САВЕ́РЧАНКА (Іван Васілевіч) (н. 2.4.1962, в. Маліноўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, гісторык. Д-р філал. н. (2000). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1983). З 1988 працуе ў Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. Даследуе гісторыю і тэорыю л-ры, гісторыю і філас. думку Беларусі, культурнае ўзаемадзеянне еўрапейскіх народаў перыяду Рэнесансу, Рэфармацыі і барока, праблемы дзяржаўнасці і адукацыі. Аўтар прац: «Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.», «Астафей Валовіч», «Канцлер Вялікага Княства: Леў Сапега» (усе 1992), «Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар» (1993), «Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі» (1994), «Хрысціянскі катэхізіс у кніжна-пісьмовай культуры ўсходніх славян эпохі Адраджэння і барока» (1998) і інш., навукова-папулярных артыкулаў пра Ф.​Скарыну, Міколу Гусоўскага, І.​Пацея, А.​Рымшу, С.​Косава, Кірылу Тураўскага, М.​Сматрыцкага, М.​Радзівіла Чорнага і інш. Працы С. вылучаюцца багаццем фактычнага матэрыялу, грунтоўнасцю навук. аналізу.

Тв.:

Aurea mediocritas: Кніжна-пісьмовая культура Беларусі: Адраджэнне і ранняе барока. Мн., 1998.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)