СЕ́НГЕР, Сангер (Sanger) Фрэдэрык (н. 13.8.1918, Рэндкамб, Вялікабрытанія), англійскі біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1954). Ганаровы чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1958). Д-р філасофіі (1943). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1939). У 1944 у Мед. даследчым савеце, з 1951 кіраўнік аддзела хіміі бялку лабараторыі малекулярнай біялогіі Кембрыджскага ун-та. Навук. працы па вызначэнні структур малекул бялкоў і нуклеінавых к-т. Вызначыў хім. будову малекулы інсуліну і першасную структуру гена, які кадзіруе сінтэз інсуліну. Прапанаваў метад расшыфроўкі першаснай структуры ДНК, заснаваны на ферментатыўным сінтэзе высокарадыеактыўнай камплементарнай паслядоўнасці. Нобелеўскія прэміі 1958, 1980 (разам з П.Бергам і У.Гілбертам).