ЛІМО́Н ((Limon) Хасэ) (сапр. імя Аркадыо; 12.1.1908, г. Кульякан, Мексіка — 2.12.1972),

амерыканскі танцоўшчык і харэограф; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў амер. танца мадэрн. З 1915 у ЗША. З 1928 вучыўся танцу мадэрн у Д.Хамфры і Ч.​Вейдмана (у 1930—40 у іх трупе), у 1945 — класічнаму танцу ў Э.Цюдара і інш. З 1945 кіраваў уласнай трупай (Трупа Лімона; да 1958 разам з Хамфры). У мужчынскім танцы выпрацоўваў энергічны, атлетычны стыль. Сярод пастановак: «Чакона ў рэ мінор» на муз. І.​С.​Баха (1940), «Павана Маўра» Г.​Пёрсела і «Выгнаннікі» на муз. А.​Шонберга (1949), «Імператар Джонс» Э.​Вілы-Лобаса (1956), «Кароткая меса ваенных часоў» на муз. З.​Кодая (1958; выканаў гал. партыю), «Крылатыя» Джонсана (1966), «Танцы для Айседоры» на муз. Ф.​Шапэна (1971), «Арфей» на муз. Л. Бетховена (1972), «Не апетыя» (1970) і «Карлота» (1972) без муз. суправаджэння.

т. 9, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)