Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУМАРО́Н, 2,3-бензафуран,

гетэрацыклічнае кіслародазмяшчальнае вытворнае бензолу. Бясколерная вадкасць з духмяным пахам, tкіп 173—175 °C, шчыльн. 1077,6 кг/м³ (15 °C). Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў этаноле, эфіры. Устойлівы да ўздзеяння шчолачаў, полімерызуецца ў прысутнасці мінер. к-т, к-т Льюіса і пераксідаў. Уваходзіць у састаў кам.-вуг. смалы, з якой яго вылучаюць; атрымліваюць таксама К. сінтэтычны. Выкарыстоўваюць вытворныя К. для адбельвання паперы, у якасці фатагр. праявіцеляў, антыаксідантаў каўчукоў, як сцынтыляцыйныя матэрыялы і лек. прэпараты.

Куманіка.

т. 9, с. 19

КУМАРО́НА-ІНДЭ́НАВЫЯ СМО́ЛЫ, індэн-кумаронавыя смолы,

сінтэтычныя смолы; тэрмапластычныя сумесі нізкамалекулярных палімераў і супалімераў кумарону, індэну і іх гамолагаў.

К.-і.с. з мал. м. 300—600 — вязкія светла-жоўтыя вадкасці, з мал. м. 1000—3000 — аморфныя цвёрдыя цёмна-рудыя рэчывы. Не раствараюцца ў вадзе, этаноле, раствараюцца ў араматычных і хларыраваных вуглевадародах, алеях. Устойлівыя ў шчолачах і разбаўленых к-тах; тэрмаўстойлівыя смолы з высокімі дыэл. ўласцівасцямі і малой цеплаправоднасцю. Атрымліваюць полімерызацыяй у прысутнасці каталізатара (серная к-та, хларыд алюмінію і інш.) ненасычаных фракцый прадуктаў каксавання вугалю (сырога бензолу) ці піролізу нафты (сальвент-нафты). Выкарыстоўваюць у вытв-сці плітачных матэрыялаў (напр., для пакрыцця падлог), друкарскіх фарбаў, чарніла, воданепранікальнай паперы, як пластыфікатар у гумавай прам-сці.

т. 9, с. 19

КУ́МАРЫ, Комарын,

мыс у Індыі, паўд. край п-ва Індастан (8°04 паўн. ш., 77°35 усх. д.).

т. 9, с. 19

КУМАРЫ́Н, лактон о-оксікарычнай кіслаты,

бясколерныя крышталі з пахам толькі што скошанага сена. Знаходзіцца ў выглядзе глюказідаў у многіх раслінах: баркуне, зуброўцы і інш. Растваральны ў спірце і эфіры, дрэнна — у вадзе. У прам-сці К. атрымліваюць з саліцылавага альдэгіду і воцатнага ангідрыду. Выкарыстоўваецца як духмянае рэчыва ў вытв-сці тытунёвых вырабаў і парфумернай прам-сці.

т. 9, с. 19

КУМА́СІ (Kumasi),

горад у цэнтр. ч. Ганы. Адм. ц. вобл. Ашанці. Засн. ў канцы 17 ст. як сталіца дзяржавы Ашанці. Каля 400 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: лесапільная, дрэваапр., буд. матэрыялаў, абутковая. Апрацоўка какавы. Рамёствы. Ун-т. Гісторыка-этнагр. музей Ашанці.

т. 9, с. 19

КУМАЧО́Ў (Уладзімір Іванавіч) (н. 9.9.1941, г. Горкі Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Д-р тэхн. н., праф. (1994). Скончыў БСГА (1965). У 1967—71 і з 1975 у БСГА. Навук. працы па аўтам. кіраванні глебавай вільгаццю, тэорыі грунтавой вады, кавітацыі. Распрацаваў тэорыю і сістэмы аўтам. кантролю і кіравання глебавай вільгаццю, тэорыю кавітацыйнай эрозіі матэрыялаў і спосаб стварэння кавітацыі.

Тв.:

Устойчивость нелинейной гидромелиоративной системы регулирования водного режима почвы // Водное хозяйство и гидротехническое строительство. Мн., 1987. Вып. 16.

т. 9, с. 19

КУ́МА-МА́НЫЦКАЯ ЎПА́ДЗІНА,

тэктанічнае жолабападобнае паніжэнне, якое аддзяляе Перадкаўказзе ад Усх.-Еўрап. раўніны. Шыр. 20—30 км, у цэнтр. ч. звужана да 1—2 км. Злучае Кубана-Прыазоўскую і Прыкаспійскую нізіны. У антрапагене — марскі праліў паміж Чорным і Каспійскім морамі. Змяшчае сістэму азёр і вадасховішчаў, Кума-Маныцкі канал. Усх. ч. занята нізоўем р. Кума. Па К.-М.у. праходзіць умоўная мяжа паміж Еўропай і Азіяй.

т. 9, с. 19

КУМЕ́ЛЬСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (1884, г. Томск, Расія — 19.4.1939),

рускі акцёр і рэжысёр; заснавальнік рус. т-ра на Беларусі. Засл. арт. Беларусі (1933). Засл. дз. маст. Беларусі (1938).

Сцэн. дзейнасць пачаў у 1904 акцёрам у правінцыі, з 1910 антрэпрэнёр, у 1916—19 працаваў у т-рах Масквы, Яраслаўля. У 1923—27 трупа пад яго кіраўніцтвам гастраліравала на Украіне і Беларусі. У 1928 арганізаваў рус. т-р у Бабруйску (Дэпо-тэатр). Заснавальнік, кіраўнік (1932—36) і акцёр Дзяржаўнага рускага драм. т-ра Беларусі. Артыст шырокага творчага дыяпазону, пераканаўчай маст. праўды, моцнага тэмпераменту, майстар пераўвасаблення. Сярод лепшых роляў: Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Тарцюф («Тарцюф» Мальера), Гай («Мой сябар» М.Пагодзіна), Вяршынін («Браняпоезд 14-69» У.Іванава), Скутарэўскі («Скутарэўскі» Л.Лявонава), Мамлак («Прафесар Мамлак» Ф.Вольфа). Яго пастаноўкам уласцівы тонкі маст. густ, дакладнае пачуццё стылю аўтара. Найб. значныя: «Мой сябар» і «Ягор Булычоў і іншыя», «Скутарэўскі», «Тарцюф», «Прафесар Мамлак», «Дзядзька Ваня» А.Чэхава, «Шалёныя грошы» А.Астроўскага.

І.Я.Ліснеўскі.

У.У.Кумельскі.
У.Кумельскі (у цэнтры) у ролі Крачынскага.

т. 9, с. 19

КУ́МЖА, ласось-таймень (Salmo trutta),

рыба сям. ласасёвых. Некалькі падвідаў, у т. л. аральскі, каспійскі, чарнаморскі ласосі. Тыповая К. — прахадная форма, пашырана ў прыбярэжных раёнах мораў Еўропы. Ёсць прэснаводная жылая форма — азёрная і рачная фарэль, або стронга. На Беларусі К. трапляецца рэдка (бас. р. Буг, Зах. Дзвіна, Нёман).

Даўж. да 1 м, маса да 13 кг (каспійскі ласось да 51 кг). На целе і спінным плаўніку дробныя чорныя плямкі, у час нерасту ў самцоў ружаватыя акруглыя плямы Корміцца рыбай, буйнымі ракападобнымі. Нерастуе ўвосень у рэках, моладзь жыве ў прэснай вадзе 1—7 гадоў, потым мігрыруе ў мора. Аб’ект промыслу і развядзення.

Кумжа: 1 — прахадная, 2 — самец у нераставым стане.

т. 9, с. 20

КУМІ́Р,

1) статуя язычніцкага бога, ідал.

2) Аб’ект асаблівага захаплення, пакланення.

т. 9, с. 20