Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЛПАКО́ВА (Ірына Аляксандраўна) (н. 22.5.1933, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1965). Герой Сац. Працы (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1951, педагог А.Ваганава), Ленінградскую кансерваторыю (1982). З 1951 салістка, з 1971 педагог-рэпетытар Марыінскага т-ра, з 1989 — «Амерыканскага тэатра балета» (Нью-Йорк). Выканальніца гал. партый у балетах рус. і замежнай класікі і сучасных аўтараў (многія ўпершыню ў СССР). Вяршынь балетнага акадэмізму дасягнула ў партыях Аўроры («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Раймонды («Раймонда» А.Глазунова), Жызэлі («Жызэль» А.Адана). Здымалася ў тэлеэкранізацыях балетаў, тэлефільмах-канцэртах і інш. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паставіла балеты «Жызэль» (1987), «Спячая прыгажуня» (1990). Дзярж. прэмія СССР 1980. «Залатая зорка» Міжнар. фестывалю танца ў Парыжы (1965), прэмія імя Г.Паўлавай (Парыж, 1982).

Літ.:

Ильичева М.А. И.Колпакова. 2 изд. Л., 1986.

І.Калпакова ў ролі Матылька.

т. 7, с. 481

КАЛПАКЧЫ́ (Уладзімір Якаўлевіч) (7.9.1899, Кіеў — 17.5.1961),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген. арміі (1961). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928). У арміі з 1916, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—21. З 1936 нам. нач. штаба БВА. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Бранскім, Паўд.-Зах., Калінінскім, Сталінградскім, Данскім, Цэнтр., Бел., 2-м і 1-м Бел. франтах: нач. штаба арміі, камандуючы арміямі. 63-я армія пад яго камандаваннем удзельнічала ў Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. З 1945 камандуючы арміяй, акругай, у Цэнтр. апараце Мін-ва абароны СССР.

У.Я.Калпакчы.

т. 7, с. 482

КАЛПА́ШНІКАЎ (Генадзь Аляксандравіч) (н. 5.8.1928, г. Ржэў Цвярской вобл., Расія),

бел. геолаг. Д-р геолага-мінералагічных н. (1993). Скончыў Маскоўскі тарфяны ін-т (1952). З 1967 у Бел. геолага-разведачным НДІ. Навук. працы па інж. геалогіі, геаэкалогіі, вывучэнні тэхнагенных працэсаў, методыцы геаэкалагічнага буйнамаштабнага картаграфавання небяспечных геал. працэсаў.

т. 7, с. 482

КАЛТАНЮ́К (Уладзімір Максімавіч) (н. 15.6.1938, в.Бялёва Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1966), працуе ў ім (заг. кафедры). Навук. працы па метадах дыягностыкі і хірург. лячэнні органаў брушной поласці, мед. дапамогі пры экстраннай хірург. паталогіі.

Тв.:

Хірургічныя хваробы. Мн., 1996 (разам з С.І.Юпатавым).

т. 7, с. 482

КАЛУБО́ВІЧ ((Каханоўскі) Аўген) (Яўген) Тодаравіч (5.3.1912, в. Ціхінічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 25.5.1987),

бел. гісторык, літаратуразнавец, паліт. дзеяч. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1939). У 1930 арыштаваны, сасланы. У 1933 вярнуўся ў БССР, з 1939 кансультант-метадыст Наркамасветы БССР. У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі, уваходзіў у склад Беларускай рады даверу, Беларускай цэнтральнай рады (1944, справы культуры), кіраўнік Беларускага культурнага згуртавання (1944); на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 выступіў з асн. рэфератам. З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША. Удзельнічаў у рабоце бел. арг-цый і партый, займаўся літ., навук., культ.-асв. і паліт.-грамадскай дзейнасцю. Даследчык мовы, л-ры, гісторыі Беларусі, пачынальнік вывучэння гісторыі бел. эміграцыі. Укладальнік, рэдактар і адзін з аўтараў зб. «Янка Купала і Якуб Колас, 1882—1982: Вянок успамінаў пра іх» (1982).

Тв.:

Крокі гісторыі: Даслед., арт., успаміны. Беласток;

Вільня;

Менск, 1993;

На крыжовай дарозе: Тв. з эміграцыі. Мн., 1994.

т. 7, с. 482

КАЛУ́ГА (Huso dauricus),

рыба роду бялуг сям. асятровых. Пашырана на Д. Усходзе, у бас. Амура. 2 формы: паўпрахадная (на нераст заходзіць у Амур) і рачная (пастаянна жыве ў Амуры). Трапляецца таксама ў азёрах.

Даўж. да 5,6 м (часцей 1,5—2,5 м), маса да 1000 кг (звычайна 50—100 кг). Рот вял., паўмесяцавы. Ікра буйная, да 4 мм у дыяметры. Маляўкі кормяцца бентасам, дарослыя — рыбай. Жыве да 55 гадоў. Колькасць падтрымліваецца штучным развядзеннем. Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

т. 7, с. 482

КАЛУ́ГА,

горад у Расіі, цэнтр Калужскай вобл., на левым беразе р. Ака. Вядома з 1371. 347 тыс. ж. (1997). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы машынабуд., прыладабуд., хім., дрэваапр., лёгкай і харч. прам-сці; вытв-сць буд.матэрыялаў. Пед. ін-т. Драм. тэатр. Музеі: краязнаўчы, маст., гісторыі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага.

Сярод арх. помнікаў каменны дом Корабавых (1697), цэрквы Пакрова на Рове (1687), Георгія за Верхам (1700—01), Спаса Праабражэння (1709—17) і інш. Паводле рэгулярных планаў 1778 і 1785 узведзены будынкі ў стылі класіцызму: Прысутныя месцы (1780—85, арх. П.Нікіцін), Троідкі сабор (1786—1819, арх. І.Ясныгін), гасціны двор (1785—88, дабудоўваўся ў 1811—21), дамы Залатаровых—Калагрывавай (1805—08), Мяшковых (пач. 19 ст.), Дваранскага сходу (1848—50, арх. П.Гусеў). Непаўторнасць гораду надаюць драўляныя 1-павярховыя 3-аконныя дамы з карнізамі вял. вынасу і разнымі ліштвамі ў стылі ампір. У К. створаны ансамбль Тэатральнай пл. (1958), узведзены будынак Музея гісторыі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага (1967, арх. Р.Бархін і інш.).

Літ.:

Фехнер М.В. Калуга. М., 1971.

Калуга.

т. 7, с. 482

КАЛУ́ГІН (Аляксей Савельевіч) (н. 15.10.1921, в. Чыстыя Лужы Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі, фізіялогіі спорту і спарт. медыцыны. Д-р мед. н. (1970), праф. (1973). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1952). З 1961 у Гродзенскім мед. ін-це. З 1971 у Гомельскім ун-це (да 1985 заг. кафедры). Навук. працы па лячэнні спайкавай хваробы брушыны, рэабілітацыі спартсменаў, фізіял. заканамернасцях адаптацыі арганізма да розных умоў жыццядзейнасці.

Тв.:

Еюнопликации. Мн., 1976;

За здоровьем и долголетием. Мн., 1983.

т. 7, с. 482

КАЛУ́ЖСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры Еўрапейскай ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 5.7.1944. Пл. 29,9 тыс. км². Нас. 1097 тыс. чал., гарадскога 72% (1996). Цэнтр — г. Калуга. Найб. гарады: Обнінск, Людзінава, Сухінічы, Кондрава, Малаяраславец, Кіраў.

Прырода. Паверхня — узгорыстая раўніна, густа расчлянёная далінамі рэк, ярамі і лагчынамі. Большая ч. тэр. занята Смаленскім і Сярэднярускім узвышшамі. Пераважаюць вышыні 150—250 м, найб. 279 м. Карысныя выкапні: буры вугаль, фасфарыты, вапнякі, гліны, кварцавыя пяскі, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -10 °C, ліп. 18 °C. Гадавая колькасць ападкаў 550—650 мм. Гал. рэкі: Ака з прытокамі Жыздра, Угра, Шаня, Таруса, Пратва (бас. р. Волга), Балва і Снопаць (бас. р. Дняпро). Многа штучных вадаёмаў, найб. Людзінаўскае вадасховішча. Глебы на Пн і ПдЗ дзярнова-падзолістыя, у цэнтры і на У шэрыя лясныя. Пад лесам (хвоя, елка, бяроза, асіна) каля 40% тэр. У межах К.в. Угрынска-Жыздрынскі нац. парк і запаведнік «Калужскія засекі».

Гаспадарка. Прамысловасць шматгаліновая: маш.-буд. і металаапр. (турбіны, цеплавозы, электратэхн. вырабы, прылады, помпы, пуцеўкладчыкі), лёгкая (шарсцяная, гарбарная, трыкатажная, швейная, маст. вырабаў), харч. (мясная, плодакансервавая, крухмальная), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (піламатэрыялы, мэбля, запалкі, папера), буд. матэрыялаў (шкло, фаянс, жалезабетонныя вырабы, цэгла), хім. (вырабы з пластмасы і палімерных матэрыялаў). Здабыча бурага вугалю (Падмаскоўны вугальны бас.), торфу, буд. матэрыялаў. Першая ў свеце АЭС (Обнінск). Пад с.-г. ўгоддзямі 46,6% тэр. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, грэчка, ячмень, пшаніца, авёс), бульбу, агародніну, кармавыя культуры, з тэхнічных — лён-даўгунец. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Свіна-, авечка-, птушкагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 361,4, свіней — 153. Па тэр. К.в. праходзяць чыгункі Масква—Сухінічы—Унеча, Вязьма—Калуга—Тула, Смаленск—Сухінічы—Бялёў, Вязьма—Людзінава—Бранск; аўтадарогі Масква—Малаяраславец—Рослаўль, Масква—Калуга—Арол. Суднаходства па р. Ака.

С.І.Сідор.

т. 7, с. 482

КАЛУ́ЖСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́СКАЙ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ МО́ЛАДЗІ,

грамадская арганізацыя ў 1918. Аб’ядноўваў беларусаў-бежанцаў 1-й сусв. вайны. 30.5.1918 зарэгістраваны Беларускім нацыянальным камісарыятам. Прапагандаваў бел. нац.-сацыяліст. ідэі. Пры гуртку існавалі секцыі: драм., культ.-асв., гіст., агітацыйная, нар. штукарства. Праводзіў вечарыны, чытанні, канцэрты.

т. 7, с. 483