Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛІМО́Ж (Limoges),

горад у цэнтр. ч. Францыі, на р. В’ена. Адм. ц. дэпартамента Верхняя В’ена і гал. горад гіст. вобласці Лімузен. 133 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Прам-сць: фарфора-фаянсавая, гарбарна-абутковая, паліграфічная. Цэнтр вытв-сці Ліможскай эмалі. Ун-т. Музеі: гарадскі, керамікі. Арх. помнікі: раманска-гатычны сабор Сент-Эцьен (12—16 ст.), гатычныя цэрквы (12—15 ст.), барочны палац епіскапа (18 ст.), шматлікія гатычныя і рэнесансавыя жылыя дамы.

т. 9, с. 261

ЛІМО́ЖСКАЯ ЭМА́ЛЬ,

вырабы з медзі з размалёўкай непразрыстай эмаллю майстроў з г. Лімож (Францыя) 15—17 ст. Яе вытокі — у мясц. традыцыях эмальернага мастацтва 12—15 ст. На развіццё паўплывалі маст. прынцыпы познагатычнага вітража, флам. і італьян. жывапісу. Т.зв. старая школа (апошняя чвэрць 15—1-я чвэрць 16 ст.) прадстаўлена пераважна культавымі рэчамі (абразы-складні, трыпціхі, рэлікварыі) з паліхромнымі кампазіцыямі на рэліг. сюжэты. Творы вызначаліся святочна яркай размалёўкай, увядзеннем у яе ліній і плям з золата, пераходам ад тэхнікі перагародчатай эмалі да размаляванай, блізкай да станковага жывапісу (майстар Н.​Пеніко), ад гатычных форм да рэнесансавых. Каля 1530 узнікла т. зв. новая школа, вырабы якой мелі пераважна свецкі характар (скрыначкі, блюды, чашы, збаны, пласціны-партрэты). Аздабляліся копіямі з гравюр А.​Дзюрэра, Рафаэля і інш. у тэхніцы грызайль на каляровым фоне, партрэты выконвалі па малюнках Ж.​Клуэ і яго паслядоўнікаў. Дэкор абрамлення блізкі да маньерыстычнай школы Фантэнбло (майстар Л.​Лімазен). У сярэдзіне 17 ст. вытв-сць Л.э. заняпала.

Да арт. Ліможская эмаль. Рэлікварый са сцэнамі з легенды пра святую Валерыю. Канец 12 ст.

т. 9, с. 261

ЛІМО́Н (Citrus limon),

кветкавая расліна сям. рутавых. Радзіма — Паўд. і Паўд.-Усх. Азія. У 11 ст. завезены ў Міжземнамор’е. Культывуецца ў тропіках і субтропіках. На Беларусі вырошчваецца ў аранжарэях і пакоях. Сарты — Паўлаўскі, Меера, Грузінскі, Нова-Грузінскі, Віла-Франка і інш.

Вечназялёнае дрэва выш. 1,5—7 м. Галіны часцей з калючкамі. Лісце скурыстае, авальна-падоўжанае на кароткіх чаранках са спецыфічным пахам. Кветкі двухполыя, белыя, духмяныя, адзіночныя або ў гронках. Самаапыляецца, цвіце і пладаносіць амаль увесь год. Плод — шматгнездавая ягада, мае ў сабе к-ты (3,5—8,1 мг %), вітаміны C (45—140 мг %), A, B, P, цукар (1,9—3%) і інш. Лек. расліна. З пладоў Л. прыгатаўляюць сокі, канцэнтраты, варэнне, мармелад, лімонную к-ту, тэхн. і эфірны алей.

У.​П.​Пярэднеў.

Лімон.

т. 9, с. 261

ЛІМО́Н ((Limon) Хасэ) (сапр. імя Аркадыо; 12.1.1908, г. Кульякан, Мексіка — 2.12.1972),

амерыканскі танцоўшчык і харэограф; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў амер. танца мадэрн. З 1915 у ЗША. З 1928 вучыўся танцу мадэрн у Д.Хамфры і Ч.​Вейдмана (у 1930—40 у іх трупе), у 1945 — класічнаму танцу ў Э.Цюдара і інш. З 1945 кіраваў уласнай трупай (Трупа Лімона; да 1958 разам з Хамфры). У мужчынскім танцы выпрацоўваў энергічны, атлетычны стыль. Сярод пастановак: «Чакона ў рэ мінор» на муз. І.​С.​Баха (1940), «Павана Маўра» Г.​Пёрсела і «Выгнаннікі» на муз. А.​Шонберга (1949), «Імператар Джонс» Э.​Вілы-Лобаса (1956), «Кароткая меса ваенных часоў» на муз. З.​Кодая (1958; выканаў гал. партыю), «Крылатыя» Джонсана (1966), «Танцы для Айседоры» на муз. Ф.​Шапэна (1971), «Арфей» на муз. Л. Бетховена (1972), «Не апетыя» (1970) і «Карлота» (1972) без муз. суправаджэння.

т. 9, с. 261

ЛІМО́ННАЯ КІСЛАТА́,

2-гідроксі-1,2,3-прапантрыкарбонавая кіслата, (HO)OCCH2 C(OH)COOH, арганічная трохасноўная кіслата. Належыць да класа оксікіслот, малекулярная маса 192,12. Добра раствараецца ў вадзе і спірце, з воднага раствору пры т-ры ніжэй за 36,5 °C крышталізуецца ў выглядзе монагідрату. Адыгрывае важную ролю ў працэсах вугляводнага абмену і дыхання клетак. У адрозненне ад жывёл шэраг раслін і мікраарганізмаў назапашваюць Л.к. ў вял. колькасці (6—8% у пладах цытрусавых, 8—14% у сцёблах махоркі, да 10% у культ. вадкасці грыбка Aspergillus niger). Асн. прамысл. спосаб атрымання Л.к. — лімоннакіслае браджэнне цукроў ці патакі з дапамогай грыбка Aspergillus niger; здабываюць таксама з пладоў лімона, лісця бавоўніку і інш. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці напіткаў, кандытарскіх вырабаў, медыцыне (для кансервавання крыві), фарбаванні, вырабе пластмас, фатаграфіі.

т. 9, с. 261

ЛІМО́ННАЯ МЯ́ТА,

гл. ў арт. Меліса.

т. 9, с. 262

ЛІМО́ННІК (Schizandra),

род кветкавых раслін сям. лімоннікавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. і Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны Л. кітайскі (S. chinensis).

Лістападныя ліяны даўж. да 15 м. Лісце простае, эліпсоіднае, пры расціранні мае пах лімона (адсюль назва). Кветкі звычайна аднаполыя, духмяныя. Плод — сакаўная шматлістоўка ў выглядзе гронкі з ягадападобных 1—2-насенных плодзікаў, ядомы. Мае ў сабе арган. к-ты, вітаміны, цукар, эфірны алей. Дэкар., лек. і пладовыя расліны.

У.​П.​Пярэднеў.

Лімоннік.

т. 9, с. 262

ЛІМПО́ПА (Limpopo),

Кракадзілавая, рака ў Паўд. Афрыцы, Паўд.Афр. Рэспубліцы і Мазамбіку. У сярэднім цячэнні ўтварае мяжу паміж ПАР і Батсванай, ПАР і Зімбабве. Даўж. 1600 км, пл. бас. 440 тыс. км². Бярэ пачатак на паўн. схілах хр. Вітватэрсранд, у вузкай цясніне перасякае ўсх. ўскраіну Паўд.-Афрыканскага нагор’я, цячэ па Мазамбікскай нізіне, упадае ў Іцдыйскі ак. Гал. жыўленне ад прытокаў, што сцякаюць з вільготнага плато Матабеле і ад р. Уліфантс (справа). Сярэдні расход вады каля 800 м³/сек. У сезон летніх дажджоў (снеж.лют.) узровень вады ў ніжнім цячэнні павышаецца на 5—7 м. Суднаходная на 160 км ад вусця. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 9, с. 262

ЛІМУЗЕ́Н (Limousin),

гістарычная вобласць у цэнтр. ч. Францыі. Уключае дэпартаменты Верхняя В’ена, Карэз, Кроз Пл. 16,9 тыс. км². Нас. каля 750 тыс. чал. (1995). Гал. горад і прамысл. цэнтр.Лімож. Уся тэр. ў межах Цэнтральнага Французскага масіву, на плато Лімузен. Клімат умераны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Пераважна с.-г. раён.

Найб. развіта жывёлагадоўля — развядзенне буйн. раг. жывёлы (у т. л. племянной), свіней, авечак. Пасевы пшаніцы, жыта, ячменю, грэчкі, бульбы, кармавых культур. У далінах вырошчваюць агародніну, садавіну, тытунь. Здабыча кааліну, уранавай руды. ГЭС на рэках Дардонь і Везер. У прам-сці пераважаюць тэкст. і харч. прадпрыемствы.

т. 9, с. 262

ЛІМУЗІ́Н (франц. limousine ад назвы гіст. вобласці Лімузен),

кузаў закрытага тыпу легкавога аўтамабіля. Мае зашклёную перагародку, што аддзяляе пярэдняе сядзенне ад астатняй часткі кузава. Выкарыстоўваецца ў вял. аўтамабілях вышэйшага класа.

т. 9, с. 262