокаў кібернетыкі.

Літ.:

Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985.

т. 3, с. 163

БІ́ЦЦІ,

1) у фізіцы, перыядычныя змены амплітуды выніковага вагання пры складанні двух гарманічных ваганняў блізкіх частот; асобны выпадак амплітудна-мадуляваных ваганняў (гл. Амплітудная мадуляцыя). Калі A1 і A2 — амплітуды складаемых ваганняў, то амплітуда выніковага вагання змяняецца ад A1 + A2 да A1 − A2. Метад Біцці выкарыстоўваецца для вымярэння частот, ёмістасці, індуктыўнасці, для настройвання муз. інструментаў і інш. 2) У механіцы — адхіленні паверхняў вярчальных (вагальных) цыліндрычных дэталяў машын і механізмаў ад правільнага ўзаемнага размяшчэння. Радыяльныя Біцці — вынік зрушэння цэнтра (эксцэнтрысітэт) разгляданага сячэння дэталі адносна восі вярчэння. Тарцовыя Біцці — вынік неперпендыкулярнасці тарцовай паверхні дэталі да базавай восі і адхіленняў формы тарца ўздоўж лініі вымярэння. Біцці прыводзяць да павышанага зносу і выхаду са строю дэталяў машын (напр., пры парушэнні балансіроўкі колаў аўтамабіля).

т. 3, с. 164

БІЧ Іван Андрэевіч (падп. псеўд. Таёжны; 1881; в. Ясьманаўцы Валожынскага р-на Мінскай вобл.кастр., удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Хаваючыся ад паліцыі, выехаў у Сібір. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. Краснаярскага губрэўкома. Для барацьбы з Калчаком у лют. 1919 стварыў у с. Шытка Канскага пав. Енісейскай губ. партыз. атрад, з ім удзельнічаў у паўстанні, якое ахапіла 13 валасцей. Больш за 1000 партызанаў бесперапыннымі дыверсіямі на ўчастку Тайшэт-Тулун Сібірскай чыг. зрывалі забеспячэнне белагвардзейцаў на Усх. фронце, стварылі т.зв. «тайшэцкую затычку». Біч быў камісарам шыткінскіх партызанаў, узначальваў лятучы лыжны атрад. У вер. 1919 трапіў у палон, пасля катаванняў павешаны. У Тайшэце помнік Бічу.

т. 3, с. 164