Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САВЕ́НКА (Сяргей Аляксандравіч) (н 10.9.1958, г.п. Гарадзішча Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне радыёлакацыі і радыёнавігацыі Д-р тэхн. н. (1996), праф. (2001). Скончыў Мінскае вышэйшае ваеннае інж. вучылішча (1980). З 1997 у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах шматпазіцыйнай актыўна-пасіўнай радыёлакацыі, радыёнавігацыі, прыладабудаванні і эл. сувязі. Распрацаваў методыку ацэнкі эфектыўнасці радыёлакацыйных комплексаў і сістэм, а таксама метады іх выпрабавання ў палявых умовах.

Тв.:

Теория и техника совместной адаптивной обработки сигналов в активно-пассивных радиолокационных системах. Мн., 2000.

М.​П.​Сааік.

т. 14, с. 51

САВЕ́РЧАНКА (Іван Васілевіч) (н. 2.4.1962, в. Маліноўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, гісторык. Д-р філал. н. (2000). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1983). З 1988 працуе ў Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. Даследуе гісторыю і тэорыю л-ры, гісторыю і філас. думку Беларусі, культурнае ўзаемадзеянне еўрапейскіх народаў перыяду Рэнесансу, Рэфармацыі і барока, праблемы дзяржаўнасці і адукацыі. Аўтар прац: «Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.», «Астафей Валовіч», «Канцлер Вялікага Княства: Леў Сапега» (усе 1992), «Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар» (1993), «Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі» (1994), «Хрысціянскі катэхізіс у кніжна-пісьмовай культуры ўсходніх славян эпохі Адраджэння і барока» (1998) і інш., навукова-папулярных артыкулаў пра Ф.​Скарыну, Міколу Гусоўскага, І.​Пацея, А.​Рымшу, С.​Косава, Кірылу Тураўскага, М.​Сматрыцкага, М.​Радзівіла Чорнага і інш. Працы С. вылучаюцца багаццем фактычнага матэрыялу, грунтоўнасцю навук. аналізу.

Тв.:

Aurea mediocritas: Кніжна-пісьмовая культура Беларусі: Адраджэнне і ранняе барока. Мн., 1998.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 51

САВЕТАЛО́ГІЯ,

сукупнасць даследаванняў аб СССР у галіне гісторыі, палітыкі, ідэалогіі, гаспадаркі, культуры, якія праводзіліся да 1991 у заходніх краінах або ў цэнтрах, звязаных з імі. Частка даследчыкаў уключала ў С. і вывучэнне сацыяліст. краін — саюзнікаў СССР. Папярэднікамі ўласна С. былі пераважна рас. эмігранты 1920-х г. М.​Бярдзяеў, Г.​Фядотаў, М.​Суханаў, а таксама К.​Каўцкі і інш. Як навук. дысцыпліна аформілася ў 1940—50-я г. Гал. цэнтрамі былі Гувераўскі ін-т вайны і рэвалюцыі ў ЗША, ун-ты ЗША і Зах. Еўропы (у Фрыбуры, Лондане, Парыжы). Выдаваліся часопісы па С.: «The Journal on Communist Studies» («Часопіс камуністычных даследаванняў»), «Slavic Review» («Славянскі агляд»), «Soviet Studies» («Савецкія даследаванні»), «Soviet Jewish Affairs» («Справы савецкіх яўрэяў» і інш. Найб. вядомыя саветолагі: З.​Бжазінскі, Р.​Конквест, С.​Коэн, Р.​Э.​Пайпс, Л.​Шапіра і інш. Напачатку С. мела практычна-прапагандысцкі характар ва ўмовах ідэалагічнага процістаяння капіталіст. і сацыяліст. сістэм. Творы вядучых саветолагаў пачалі выдавацца ў СССР з канца 1980-х г. Пасля распаду СССР (1991) цэнтры С. даследуюць посткамуністычныя і камуністычныя дзяржавы, пераважна ў Азіі (В’етнам, Кітай, Паўн. Карэя).

т. 14, с. 55

САВЕ́ТАЎ (Аляксандр Васілевіч) (24.11.1826, с. Гульнева Дзмітраўскага р-на Маскоўскай вобл. —7.12.1901),

бел. і расійскі аграном, першы ў Расіі і Беларусі д-р сельскай гаспадаркі (1867). Праф. (1855). Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1850). З 1853 вывучаў сельскую гаспадарку ў Расіі, Германіі, Бельгіі і інш. З 1855 заг. кафедры ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це. У 1859—1900 у Пецярбургскім ун-це (заг. кафедры, з 1888 дэкан). Навук. працы па пытаннях земляробства, глебазнаўства, жывёлагадоўлі, перапрацоўкі с.-г. прадукцыі. Распрацоўваў рацыянальныя спосабы вядзення сельскай гаспадаркі, упершыню ў сусв. практыцы звязаў развіццё сістэм земляробства з сац.-эканам. ўмовамі. У 1885—91 разам з В.​В.​Дакучаевым выдаваў «Матэрыялы па вывучэнні рускіх глеб».

т. 14, с. 55

САВЕ́ТНІК,

1) назва пасады ў некат. прадстаўнічых органах дзярж. улады (міністэрствах, пасольствах і пад.), таксама асоба, якая займае гэтую пасаду. Напр., С. юстыцыі, С. пасольства.

2) У дарэв. Расіі С. наз. чыны розных класаў паводле іерархіі рангаў, што існавалі ў цывільнай службе (напр. надворны С., тытулярны С., калежскі С.).

т. 14, с. 55

САВЕ́ТЫ ДЭПУТА́ТАЎ,

выбарныя прадстаўнічыя органы дзярж. улады ў б. СССР і ў Рэспубліцы Беларусь. Фарміруюцца на аснове ўсеагульнага, прамога і роўнага выбарчага права пры тайным галасаванні. Упершыню ўзніклі ў Рас. імперыі ў ходзе рэвалюцыі 1905—07 як самадзейныя выбарныя органы кіраўніцтва рэв барацьбой нар. мас і зачаткі рэв. органаў улады. Іх першай гіст. формай сталі Саветы рабочых дэпутатаў, што напачатку ствараліся для кіраўніцтва стачачнай барацьбой рабочых — у Іванава-Вазнясенску (сход упаўнаважаных дэпутатаў, май 1905), Луганску (лют. 1905), Кастраме (ліп. 1905) і інш. Ў перыяд найвыш. ўздыму рэвалюцыі восенню 1905 Саветы рабочых дэпутатаў узніклі больш як у 50 гарадах Расіі, у т. л. ў Маскве, Пецярбургу, Кіеве, Адэсе, Баку. Адначасова ў Маскве ўзнік Савет салдацкіх дэпутатаў, у Краснаярску — аб’яднаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у Севастопалі — Савет матроскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у Чыце — Савет салдацкіх і казацкіх дэпутатаў, у Навінскай вол Цвярской губ. — Савет сялянскіх дэпутатаў. У Латвіі і Грузіі як Саветы дзейнічалі сял. к-ты. На Беларусі некат. функцыі Саветаў выконвалі Мінскі кааліцыйны савет 1905, кааліцыйная камісія ў Віцебску; падобныя да Саветаў органы і стачачныя к-ты існавалі ў Гомелі, Пінску, Мазыры, Баранавічах, Ваўкавыску, Лунінцы. Ў Саветы ўваходзілі прадстаўнікі ад меншавікоў, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і бальшавікоў. Маскоўскі Савет рабочых дэпутатаў (больш як 200 дэпутатаў), дзе вядучая роля належала бальшавікам, падрыхтаваў і ўзначаліў у горадзе снежаньскую ўсерасійскую палітычную стачку 1905, якая перарасла ва ўзбр. паўстанне. Усяго ў ходзе рэвалюцыі 1905—07 узніклі 62 Саветы, многія з якіх у працэсе абвастрэння рэв. барацьбы пачыналі дзейнічаць як органы рэв. улады: арыштоўвалі чыноўнікаў паліцыі, стваралі баявыя дружыны, явачным парадкам уводзілі 8-гадзінны рабочы дзень, свабоду друку і г.д. Пасля паражэння рэвалюцыі 1905—07 Саветы спынілі існаванне. Зноў паўсюдна ўзніклі ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі 1917. У адрозненне ад Саветаў 1905—07 найчасцей ствараліся аб’яднаныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У сак. 1917 у губ., пав. гарадах і прамысл. цэнтрах было каля 600 Саветаў. Існавалі асобныя Саветы салдацкіх дэпутатаў, Саветы сял. дэпутатаў (губ., пав., валасныя). На фронце функцыі Саветаў выконвалі палкавыя, дывізіённыя, карпусныя, армейскія, франтавыя і інш. к-ты (гл. Салдацкія камітэты). У 1-й пал. сак. Саветы створаны ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Оршы, Бабруйску, Мазыры, Полацку, Слуцку, Рагачове, Барысаве. За 2 месяцы пасля Лют. рэвалюцыі на Беларусі створана 37 Саветаў, з іх 28 у сакавіку: 10 Саветаў рабочых дэпутатаў, 10 Саветаў салдацкіх дэпутатаў, 8 аб’яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці [Мінск, 4—7 (17—20).6.1917] выбраў Выканком Заходняга абл. Савета. Паміж пасяджэннямі функцыі абласнога выканкома выконваў Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі Гомельскага, Магілёўскага, Барысаўскага, Бабруйскага, Аршанскага Саветаў.

Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў [створаны 27.2.(12.3.).1917] фактычна выконваў ролю Усерас. Савета. З яго згоды 2(15).3.1917 сфарміраваны Часовы ўрад. Калі Часовы ўрад і Саветы адначасова выконвалі ўладныя функцыі, устанавілася двоеўладдзе. У першыя месяцы пасля Лют. рэвалюцыі большасць у Петраградскім і ў большасці інш. Саветаў належала меншавікам і эсэрам. Напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 1917 было 1429 Саветаў, у т. л. 706 — рабочых і салдацкіх дэпутатаў, 235 — рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў, 455 — сял. дэпутатаў. I Усерас. з’езд сял. дэпутатаў [4(17).5—28.5.(10.6).1917] выбраў Цэнтр. выканаўчы к-т (ЦВК) Саветаў сял. дэпутатаў; I Усерас. з’езд Саветаў [3(16).6—24.6.(7.7)1917] — Усерас. Цэнтр. выканаўчы к-т (ВЦВК) Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Ліпеньскі крызіс 1917 прывёў да ліквідацыі двоеўладдзя і пераходу рэальнай улады ў рукі Часовага ўрада. Рэв. ўздым у час барацьбы з Карнілава мяцяжом 1917 і роля бальшавікоў у яго разгроме абумовілі працэс бальшавізацыі Саветаў вядучых гарадоў Расіі. З перамогай праведзенай бальшавікамі Кастр. рэвалюцыі 1917, паводле рашэнняў Другога Усерасійскага з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [25—27.10 (7—9.11). 1917], уся ўлада ў краіне перайшла да Саветаў, якія сталі паліт. асновай новай (савецкай) дзяржавы. Расія ператварылася ў рэспубліку Саветаў. Напярэдадні Кастр. рэвалюцыі большасць Саветаў сял. дэпутатаў была пад уплывам эсэраў. Пад уплывам бальшавікоў Надзвычайны Усерас. з’езд Саветаў сял. дэпутатаў [10—25.11(23.11—8.12)1917] і 11 Усерас. з’езд Саветаў сял. дэпутатаў [26.11—10.12(9—20.12).1917] прызналі ўсе дэкрэты Сав. улады, прынялі рэзалюцыі пра неабходнасць аб’яднаць Саветы рабочых. салдацкіх і сял. дэпутатаў; зліліся Цэнтральныя выканкомы Саветаў сял. дэпутатаў і Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У студз. 1918 III Усерас. з’езд Саветаў сял. дэпутатаў зліўся з III Усерас. з’ездам Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [10—18(23—31).1.1918]. Утварыліся аб’яднаныя Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Пасля стварэння Рабоча-сял. Чырв. Арміі [дэкрэт ад 15(28). 1.1918] яны атрымалі назву Саветы рабочых, сял. і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Канстытуцыя РСФСР 1918, прынятая V Усерас. з’ездам Саветаў (4—10.7.1918), заканадаўча замацавала ўсталяваную сістэму Саветаў; Усерас. з’езд Саветаў — найвышэйшы орган улады РСФСР, абласныя, губ. (акруговыя), пав. (раённыя), валасныя з’езды Саветаў і Саветы гарадоў, пасёлкаў, вёсак. Усерас. з’езд Саветаў збіраўся 2 разы на год і выбіраў ВЦВКнайвыш. орган улады Сав. Расіі паміж з’ездамі. Мясц. з’езды выбіралі выканкомы, якія былі вышэйшымі органамі ўлады на гэтай тэр. паміж з’ездамі; выканкомы выбіраліся ў гарадах і вёсках.

Права выбіраць і быць выбранымі мелі ўсе дарослыя грамадзяне, апрача асоб, якія карысталіся наёмнай працай, служак рэліг. культаў, былых служачых і агентаў паліцыі, жандармерыі, ахоўных аддзяленняў, членаў дома Раманавых. У ходзе грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22 меншавікі і эсэры за свае антыбальшавіцкія выступленні былі пазбаўлены права ўдзелу ў Саветах; Саветы сталі аднапартыйнымі, г.зн. трапілі пад поўны кантроль камуніст. (бальшавіцкай) партыі [да 1925 — РКП(б), да 1952 — ВКП(б), у 1952—91 — КПСС]. Пасля ўтварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР) у структуры Саветаў адбыліся змены. Паводле Канстытуцыі СССР 1924 і канстытуцый саюзных рэспублік вярх. органам дзярж. улады стаў Усесаюзны з’езд Саветаў, паміж з’ездамі — ЦВК СССР; у рэспубліках — з’езды Саветаў і паміж з’ездамі — ЦВК рэспублік. Мясц. органамі ўлады былі: краявыя, абласныя, губ., акруговыя, пав., раённыя, валасныя з’езды Саветаў, паміж з’ездамі — выканкомы. Праз сістэму Саветаў Камуніст. партыя фактычна праводзіла сваю ўнутр. і знешнюю палітыку. Як органы ўлады Саветы, насуперак існуючаму ў многіх краінах прынцыпу раздзялення ўлад, аб’ядноўвалі заканад. і выканаўча-распарадчыя, гасп. функцыі. Паводле Канстытуцыі СССР 1936 Саветы рабочых, сял. і чырвонаармейскіх дэпутатаў перайменаваны ў Саветы дэпутатаў працоўных, уся сістэма Саветаў рэарганізавана і набыла той выгляд, які з нязначнымі зменамі захавала да канца 1980-х г. Яна падзялялася на вышэйшыя і мясц. органы дзярж. улады. Да вышэйшых органаў належалі Вярхоўны Савет СССР, Вярх. Саветы саюзных і аўт. рэспублік (на Беларусі — Вярх. Савет БССР), да мясц. органаў — краявыя, абласныя, аўт. абласцей, нац. акруг, раённыя, гар., сельскія і пасялковыя Саветы. Усе Саветы ствараліся паводле адзінага прынцыпу дэмакр. цэнтралізму, адрозніваліся толькі аб’ёмам паўнамоцтваў і некат. арганізац. бакамі дзейнасці. Ніжэйстаячыя падпарадкоўваліся вышэйстаячым, былі падкантрольныя і падсправаздачныя ім. Саветы ўтваралі, выбіралі або прызначалі ўсе інш. органы сав. дзяржавы, надзялялі іх адпаведнымі паўнамоцтвамі і кантралявалі іх работу. У складзе Саветаў утвараліся адпаведныя камісіі для кіраўніцтва рознымі галінамі жыцця і гаспадаркі. Саветы не толькі прымалі дзярж. рашэнні, але і ажыццяўлялі іх праз утвораныя імі органы. Канстытуцыя 1936 скасавала абмежаванні выбарчых правоў грамадзян паводле класавага прынцыпу, абвясціла ўсеагульнае, роўнае і прамое выбарчае права пры тайным галасаванні. Як і раней, дзейнасць Саветаў фактычна аб’ядноўвала і накіроўвала Камуніст. партыя, якая праводзіла праз парт. групы, створаныя ў іх, сваю палітыку. У 1930-я г. склалася практыка вылучэння працоўнымі калектывамі па ініцыятыве вышэйстаячых парт. органаў толькі аднаго кандыдата на адно дэпутацкае месца, якая праіснавала да канца 1980-х г. Паводле Канстытуцыі СССР 1977 і прынятых у адпаведнасці з ёй рэсп. канстытуцый, Саветы атрымалі новую назву — Саветы нар. дэпутатаў, павялічаны тэрмін іх дзейнасці: Вярх. Саветаў СССР, саюзных і аўт. рэспублік з 4 да 5 гадоў, мясц. Саветаў — з 2 да 2,5 года. У час перабудовы (1985—91) адбывалася пэўная дэмакратызацыя дзейнасці Саветаў, у прыватнасці, пачалося вылучэнне больш як аднаго кандыдата на адно дэпутацкае месца, намецілася аднаўленне шматпартыйнасці. Закон ад 1.12.1988 унёс змены ў Канстытуцыю 1977, паводле якіх у якасці вышэйшага звяна сістэмы Саветаў уводзіліся з’езд народных дэпутатаў СССР, з’езды нар. дэпутатаў саюзных і аўт. рэспублік (у БССР не праводзіліся); тэрмін дзейнасці мясц. Саветаў павялічваўся да 5 гадоў. З увядзеннем у 1990—91 пасад прэзідэнтаў СССР, Расіі, і некат. інш. саюзных рэспублік роля і значэнне Саветаў у цэлым паменшыліся. З ліквідацыяй у снеж. 1991 СССР сістэма Саветаў у большасці б. сав. рэспублік скасавана (у Расіі — у 1993), замест іх ствараліся новыя вышэйшыя і мясц. прадстаўнічыя органы ўлады. Сістэма Саветаў у рэфармаваным выглядзе захавалася і канстытуцыйна замацавана на Украіне і ў Беларусі.

На Беларусі сістэма Саветаў рэфармавана ў адпаведнасці з Законам БССР «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» ад 20.2.1991, у які ўносіліся змены і дапаўненні ў 1995, 1996, 1997. Мясц. Саветы (акрамя сельскіх) пазбаўлены выканаўча-распарадчых функцый шляхам фактычнага аддзялення ад іх адпаведных выканкомаў, якія падсправаздачныя вышэйстаячым выканкомам і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. Саветы зацвярджаюць старшынь выканкомаў, якіх рэкамендуюць на гэтую пасаду старшыні вышэйстаячых выканкомаў, а старшынь абл. выканкомаў і выканкома Мінска — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 Саветы нар. дэпутатаў перайменаваны ў С.д. Да 1996 С.д. Беларусі складалі адзіную сістэму на чале з Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў Канстытуцыю 1994 па выніках усенар. рэферэндуму 24.11.1996, замест Вярх. Савета створаны новы прадстаўнічы орган улады — Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусь. С.д. захаваліся як мясц. прадстаўнічыя органы дзярж. улады на тэр. адм.-тэр. адзінак і асн. звяно мясц. самакіравання. Дэпутаты С.д. базавага ўзроўню (раённыя, гарадоў абл. падпарадкавання) выбіраюць у Савет Рэспублікі Нац. Сходу па 8 дэпутатаў ад кожнай вобласці і Мінска. Больш падрабязна пра дзейнасць мясц. Саветаў Беларусі гл. ў арт. Мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Літ.:

Петриков П.Т. Советы депутатов трудящихся БССР и их роль в создании материально-технической базы коммунизма (1959—1965 гг). Мн., 1972;

Круталевич В.А. На путях национального самоопределения: БНРБССР—РБ. Мн., 1995.

А.​А.​Галаўко.

т. 14, с. 55

САВЕ́ТЫ З’Е́ЗДАЎ ПРАДПРЫЕ́МЦАЎ у Расіі,

пастаянныя выканаўчыя органы прадстаўнічых арг-цый рус. буржуазіі — усерас., раённых, галіновых з’ездаў, якія дзейнічалі ў апошняй чвэрці 19 — пач. 20 ст. Выбіраліся на з’ездах прадпрыемцаў, дзейнічалі на падставе зацверджаных урадам статутаў. Былі цесна звязаны з дзярж. апаратам. Узначальваліся прадстаўнікамі дзелавой бурж. інтэлігенцыі, рашуча выступалі супраць рабочага руху. Іх значэнне ўзмацнілася ў 1-ю сусв. вайну 1914—18, калі яны выступілі ініцыятарамі мабілізацыі прам-сці, і асабліва пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917, пры Часовым урадзе. У 1917 налічвалася больш за 30 С.з.п., у т. л. 3 агульнарас. арг-цыі: саветы з’ездаў прадстаўнікоў прам-сці і гандлю (1906—18), біржавога гандлю і сельскай гаспадаркі (1905—18), акц. камерцыйных банкаў (1873—1918). Найб. уплывовыя раённыя і галіновыя саветы з’ездаў: горнапрамыслоўцаў Поўдня Расіі (1874—1918, Харкаў) і Урала (1898—1917, Екацярынбург, з 1905 Пецярбург), бакінскіх нафтапрамыслоўцаў (1884—1920, Баку), металаапрацоўчай прам-сці (1916—18, Петраград).

т. 14, с. 56

САВЕ́ТЫ НАРО́ДНАЙ ГАСПАДА́РКІ,

гл. ў арт. Вышэйшы савет народнай гаспадаркі.

т. 14, с. 56

САВЕ́ТЫ РАБО́ЧЫХ ДЭПУТА́ТАЎ,

гл. ў арт. Саветы дэпутатаў.

т. 14, с. 56

САВЕ́ТЫ РАБО́ЧЫХ І САЛДА́ЦКІХ ДЭПУТА́ТАЎ,

выбарныя паліт. арг-цыі працоўных гарадоў, пасёлкаў і мястэчак, а таксама гарнізонных ваеннаслужачых у Расіі ў 1917—18. Гл. ў арт. Саветы дэпутатаў.

т. 14, с. 56