СЕНА́Т (лац. senatus ад senex стары),

1) у Старажытным Рыме адзін з вышэйшых дзярж. органаў улады. Узнік з савета старэйшых патрыцыянскіх родаў у канцы царскай эпохі (каля 6 ст. да н.э.), быў дзярж. саветам пры цару. У рэсп. перыяд (5—3 ст. да н.э.) улада С. была абмежавана на карысць каміцый. У час імперыі фармальна лічыўся вышэйшай дзярж. установай, яго ўлада была абмежавана імператарам. Пры Дыяклетыяне (канец 3 ст. н.э.) ператвораны ў дзярж. савет г. Рым, пры Канстанціне (4 ст.) С. створаны ў Канстанцінопалі, ураўнаваны ў правах з С. Рыма.

2) У Рэчы Паспалітай дзярж. рада манарха і вышэйшая палата сойма. Узнік з С. Польскага каралеўства (склаўся да пач. 16 ст.) і Рады Вялікага княства Літоўскага. У 1569 у С. увайшлі ўсе ранейшыя польскія сенатары, прадстаўнікі Каралеўскай Прусіі і ўкр. зямель, далучаных да Польшчы; з ВКЛ — 2 біскупы (віленскі, жамойцкі), 9 ваяводаў (віленскі, трокскі, смаленскі, полацкі, навагрудскі, віцебскі, брэсцкі, мсціслаўскі, мінскі), староста жамойцкі, 10 кашталянаў (віленскі, трокскі, жамойцкі, смаленскі, полацкі, навагрудскі, віцебскі, брэсцкі, мсціслаўскі, мінскі), 5 вышэйшых ураднікаў дзяржавы, т.зв. міністраў — маршалак найвышэйшы (вялікі), канцлер, падканцлер, падскарбі земскі (вялікі) і маршалак надворны. У 1569 было 140 сенатарскіх пасад, пазней іх колькасць мянялася. С. разам з каралём (вял. князем) і Пасольскай Ізбой прымаў заканадаўчыя акты і інш. пастановы. Пазней былі ўведзены пасады сенатараў-рэзідэнтаў (з пач. 17 ст. выбіраліся 16 чал. на 2 гады, з 1641—28 чал.). У 1-й пал. 18 ст. вял. значэнне набылі рады С., склад якіх вызначаў кароль. Сенатары ўдзельнічалі таксама ў пасяджэннях соймавага суда.

3) У Расіі ў 1711—1917 правячы С. — вышэйшы дзярж. орган, падпарадкаваны імператару. Засн. Пятром I у 1711. Першапачаткова калегіяльны орган для кіравання дзяржавай у адсутнасць цара, замяніў Баярскую думу. З 2-й чвэрці 18 ст. правы С. абмяжоўвалі Вярхоўны тайны савет, потым Кабінет міністраў. У 1763 у выніку рэформы падзелены на дэпартаменты. З 1775 выконваў судовыя функцыі. Пасля заснавання міністэрстваў (1802) як вышэйшы судовы орган наглядаў за дзейнасцю дзярж. устаноў і чыноўнікаў. Паводле судовых статутаў 1864 С. — вышэйшая касацыйная інстанцыя.

4) Назва верхняй палаты парламента ў шэрагу сучасных дзяржаў (Бельгіі, Ірландыі, Італіі, Польшчы, Францыі, ЗША, Канады і інш.). У некат. краінах С. фарміруюцца шляхам прамых выбараў (Італія, Польшча), у інш. — прызначаюцца кіраўніком дзяржавы цалкам ці часткова. У шэрагу дзяржаў С. перавыбіраецца не поўнасцю, а часткова (напр., у ЗША кожныя 2 гады абнаўляецца 1/3 С.).

А.​А.​Радаман (С. Рэчы Паспалітай).

т. 14, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)