Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕНАКО́СЦЫ (Opiliones, або Phalangida),

атрад жывёл кл. павукападобных. 3 падатр., каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. адзначаецца С. звычайны (Phalangium opilio). Жывуць у лясным подсціле, пад карой дрэў, на сценах пабудоў, агароджах, паверхні глебы.

Даўж. цела 1—22 мм, авальнай формы, ад шэрага да чорнага колеру. Падобныя да павукоў, адрозніваюцца ад іх сегментаваным брушкам (9—10 сегментаў), якое злучана з галавагрудзямі шырокай асновай. Ногі тонкія, доўгія, лёгка адрываюцца (аўтатамія). Дыхаюць трахеямі. Кормяцца насякомымі, малюскамі, арган. рэшткамі.

Сенакосцы: 1 — звычайны; 2 — трагулюс акватыкус; 3 — немастома квадрыпунктата; 4 — ганілептус курвіпес.

т. 14, с. 324

СЕНАСТА́ЎКІ,

сямейства млекакормячых атр. зайцападобных; гл. Пішчухавыя.

т. 14, с. 324

СЕНА́Т (лац. senatus ад senex стары),

1) у Старажытным Рыме адзін з вышэйшых дзярж. органаў улады. Узнік з савета старэйшых патрыцыянскіх родаў у канцы царскай эпохі (каля 6 ст. да н.э.), быў дзярж. саветам пры цару. У рэсп. перыяд (5—3 ст. да н.э.) улада С. была абмежавана на карысць каміцый. У час імперыі фармальна лічыўся вышэйшай дзярж. установай, яго ўлада была абмежавана імператарам. Пры Дыяклетыяне (канец 3 ст. н.э.) ператвораны ў дзярж. савет г. Рым, пры Канстанціне (4 ст.) С. створаны ў Канстанцінопалі, ураўнаваны ў правах з С. Рыма.

2) У Рэчы Паспалітай дзярж. рада манарха і вышэйшая палата сойма. Узнік з С. Польскага каралеўства (склаўся да пач. 16 ст.) і Рады Вялікага княства Літоўскага. У 1569 у С. увайшлі ўсе ранейшыя польскія сенатары, прадстаўнікі Каралеўскай Прусіі і ўкр. зямель, далучаных да Польшчы; з ВКЛ — 2 біскупы (віленскі, жамойцкі), 9 ваяводаў (віленскі, трокскі, смаленскі, полацкі, навагрудскі, віцебскі, брэсцкі, мсціслаўскі, мінскі), староста жамойцкі, 10 кашталянаў (віленскі, трокскі, жамойцкі, смаленскі, полацкі, навагрудскі, віцебскі, брэсцкі, мсціслаўскі, мінскі), 5 вышэйшых ураднікаў дзяржавы, т.зв. міністраў — маршалак найвышэйшы (вялікі), канцлер, падканцлер, падскарбі земскі (вялікі) і маршалак надворны. У 1569 было 140 сенатарскіх пасад, пазней іх колькасць мянялася. С. разам з каралём (вял. князем) і Пасольскай Ізбой прымаў заканадаўчыя акты і інш. пастановы. Пазней былі ўведзены пасады сенатараў-рэзідэнтаў (з пач. 17 ст. выбіраліся 16 чал. на 2 гады, з 1641—28 чал.). У 1-й пал. 18 ст. вял. значэнне набылі рады С., склад якіх вызначаў кароль. Сенатары ўдзельнічалі таксама ў пасяджэннях соймавага суда.

3) У Расіі ў 1711—1917 правячы С. — вышэйшы дзярж. орган, падпарадкаваны імператару. Засн. Пятром I у 1711. Першапачаткова калегіяльны орган для кіравання дзяржавай у адсутнасць цара, замяніў Баярскую думу. З 2-й чвэрці 18 ст. правы С. абмяжоўвалі Вярхоўны тайны савет, потым Кабінет міністраў. У 1763 у выніку рэформы падзелены на дэпартаменты. З 1775 выконваў судовыя функцыі. Пасля заснавання міністэрстваў (1802) як вышэйшы судовы орган наглядаў за дзейнасцю дзярж. устаноў і чыноўнікаў. Паводле судовых статутаў 1864 С. — вышэйшая касацыйная інстанцыя.

4) Назва верхняй палаты парламента ў шэрагу сучасных дзяржаў (Бельгіі, Ірландыі, Італіі, Польшчы, Францыі, ЗША, Канады і інш.). У некат. краінах С. фарміруюцца шляхам прамых выбараў (Італія, Польшча), у інш. — прызначаюцца кіраўніком дзяржавы цалкам ці часткова. У шэрагу дзяржаў С. перавыбіраецца не поўнасцю, а часткова (напр., у ЗША кожныя 2 гады абнаўляецца 1/3 С.).

А.​А.​Радаман (С. Рэчы Паспалітай).

т. 14, с. 324

СЕНА́ТАР (лац. senator),

1) у Старажытным Рыме член сената, а з канца 1 ст. да н.э. таксама прадстаўнік вышэйшага саслоўя. Званне С. было пажыццёвым, у імператарскі час перадавалася ў спадчыну ці магло быць падаравана імператарам.

2) У Рэчы Паспалітай член дзярж. рады манарха і вышэйшай палаты сойма.

3) У Рас. імперыі і некат. сучасных дзяржавах член сената. Маюць тыя ж правы, што і дэпутаты ніжніх палат (гл. Парламент).

т. 14, с. 325

СЕНА́ТАРСКІЯ РЭВІ́ЗІІ,

перыядычныя праверкі мясц. дзярж. апарата спец. прызначанымі сенатарамі ў Расіі 18 — пач. 20 ст. Уведзены Пятром I у 1722 як штогадовыя камандзіроўкі сенатараў у губерні і правінцыі. У 1-й пал. 18 ст. праведзены С.р. толькі Маскоўскай губ. (1726). Адноўлены ў 1760-я г., праводзіліся нерэгулярна (да 1799—15 Р.с.). Паводле ўказа Паўла I у 1799—1800 С.р. праведзены ўсіх губерняў, выяўлены шматлікія парушэнні ў мясц. кіраванні і судзе, самавольства чыноўнікаў, вял. колькасць нявырашаных спраў; паводле вынікаў С.р. сенат зняў некалькі дзесяткаў асабліва скампраметаваных чыноўнікаў. У 19 ст. рэвізаваны 53 губ., некат. з іх па некалькі разоў. С.р. ў пэўнай ступені стрымлівалі самавольства мясц. улад, іх вынікі разглядаліся ў сенаце і Савеце міністраў.

т. 14, с. 325

СЕНАЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,

с.-г. машыны для ўборкі травы, нарыхтоўкі сена і сенажу.

У залежнасці ад спосабу сенаўборкі выкарыстоўваюцца: для скошвання травы — рознага тыпу касілкі; варушэння яе з мэтай больш хуткага высыхання — варушылкі (звычайна механічныя з шарнірнымі лемяшамі); зграбання сена ў валкі — граблі, падборкі сена з валкоў у копы — падборшчыкі, валакушы; транспарціроўкі копаў да месца сціртавання — капавозы (1 або 2 навясныя грабельныя рашоткі з механізмамі падымання і апускання, устаноўленыя на колавым трактары); укладкі сена ў стог і копаў на трансп. сродкі — стагакіды, прасавання сена ў цюкі (стандартныя, кароткамерныя, буйнагабарытныя) — прэс-падборшчыкі, падборшчыкі-ўкладчыкі цюкоў; загатоўкі здробненага сена — самаходныя і прычапныя камбайны, здробненае сена ад якіх дастаўляецца да месца дасушвання і захоўвання; прыгатавання травяной мукі, гранул і брыкетаў з зялёнай масы, што прывозіцца з поля — спец. памолачныя агрэгаты, гранулятары, брыкетавальнікі, інш. кормапрыгатавальныя машыны і спец. стацыянарныя тэхнал. лініі.

Літ.:

Практикум по сельскохозяйственным машинам. Мн., 1997.

В.​М.​Кандрацьеў.

Сенаўборачныя машыны: 1 — навясны універсальны капавоз КУН-10 (агрэгатуецца з трактарамі МТЗ); 2 — граблі-варушылка Л-503 («Лідсельмаш»).

т. 14, с. 325

СЕНАЎБО́РКА,

комплекс працэсаў па прыгатаванні сена. Уключае скошванне, высушванне траў, укладванне сена на захоўванне. Травы скошваюць у перыяд, калі расліны маюць найб. колькасць пажыўных рэчываў (злакавыя травы ў перыяд калашэння, бабовыя — бутанізацыі). Вял. значэнне мае вышыня скошвання (завышэнне зрэзу травы на 1 см у параўнанні з аптымальным зніжае ўраджайнасць на 5—7%). Для паскарэння высушвання бабовыя травы плюшчаць. Скошаную траву правяльваюць у пракосах да 45—50% вільготнасці, пераварочваюць, зграбаюць у валкі, складаюць у копы, сцірты. Пры запаволеным высушванні і паўторным намаканні сена страчвае ч. мінер. і арган. рэчываў, таму ўжываюць актыўнае вентыліраванне ці штучную сушку на сушыльных апаратах. Пры гэтым павялічваецца на 30% збор сена з 1 га, павышаецца колькасць у ім пратэіну на 7—10%, караціну на 20%. Гл. таксама Сенаўборачныя машыны.

т. 14, с. 325

СЕ́НА ДА СІ́ЛЬВА ((Senna da Silva) Айртан) (21.3.1960, г. Сан-Паўлу, Бразілія — 1.5.1994),

бразільскі спартсмен (аўтамаб. гонкі). З 1981 у Вялікабрытаніі. У «Формуле-1» выступаў з 1984. Чэмпіён свету (1988, 1990, 1991), віцэ-чэмпіён (1989, 1993).

т. 14, с. 324

СЕНБЕРНА́Р, бернардзінскі сабака,

парода буйных дэкаратыўна-вартаўнічых сабак. Выведзена ў 13—14 ст. у Швейцарыі. Назва ад аднайм. кляштара (Швейцарскія Альпы), дзе яна выкарыстоўвалася для пошуку людзей у гарах.

Магутныя, маларухомыя сабакі грубай і рыхлай канстытуцыі. Выш. ў карку 65—70 см. Касцяк масіўны. мускулатура аб’ёмістая. Галава вял., шырокая. Вушы звіслыя. Скура рыхлая, утварае складку і адвісласці. Масць белая з рыжымі плямамі, рыжа-пярэстая розных адценняў. Грудзі, лапы, морда каля носа і канец шаблепадобнага хваста белыя. Даўга- ці караткашэрсныя.

Сенбернар.

т. 14, с. 325

СЕ́НГЕР, Сангер (Sanger) Фрэдэрык (н. 13.8.1918, Рэндкамб, Вялікабрытанія), англійскі біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1954). Ганаровы чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1958). Д-р філасофіі (1943). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1939). У 1944 у Мед. даследчым савеце, з 1951 кіраўнік аддзела хіміі бялку лабараторыі малекулярнай біялогіі Кембрыджскага ун-та. Навук. працы па вызначэнні структур малекул бялкоў і нуклеінавых к-т. Вызначыў хім. будову малекулы інсуліну і першасную структуру гена, які кадзіруе сінтэз інсуліну. Прапанаваў метад расшыфроўкі першаснай структуры ДНК, заснаваны на ферментатыўным сінтэзе высокарадыеактыўнай камплементарнай паслядоўнасці. Нобелеўскія прэміі 1958, 1980 (разам з П.​Бергам і У.​Гілбертам).

Ф.Сенгер.

т. 14, с. 326